Новы дзень – новыя справы

Источник материала:  

Днямі настаўнік Курыціцкай школы Васіль Ганусевіч стаў удзельнікам абласнога ўрачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да Дня настаўніка, дзе атрымаў за шматгадовую працу і яе вынікі Ганаровую грамату аблвыканкама. Напярэдадні гэтай падзеі мы сустрэліся з Васілём Урэставічам у час перапынку паміж урокамі. Хуткі на словы, як і на любыя справы, педагог дакладна і змястоўна расказаў пра сябе і вучняў.

Скончыўшы Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту і выканаўшы свой вайсковы абавязак у пачатку дзевяностых, Васілю Ганусевічу давялося паспрабаваць сябе ў многіх прафесіях. Ужо была сям’я і трэба было забяспечваць яе. Нейкі час працаваў нават у калгасе, больш для таго, каб атрымаць дом. Нечакана прапанавалі перайсці працаваць у школу. Тады яе дырэктар Іван Кавальчук паклікаў, а загадчык аддзела адукацыі Лілія Гросвальд дапамагла прыняць правільнае рашэнне.

Потым было навучанне ў Мазырскім педуніверсітэце на факультэце працоўнага навучання. Праз некалькі гадоў зноў вярнуўся туды ў якасці студэнта атрымліваць спецыяльнасць настаўніка гісторыі і педагога сацыяльнага. Так па чарзе з жонкай Алай Міхайлаўнай, якая працуе таксама ў школе настаўнікам пачатковых класаў, атрымалі пяць дыпломаў на дваіх, чатыры з якіх – педагагічныя спецыяльнасці.

Новы дзень –  новыя справы

– Вельмі добра, што працуем разам з жонкай, – разважае Васіль Урэставіч. – Гэта паразуменне, узаемавыручка, падтрымка, можам і дома абмеркаваць тое, на што не хапіла часу на працы, падказваем адзін аднаму, раімся.

Усе дзевятнаццаць гадоў сваёй педдзейнасці настаўніку давяралі быць класным кіраўніком, пераважна – у старэйшых класах. Сёлета ён будзе выпускаць свой першы клас, з якім працуе з самага пачатку. Упэўнены, што розніцы ў тым няма, колькі гадоў працуеш з класам. Падыход да дзяцей знаходзіць хутка. І яны ідуць да яго з адкрытымі сэрцамі. Мяркуе, што, магчыма, з-за таго, што мужчын-настаўнікаў мала і дзеці да іх ставяцца з асаблівай сімпатыяй. А некаму проста не хапае мужчынскага выхавання ў сям’і.

Галоўнай задачай для сваіх вучняў Васіль Ганусевіч ставіць – стаць чалавекам, адказным за свае ўчынкі, за родных і блізкіх, за свой край. Таму на ўроках і гуртковых занятках прывівае ім любоў да сваёй радзімы. Радуецца, калі ў школу прыходзяць яго выпускнікі і расказваюць пра першыя крокі ў дарослым жыцці, дасягненні і паражэнні.

А пакуль вучні побач, знаходзіць цікавыя заняткі для сябе і іх. Многа гадоў запар яго навучэнцы становяцца пераможцамі раённай краязнаўчай алімпіяды, летась занялі ІІІ месца на абласным этапе алімпіяды. Штогод бываюць раённымі дыпламантамі ў алімпіядзе па тэхнічнай працы. І гэта з улікам таго, што ў школе няма спецыялізаваных майстэрань і адпаведна ўмоў для дасканалай падрыхтоўкі. Яго выхаванцы гуртка “Юныя турысты” летась сталі ўдзельнікамі абласнога конкурсу “Класная каманда”. Дало вынікі і новае захапленне: першыя перамогі ў раённым конкурсе атрымалі яны з гурткоўцамі ў стэндавым мадэлізме. “Свежыя” мадэлі танкаў і самалётаў занялі ганаровыя месцы ў кабінеце гісторыі. У задуме надалей: стварэнне аб’ёмнай панарамы бою.


Новы дзень –  новыя справы

Новае захапленне: стэндавае мадэліраванне

– Асабісты інтарэс настаўніка нараджаецца з запатрабаванняў вучняў, – тлумачыць педагог рознабаковасць сваіх заняткаў. – Важна знайсці цікавую справу, даць магчымасць дзецям паспрабаваць сябе ва ўсім. Каб потым, падрослыя і самастойныя, тыя змаглі зрабіць правільны выбар прафесіі, ладу жыцця, проста жыццёвага захаплення.

Уласныя дзеці Васіля Урэставіча і Алы Міхайлаўны такія ж зацятыя і апантаныя справай, якая на іх ускладзена. Пра Максіма, цяпер выпускніка Гомельскага дзяржаўнага ліцэя, як пра пераможцу шматлікіх конкурсаў і алімпіяд мы пісалі раней. Сёлета ён быў уладальнікам чацвёртага месца ў рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай адукаванасці і другога – у абласной алімпіядзе па фізіцы. Галоўнае захапленне хлопца – вучыцца. І тое ён, бясспрэчна, атрымаў ад бацькоў.

Алена заканчвае дзявяты клас. Як і брат, плануе быць навучэнкай Гомельскага ліцэя. І хаця па складзе мыслення яна гуманітарый, лёгкага шляху не шукае: займаецца матэматыкай, фізікай і геаграфіяй. У гэтым накірунку будзе выбіраць сабе прафесію.

– Сваю галоўную ўзнагароду ў жыцці я ўжо атрымаў, – упэўнены Васіль Урэставіч. – Гэта мая сям’я, выдатныя жонка і дзеці, з якімі я магу любіць сваю работу, аддавацца ёй настолькі, наколькі таго патрабуюць мае вучні і маё сумленне. Ды і дома мы адно цэлае. Трымаем гаспадарку. А як інакш у вёсцы? Калі не, то ты – гультай. Так казаў некалі мой свёкар. Гаспадарка – гэта дадатковы прыбытак у сям’ю, цікавы занятак і здароўе, бо ведаеш, што ўсё чыстае і экалагічнае. А калі пайду на пенсію, куплю карову. І яшчэ больш часу буду аддаваць любімым заняткам – рыбалцы і лесу. Але ж пажывём – пабачым.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Жыццё пад гоман лесу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика