Жыхары Ярэміцкага сельскага Савета сваёй малой радзімай ганарацца, і не без падстаў. Менавіта тут нарадзіўся і жыў Герой Савецкага Саюза, удзельнік дзвюх войнаў Уладзімір Зянонавіч Царук. Ярэміцкія вёскі знаходзяцца бадай што ў самым маляўнічым куточку Карэліцкага раёна: грыбныя лясы, паўнаводны Нёман, ласкавая Уша вабяць не толькі мясцовых, але і мінакоў. Гараджане з задавальненнем купляюць тут дамы пад дачы. Сельсавет жыве няспешным, але поўным жыццём.
Пытанне забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва на тэрыторыі Ярэміцкага сельскага Савета аказалася ў цэнтры ўвагі сумеснага выязнога пасяджэння Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
Адпраўной кропкай рабочага дня кіраўніцкага і дэпутацкага корпусаў стала вёска Сіняўская Слабада. Па словах старшыні Ярэміцкага сельскага Савета Пятра Анатольевіча Наумовіча, пустуючых дамоў тут няма. Нашчадкі з задавальненнем уступаюць у спадчыну, а кошт звычайнага дома трымаецца на ўзроўні 5-6 тысяч долараў ЗША. У лістападзе 2017 года праведзена рэканструкцыя аўтадарогі Ярэмічы-Сіняўская Слабада з узвядзеннем жалезабетоннага маста праз раку Нёман. Мясцовыя жыхары такому падарунку рады: цяпер і хуткая дапамога, і аўталаўка, і выратавальнікі даедуць без прамаруджвання. Пётр Наумовіч з задавальненнем канстатуе: амаль адразу, як новая надзейная пераправа звязала берагі, на тэрыторыі сельсавета з’явіўся прадпрымальнік, які займаецца авечкагадоўляй.
Увогуле на добраўпарадкаванне сельскага Савета ў 2017 годзе затрачана больш 4 тысяч рублёў, на вулічнае асвятленне — амаль 9 тысяч руб., за 8 месяцаў 2018 года на добраўпарадкаванне выдаткавана больш 2 тысяч руб., на асвятленне — амаль 4 тысячы руб.
Дастаткова шчыльнай з’яўляецца сетка гандлёвых аб’ектаў. Працуюць адзін магазін спажыўтаварыства і тры гандлёвыя прыватныя кропкі. Таксама тэрыторыю сельсавета абслугоўваюць чатыры аўтамагазіна. Дарэчы, сярэднямесячны тавараабарот магазіна спажыўтаварыства складае 35 тысяч рублёў, за жнівень бягучага года — 45 тысяч руб.
Наведалі ўдзельнікі пасяджэння і Ярэміцкую сярэднюю школу, якая носіць ганаровае імя ўраджэнца Сіняўскай Слабады пісьменніка Уладзіміра Калесніка. Сёння там адукацыю атрымліваюць 78 вучняў і выхаванцаў дзіцячага сада. У мінулым навучальным годзе выпускнікі прадэманстравалі высокія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання: больш за 80 і 90 балаў.
Медыцынскія паслугі насельніцтву аказваюць Турэцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі і тры фельчарска-акушэрскіх пункты ў Ярэмічах, Скорычах і Пагарэлцы. Працуе дзённы стацыянар на 6 ложкаў, ёсць свая клініка-дыягнастычная лабараторыя, фізіятэрапеўтычны і ЭКГ-кабінет.
Асаблівы клопат мясцовай улады — адзінокія, адзінока пражываючыя вяскоўцы, людзі з інваліднасцю. Менавіта ім у першую чаргу прывозіцца паліва, садзяцца і праполваюцца бульба і іншая агародніна, устанаўліваюцца аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. 46 пажылых вяскоўцаў з 9 вёсак сельсавета абслугоўваюць сацыяльныя работнікі.
Безумоўна, лакаматывам сацыяльнай і абслугоўваючай сфер з’яўляецца сельгаспрадпрыемства. Удзельнікі нарады пабывалі на мехмайстэрнях дзяржпрадпрыемства Царука ў аграгарадку Ярэмічы. Відаць, што працаўнікоў тут шануюць, адносяцца з павагай, таму і вакансій на месца механізатара няма. Будынак мехмайстэрняў аснашчаны сістэмай ацяплення на мясцовых відах паліва. Так што людзі нават у моцныя халады працуюць у камфортных умовах. Працуе сталовая, ёсць душавыя, пральная машына. Як расказаў дырэктар ДП “Царука” Аляксандр Мікалаевіч Лейка, сярэднямесячная заработная плата механізатараў у гаспадарцы складае 670 рублёў. На сённяшні дзень на малочна-таварнай ферме “Быковічы” ідзе працэс мадэрнізацыі. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства А. М. Лейка тлумачыць: пасля рэканструкцыі новай фермы сюды перавядуць 200 галоў дойнага статка з МТФ «Вялікая Вобрына», памяшканні якой даўно не адпавядаюць сучасным патрабаванням у жывёлагадоўлі. Калі сёння на Вялікай Вобрыне адна ўмоўная галава дае 10,9 літра малака, то з пераводам пагалоўя на новую ферму плануюць атрымліваць не менш 14-15 літраў. Здача аб’екта ў эксплуатацыю плануецца на першае паўгоддзе 2019 года.
Для падвядзення вынікаў пасяджэння яго ўдзельнікі сабраліся ў Ярэміцкім Доме культуры.
Старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Леанідавіч Шайбак, станоўча ацаніўшы дзейнасць Ярэміцкага сельвыканкама па пытанні забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, акцэнтаваў увагу на далейшым выяўленні пустуючых і старых дамоў. На тэрыторыі сельсавета сёння налічваецца 68 такіх домаўладанняў. Калі нашчадкі або жадаючыя набыць жыллё ў вёсцы не знойдуцца, такія закінутыя збудаванні будуць знесены. Дарэчы, за 2012-2016 гады ў сельсавеце знесена 26 пустуючых і старых дамоў.
Чырвонай ніткай праз пленарную частку пасяджэння прайшла тэма цэнтралізаванага збору смецця. На сёняшні дзень цэнтралізаваным зборам адходаў ахоплены 10 з 16 населеных пунктаў сельсавета. Між тым, заключыўшы дагавор з камунальнай службай, вяскоўцу прыйдзецца заплаціць усяго 1 рубель 48 капеек у месяц, а смеццявоз забярэ адходы прама ад брамы.
— У Гродзенскай вобласці на сённяшні дзень маецца 205 міні-палігонаў. У Карэліцкім раёне нядаўна іх налічвалася 40, зараз ужо 20, — патлумачыў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў, — гэта складае 10% ад агульнай абласной колькасці, і гэта надта высокі паказчык. Мы будзем зніжаць яго да 5%. Ужо сёння мы бачым, што ўбраўшы міні-палігоны, на тэрыторыі Карэліччыны стала значна чысцей.
Такім чынам, да 1 красавіка 2019 года карэліцкаму камунгасу неабходна заключыць дагаворы на вываз смецця з жыхарамі Даўгінава, Зарэчча, Сіняўскай Слабады. Будуць рэкультываваны міні-палігоны, размешчаныя паблізу вёсак Баўцічы, Пагарэлка і Сіняўская Слабада.
Яшчэ адно жыццёва важнае пытанне было вырашана на сумесным пасяджэнні райвыканкама і райсавета дэпутатаў. Сеткі водазабеспячэння ў Ярэмічах і Вялікай Вобрыне будуць перададзены з баланса ДП “Царука” на баланс Карэліцкага жылкамунгаса. На 2020 год запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання, што дазволіць вяскоўцам ужываць больш якасную ваду.
Звычка працаваць талакой і падтрымліваць адзін аднаго ў складанай сітуацыі не знікла ў вяскоўцаў з цягам часу. Так, у бягучым годзе ў вёсцы Зарэчча на могілках завяршаецца агароджванне і выразка дрэў за кошт саміх вяскоўцаў. У кастрычніку плануецца агарадзіць могілкі ў Даўгінаве таксама за сродкі жыхароў. Аднавяскоўцы Вялікай Вобрыны за ўласны кошт будуць спілоўваць дрэвы на месцы спачыну сваіх продкаў.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара