Ты – доктар. І гэтым усё сказана

Источник материала:  

 

Ты – доктар.  І гэтым  усё сказана6.00. На аперацыйным стале цяжкі хворы – малады мужчына, у якога колатыя раны. Пачынаецца складаная аперацыя. Адлучыцца нельга ні на хвіліну. У руках – жыццё чалавека. І яго трэба ратаваць. Адзін за адным накладваюцца швы, асістэнты заціскаюць вены, каб спыніць крывацёк. Хоць вопыт за плячыма, усё ж шалёна б’ецца сэрца. Затое рукі працуюць хутка і дакладна. Галоўнае – выратаваць. Гадзіна, другая, трэцяя… 21.00 – аперацыя скончана. Паспелі. Пацыент будзе жыць. Гэта не ўрывак вострасюжэтнага кінафільма. Гэта работа хірурга Давыд-Гарадоцкай бальніцы Міхаіла Іванавіча Янкоўскага. Жыццё ратаваць – яго выбар, які ён зрабіў больш за 40 гадоў таму. Медыцынскі халат – яго адзенне. Бальнічныя палаты – другі дом. Прызначэнне – служыць людзям. Ён так жыве і працягвае жыць і ў свае 60. Па-іншаму не ўмее.

… Міхаіл быў малодшым з пяцярых дзяцей у сям’і старшыні калгаса “40 гадоў Кастрычніка”, Героя Сацыялістычнай Працы Івана Дзмітрыевіча Янкоўскага. Той быў не проста бацькам, але і  сапраўдным арыенцірам, на якога раўняліся. Часта паўтараў, што самае галоўнае ў любой жыццёвай сітуацыі – заставацца ЧАЛАВЕКАМ. Нават займаючы высокую пасаду, старшыня ніколі не пакідаў без увагі ні адну просьбу сваіх работнікаў. Няхай то брыгадзір ці просты даглядчык. Можа таму і зараз, калі Івана Дзмітрыевіча няма амаль 10 гадоў, усе, хто яго ведаў, коратка дадаюць: вялікі чалавек быў.

Адданасці сваёй справе вучыліся і дзеці. Калі настаў час вызначацца з прафесіяй Міхаілу, ён выбраў медыцыну, стаўшы першапраходцам у гэтай прафесіі ў сям’і. Добра здаўшы іспыты, юнак стаў студэнтам Мінскага медыцынскага інстытута. Потым была ардынатура ў Маладзечне. Туды ён прыехаў ужо са сваёй жонкай Наталляй, з якой вучыўся на адным курсе. Але вабіла роднае Палессе, дзе мілы быў кожны куток. Гэта пра яго прымаўка: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Таму ў 1983 годзе малады хірург вяртаецца ў Давыд-Гарадок, дзе ўладкоўваецца на работу ў бальніцу. Пашанцавала пачынаць працаваць з такімі прафесіяналамі, як сямейная пара Разуванавых. Гэтыя людзі жылі сваёй работай. Бальніца на 50 ложкаў часта была запоўнена пад завязку. І каля прыёмнай – вялікая чарга. Але ж ніколі не гаварылі пра стамленне вопытныя хірургі. Ім было не звыкаць: абодва прайшлі вайну, смерці неаднойчы ў вочы глядзелі.

Якія б ні былі справы дома, на першым месцы – работа. А па-іншаму нельга. Бо ты – доктар і гэтым усё сказана. Разумее гэта і жонка юбіляра Наталля Уладзіміраўна, якая дагэтуль працуе тэрапеўтам. Таму не было нараканняў: трэба – значыць трэба. Мабільных тэлефонаў у той час не існавала. Прыязджалі дахаты, фарамі свяцілі ў вокны, каб разбудзіць. На ўрача глядзелі як на Бога, бо ён – адзіная надзея. Успамінае, як аперыраваў апендыцыт дзіцяці, якому год і тры месяцы было.  І як да апошняга змагаўся за жыццё мужчыны, родныя якога стаялі пад дзвярыма. Яны чакалі цуда, але тады смерць перамагла. Давялося выходзіць і гаварыць людзям страшную навіну. Бачыць і разумець іх роспач – вельмі цяжка. Да гэтага ніколі нельга звыкнуць.

Высокі прафесіяналізм Міхаіла Іванавіча быў заўсёды высока ацэнены сярод калег. 12 гадоў ён узначальваў бальніцу, а з 2002 года па сёння – узначальвае хірургічнае аддзяленне.

Бачылі адданасць сваёй рабоце і дзеці пары Янкоўскіх, якія ў прамым сэнсе выгадаваліся сярод бальнічных палат.  З маленства ведалі ўсе медыцынскія тэрміны, таму выбар прафесіі адпаў сам сабой. Аляксандр пайшоў па бацькоўскай сцежцы: працуе хірургам у Гомелі. Дачка Ганна  пасля заканчэння ўніверсітэта і ардынатуры вярнулася ў родны Давыд-Гарадок і зараз з’яўляецца ўчастковым тэрапеўтам.  Цяпер з бацькамі раяцца не толькі як з самымі роднымі людзьмі, але як і з калегамі.

За столькі гадоў работы Міхаіл Іванавіч правёў многа аперацый, выпісаў безліч рэцэптаў.  І зараз няма калі адпачываць. Хоць і нагода ёсць сур’ёзная – 60-гадовы юбілей. У калідоры адміністрацыі паступова збіраюцца госці, каб павіншаваць юбіляра. Праўда, той спазняецца: пераапранае медыцынскі халат на святочны касцюм. Сціплы ад прыроды, Міхаіл Іванавіч нават крыху разгубіўся ад такой увагі.

Першым віншуе старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, які выказаў словы падзякі і ўручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта. Далучыліся да віншаванняў загадчык філіяла “Давыд-Гарадоцкая  бальніца” Столінская ЦРБ Тамара Зіноўеўна Кузьміч, старшыня Давыд-Гарадоцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вячаслаў Васільевіч Стаднік, старшыня прафкама УЗ “Столінская цэнтральная раённая бальніца” Генадзь Антонавіч Пташац. Прыехаў павіншаваць са святам свайго калегу і загадчык хірургічнага аддзялення Столінскай ЦРБ урач-хірург Віктар Іванавіч Майсюк:

— Мы жылі побач, можна сказаць, выраслі ў адной кампаніі. Праўда, Міхаіл Іванавіч быў старэйшы на шэсць гадоў, таму мы, малыя, на яго глядзелі як на куміра. Добра памятаю, як ён упершыню прыйшоў у бальніцу ў белай шапачцы і халаце. Тады я толькі стаў студэнтам медінстытута. І я лічу за гонар, што з’яўляюся калегам Міхаіла Іванавіча. Ведаю, як ён хвалюецца за кожнага пацыента. І вось сёння, у свой дзень нараджэння, пры сустрэчы ў першую чаргу расказвае пра хворых, якія знаходзяцца ў стацыянары. У гэтым увесь Міхаіл Іванавіч. Няхай і надалей у вас будуць нагоды пераапранаць медыцынскі халат на святочны ўбор. Шчасця і здароўя табе, дарагі сябра і паважаны калега.

Упэўнена, да пажаданняў далучаюцца і ўсе ўдзячныя пацыенты, якія ў розныя гады звярталіся да доктара. Дзякуй вам за вашу працу і няхай у вашым жыцці здараюцца толькі прыемныя падзеі. 

Ганна МЕЛЬНІК

 

 

←Беглі, кідалі, скакалі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика