Шчасце – спяваць
Жанчыны ў бялюткіх вышываных кашулях і фартушках спяваюць народныя песні. Спяваюць так, як гэта рабілі яшчэ іх матулі. За кожнай песняй – лёс, жыццё.
Аўтэнтычны гурт “Шчадрухі” з вёскі Забалацце быў створаны ў 1974 годзе. Удзельніцы гэтага калектыву спявалі абрадавыя, пазаабрадавыя, жартоўныя і сумныя песні, танчылі полькі – “мазурку”, “весялуху”, “Цар за горадам гуляе”, “Суботу”, захоўвалі традыцыі народных мясцовых абрадаў “Шчодрыкі”, “Вялікдзень”, “Пакровы”. У 2004 годзе гуртоўцы прынялі ўдзел у здымках тэлефільма “Шчодрыкі ў Забалацці”.
У 2017 годзе калектыў аднавіў сваю дзейнасць. Зараз ў ім 10 жанчын. Мастацкі кіраўнік – Галіна Іванаўна Тукач. З ранейшага складу засталася Зінаіда Паўлаўна Прыдыбайла, галоўная захавальніца традыцый калектыву. Аўтэнтычны гурт “Шчадрухі” прыняў удзел у Х Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”. У яго выкананні зноў загучалі песні з былога рэпертуару : “Прапалола дзеўка васілёчкі”, “Ой, ты, сонца яснае”, “Пасею гурочкі”, “І туды гара, і сюды гара” і іншыя.
У складзе гурта не так даўно з’явілася новая салістка Ганна Іваненка, якая валодае моцным, прыгожым голасам. Ганна Арцёмаўна – дбайная гаспадыня, вельмі любіць спяваць старадаўнія песні, песні савецкага часу, даспадобы ёй і жартоўныя байкі. Ганна Іваненка з песняй “Азярэчка” будзе прадстаўляць Акцябрскі раён на канцэрце-прэзентацыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў г. Мінску. Яна пераканана: каб быць шчаслівым – трэба спяваць!
Напярэдадні Дня работнікаў культуры віншуем усіх удзельнікаў калектыву са святам і жадаем далейшых поспехаў у творчай дзейнасці. Здароўя, натхнення вам, добрага настрою і новых цудоўных песень на радасць гледачам і слухачам!