Майстар ракіты
Аляксей Чарнушэвіч – адзін з тых, без каго прадстаўленне нашага раёна на фестывалі “Кліч Палесся” было б няпоўным. Майстроў, роўных яму, у нашай краіне адзінкі. Аднак Аляксей Міхайлавіч – надзіва сціплы чалавек, які з задавальненнем сустракае кожнага госця, расказвае пра свае вырабы. І чакае таго, хто стане яго вучнем, пяройме майстэрства, як і ён, адчуе рукамі цеплыню і падатлівасць лазы.
Удзел Аляксея Чарнушэвіча ў першым фестывалі быў адзначаны дыпломам за захаванне народных традыцый, яго імя было занесена на Дошку гонару фестывалю. А дадому майстар тады прывёз яшчэ і падарунак – тэлевізар.
“Кліч Палесся” – не адзінае мерапрыемства, на якім Аляксей Чарнушэвіч выстаўляе сваю плеценую мэблю. Быў ён і на фестывалі славянскіх культур “Славянскае адзінства” на мануменце сяброўства, Дні пісьменства ў Тураве, фестывалі “Берагіня” ў Акцябрскім раёне, многіх іншых абласных і рэспубліканскіх святах. З задавальненнем прыязджае на раённыя “Дажынкі”.
Некалі пры калгасе ў Лучыцах планавалі адкрыць майстэрню па вырабе мэблі з лазы, накіравалі Аляксея Міхайлавіча на вучобу ў Гомель. Дзевяностыя гады ўнеслі свае карэктывы: майстэрні не атрымалася, а навыкі і залатыя рукі чалавека засталіся.
– Спачатку спрабаваў нешта рабіць для сябе, потым сталі прасіць іншыя, – расказвае мужчына. – З часам з’явіліся заказы менавіта на мэблю – камплекты для дачы і крэслы-качалкі. Сёлета аформіў рамесніцтва. Гэта намнога спросціць маю працу. Раней можна было прадаваць свае вырабы толькі на кірмашах, цяпер усё афіцыйна. Мая мэбля ў тым ліку стаіць у Доме паляўнічага ў нас у Лучыцах, куды прыязджаюць аматары актыўнага адпачынку не толькі з усёй Беларусі, але і замежжа. Пытаюцца, дзе можна набыць такія ж камплекты з лазы, ідуць да мяне, робяць заказы. На жаль, працую адзін, няма памочніка. Працэс падрыхтоўкі лазы працяглы. У месяц магу зрабіць не больш двух камплектаў. Але добра, што жывём на беразе Пцічы, дзе яшчэ можна знайсці ракіту, якая і патрэбна для працы.
Некалі Аляксей Міхайлавіч спрабаваў вучыць дзяцей рамяству лазапляцення ў мясцовай школе, вёў гурток. Але лаза не трывае паспешлівасці, дзеці ж чакаюць выніку адразу, працяглыя справы ім не цікавыя. Таму і застаўся майстар без сваіх чаляднікаў-вучняў.
Майстар за пятнаццаць гадоў сур’ёзных заняткаў з лазой выпрацаваў свой непаўторны стыль, адметную тэхніку выканання. Увесь матэрыял нарыхтоўвае сам, толькі спецыяльную стужку закупае ў Пінску, удала падбіраючы яе пад унікальны колер ракіты. І з журналістамі сустракаецца нярэдка, едуць да яго і з рэспубліканскіх газет. Неяк Аляксей Міхайлавіч нават стаў героем дакументальнага фільма цыкла “Палеская Адысея”.
– Я канкурэнцыі не баюся, – упэўнена гаворыць майстар. – На фестывалях знаёмлюся з іншымі майстрамі, іх вырабамі і разумею, што мае асаблівыя. У іх адчуваюцца рукі чалавека. Гэта не фабрычная мэбля, без душы і пачуццяў. Мая мэбля – з душою і цеплынёю, натуральнага колеру і пахне нават ракою. Таму і попыт на яе ёсць. Таму і справа будзе працягвацца. Спадзяюся, што вучняў сваіх я яшчэ знайду.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.