Госць сённяшняга навагодняга нумара – цікавая жанчына, якой ёсць што расказаць пра сваю работу, актыўную грамадзянскую пазіцыю, сям’ю. Дырэктара Лядзецкага НПК яслі-сад СШ Аксану Мікалаеўну Ляшук ведаю даўно. І штораз сустракаючыся з ёю, уражваюся яе разважлівасці, жыццёвай мудрасці, а таксама дасягненнямі ўстановы адукацыі, якую яна ўзначальвае.
– Аксана Мікалаеўна, якія асноўныя дасягненні адыходзячага года – асабістыя, установы адукацыі, грамадства?
– Пачну са сваёй установы адукацыі. У пачатку 2018 года мы атрымалі новы аўтобус для падвозу дзяцей, які нам быў вельмі неабходны на замену старога. З поспехам прайшлі працэдуру акрэдытацыі нашай установы. Спадзяюся, што ў 2019 атрымаем пасведчанне аб акрэдытацыі.
2018 стаў годам актыўнага ўдзелу нашых вучняў, педагогаў у самых розных конкурсах, мерапрыемствах ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню.
На мінулым тыдні настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Іванаўна Ханавец з нашай выпускніцай Наталляй Ляшкевіч атрымала Дыплом 3 ступені ў Рэспубліканскім конкурсе творчых і навукова-даследчых работ “Тут родныя трымаюць карані”.
У абласным конкурсе на лепшы праект аздараўленчага лагера ў намінацыі “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне” атрымалі пахвальны водгук.
У раённай навукова-практычнай канферэнцыі ў нашай установы два дыпломы і мы рыхтуем іх для ўдзелу ў абласным этапе канферэнцыі.
Парадавалі дасягненні педагогаў. Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Святлана Рыгораўна Царык разам са мною прыняла ўдзел у ІІ Міжнародным конкурсе педагагічнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці”. Як вынік удзелу – пахвальны ліст.
У раённым этапе абласнога конкурсу навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Усё сэрцу міла на маёй радзіме” наш дуэт са Святланай Рыгораўнай адзначаны Дыпломам ІІІ ступені.
У адыходзячым годзе закончылася работа па ўкараненні інавацыйнага праекта, над якім мы працавалі тры гады. Праект праходзіў на рэспубліканскай пляцоўцы Міністэрства адукацыі па ўплыве гістарычных даследаванняў на фарміраванне сацыяльна-грамадзянскай пазіцыі. Па гэтай тэме стварылі ў раёне рэсурсны цэнтр. І зараз дзелімся вопытам, аказваем метадычную дапамогу.
Многа ў вучняў і педагогаў раённых дыпломаў. Яшчэ чакаем вынікаў. Радуе тое, што мы заявілі пра сябе на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Калі гаварыць пра грамадскасць, то мяне, як дэпутата, радуе, што пачаты рамонт Лядзецкага дома культуры. Гэта будзе значная дапамога і нашай установе адукацыі, якая не мае сваёй залы і месца для правядзення мерапрыемстваў.
У асабістым жыцці радуе тое, што ўсе родныя жывыя і здаровыя. Значнай падзеяй адыходзячага года стала вяселле маёй малодшай дачушкі Святланы.
– Чаго чакаеце ад 2019 года?
– Чакаем вынікаў ужо зробленага, спадзяёмся на новыя перамогі. Мы плануем дапрацаваць новы інавацыйны праект з падтрымкай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і пачнём яго рэалізацыю.
Спадзяюся, што да вясны адрамантуюць наш Дом культуры і школьны выпускны баль мы правядзём там. Яшчэ сярод чаканняў на 2019 год – газіфікацыя Лядца, каб газ прыйшоў у дамы ўсіх жадаючых аднавяскоўцаў.
У сям’і чакаем дзве важныя падзеі. У першы клас пойдзе наша старэйшая ўнучачка Софія. Для нас, як для сям’і педагогаў, гэта вельмі важная падзея. І чакаем папаўнення ў сям’і.
– Які ваш самы памятны Новы год?
– Самыя памятныя засталіся ў дзяцінстве. Калі мы чакалі Дзеда Мароза, чакалі свята. З сёстрамі дома ўпрыгожвалі ёлку, а пасля спявалі каля яе. Пасля чакалі падарункаў. Святкавалі ў нашай маласямейцы ўсе разам, збіраліся цэлымі сем’ямі. З узростам адчуванне свята сціраецца. Ты стараешся сам зрабіць падарункі дзецям, унукам, родным, для іх стварыць атмасферу свята і добрага настрою.
– Вашы пажаданні чытачам “Навін Палесся”.
– Няхай новы год будзе напоўнены толькі добрымі плённымі падзеямі. Каб мы сваімі справамі паднялі наш раён на новую прыступку. Каб працавалі зладжана ва ўсіх калектывах, дапамагалі на месцах вырашаць задачы, якія пастаўлены кіраўніцтвам краіны.
Няхай новы год прыйдзе ў нашы сем’і і дамы са здароўем, дабрынёю, каханнем, вераю. Каб спраўдзіліся ўсе нашы спадзяванні, надзеі і мары. З надыходзячым!
– Аксана Мікалаеўна, і вас з надыходзячымі святамі і ўсяго найлепшага!
Таццяна СЕГЕН