Стук-стук! Хто там?

Источник материала:  

Сёння, 9 кастрычніка ўсе паштовыя работнікі свету адзначаюць сваё прафесійнае свята – Сусветны дзень пошты.

Стук-стук! Хто там?

Пошта ў Беларусі ўвогуле – найбуйнейшая камунікатыўная сетка, якая прысутнічае амаль у кожным населеным пункце. Таму ў будынках паштовых аддзяленняў заўсёды людна, асабліва калі надышоў дзень “N” – дзень атрымання пенсіі.
Зразумела, для старэйшых людзей, якія ўсё жыццё пражылі ў вёсцы, паход на “пошту” раўназначны паходу ў магазін. І газеты, часопісы выпісаць, і лісты ці пасылкі адправіць, і купіць неабходныя рэчы можна, і проста сустрэцца з аднавяскоўцамі, абмеркаваць апошнія навіны.
Паштовае аддзяленне вёскі Хорск – адно з лепшых у раёне. Тут працуюць усяго два чалавекі – начальнік аддзялення паштовай сувязі Ганна Канстанцінаўна Козел і паштальён Таццяна Генадзьеўна Вярэніч.
– Людзі прыходзяць на пошту по розных прычынах, – расказвае Ганна Козел. – У асноўным – камунальныя плацяжы, грашовыя пераводы, адпраўка лістоў ці пасылак. Купляюць таксама прадукты харчавання, выпісваюць перыёдыку. Але з апошнім справы лепей ідуць, калі наш паштальён завітвае ў госці. Лідар па падпісцы – раёнка “Навіны Палесся”, якіх на гэты квартал выпісана 222 экзэмпляры. Потым ідуць “СБ. Беларусь сегодня” – 41, “Сельская газета”, “Заря” – менш за 20. Канешне, людзям лепей і цікавей чытаць аб падзеях раёна, што тычыцца іх у першую чаргу.
Вялікая адказнасць у паштальёна і ў той дзень, калі яна разносіць пенсію. Бывае, што за дзень трэба абысці больш за 40 адрасоў. Усяго на абслугоўванні больш за 300 пенсіянераў. І ў цёмны час сутак Таццяна Вярэніч просіць дапамагчы разносіць грошы мужа ці сына. Так бяспечней.
– Бываюць нават камічныя выпадкі, — успамінае Таццяна Генадзьеўна. – Аднесла адной бабулі пенсію, тая распісалася. А праз некалькі дзён мне тэлефануюць супрацоўнікі міліцыі. Ну, я адразу пачала ўзгадваць дзе і што нарабіла. А нічога не ўспамінаецца. Праверылі мяне, запісалі ўсё. А потым высветлілася, што да той бабулькі ў госці прыехала ці то дачка, ці то ўнучка. Ну, яна і вырашыла пачаставаць цукеркамі. Паглядзела ў тым месцы, дзе звычайна хавала грошы, а іх няма. Каравул! Міліцыя! Грошы ўкралі! Але хутка прапажа знайшлася – у іншым месцы, пра якое бабуля і запамятавала.
А яшчэ пажылыя людзі вельмі часта ў дзень атрымання пенсіі тэлефануюць у аддзяленне пошты і заказваюць тавары, якія ім хацелася б набыць. Даводзіцца ім прыносіць дадому і муку, і цукар, і макароны, крупы. Нам няцяжка, а ім – прыемна. Усе мы аднавяскоўцы і ведаем кожнага з дзяцінства. Трэба быць адкрытым да людзей. Так і працаваць лягчэй.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

←Большая проверка для военнообязанных запаса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика