– Трэба, каб вы на свае вочы пабачылі, якую прыгажосць сваімі рукамі стварае наш памочнік выхавальніка Алена Мікалаеўна Астапчук. Да кожнага свята яна прыдумвае новыя дэкарацыі, ды і многа іншых яе вырабаў упрыгожваюць кожны куточак нашага садка. Таму ўдзячны ёй не толькі мы, але і бацькі. Бо дзеці трапляюць сюды, нібы ў казку, – расказала загадчыца Давыд-Гарадоцкага дзіцячага ясляў-садка № 2 “Жар-Птушка” Ірына Аляксандраўна Місюра.Еду глядзець на свае вочы. Майстрыха на ўсе рукі Алена Мікалаеўна сустракае ў спартыўнай зале. Пасярод яго стаіць камін, зроблены да навагодніх святаў. Па баках белыя ёлачкі з чырвонымі цацкамі і мноствам сняжынак. А на шторах вісяць шкарпэткі для падарункаў.
– Я ніколі не шкадую часу на гэты занятак. Наадварот, імкнуся ўсе свае хатнія справы дарабіць, каб хутчэй узяцца за свае нажніцы. У ход ідзе звычайна папера, пенапласт, фааміран, пустыя каробкі, алоўкі, фарбы. Аднойчы я засядзелася да чатырох гадзін раніцы за работай. Падымаю вочы, а на вуліцы ўжо светла. Жаданне тварыць ідзе з душы.
– Вашы калегі здзіўляюцца, адкуль вы чэрпаеце ідэі?
– Як і ўсе сучасныя людзі, карыстаюся інтэрнэтам. Там можна падглядзець нейкія методыкі, задумкі, а вось выконваю абавязкова па-свойму. Мне важна, каб мае работы былі індывідуальныя, са сваёй “разынкай”. І вельмі прыемна, калі людзі падыходзяць і просяць парады.
Але мала хто ведае, што па спецыяльнасці Алена Мікалаеўна – прадавец. Скончыла сярэднюю школу № 2 Давыд-Гарадка і адразу выйшла замуж. Пасля нараджэння старэйшага сына Аляксандра крыху працавала ў прыватным магазіне. Потом нарадзіўся Міхаіл, які зараз вучыцца ў другім класе.
Алена Мікалаеўна заўсёды любіла дзяцей, таму і папрасілася ў дзіцячы садок. Спачатку год працавала ў дзіцячым садку № 1 нянечкай. А калі адчыніўся дзіцячы садок “Жар-Птушка” – перайшла сюды памочнікам выхавальніка. Дзеці ад яе проста ў захапленні. Ды і сама жанчына знаходзіць агульную мову нават з самымі маленькімі, якім толькі па два-тры гады. Сярод метадаў выхавання Алены Мікалаеўны, канешне, творчасць. Яна цярпліва паказвае дзецям, як і што трэба загінаць, клеіць, ляпіць, адразаць і так далей. Творчасць дапамагае дзеткам развіваць не толькі маторыку рук, яна вучыць іх кемлівасці і ўменню даводзіць справу да канца. Потым работы дзетак займаюць месца на выставах, якія наведваюць бацькі і ганарацца талентамі сваіх дзяцей.
Трэба дадаць, што работы Алены Мікалаеўны займаюць месца не толькі ў дзіцячым садку. Сцены ўнівермага ўпрыгожвае вялікая карціна з макамі. Яе кампазіцыя “Млын”, якую яна рыхтавала да абласных дажынак, заняла прызавое першае месца ў раёне. Касцюмы Снегавіка, Хлапушкі і іншых для дзіцячых ранішнікаў – таксама яе рук справа. А нядаўна яна давала майстар-клас у Століне, дзе паказвала, як рабіць ляльку-матанку.
У планах жанчыны многа задумак, якія яна хоча рэалізаваць. Галоўнае, знайсці час. Напрыклад, у наступным годзе яна жадае стаць студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.
– Вучыцца ніколі не позна, – са шчырай усмешкай кажа Алена Мікалаеўна.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота
аўтара