Час для спазнання
Больш года на старонках нашай газеты друкуюцца артыкулы Людмілы Дударэнка, у якіх жыхарка Навасёлак дзеліцца з чытачамі нашага выдання сваімі ведамі пра народныя прыкметы, святы і спрадвечны вопыт нашых продкаў-земляробаў. Першыя артыкулы былі сціплымі і кароткімі. Цяпер жа Людміла Фамінічна дае адказы літаральна на ўсе пытанні, кожны дзень з яго справамі распісаны падрабязна. І нават калі прытрымлівацца яе парад не ўдаецца, то інфармацыя гэтая пазнавальная і цікавая.
Напярэдадні сямідзесяцігадовага юбілею аўтаркі мы вырашылі пазнаёміцца са сваім селькарам, завітаўшы ў яе дом, што стаіць на ўскрайку Навасёлак, побач з бацькоўскай хатай, у якой цяпер жыве яе сын.
Атрымаўшы адукацыю настаўніка пачатковых класаў, Людміла Дударэнка паехала працаваць на Міншчыну, праз пяць гадоў вярнулася дадому ўжо з мужам. Бо тут, у Навасёлках, будаваўся вялікі калгас, сем’і атрымлівалі жыллё. Трохпакаёвая кватэра была прадастаўлена і іх сям’і.
Ішоў час, жанчына працягвала працаваць настаўнікам, а затым намеснікам дырэктара школы ў Залессі, а потым і ў родных Навасёлках. Дзеці падраслі і тады Людміла Фамінічна змагла зрабіць тое, пра што марыла – набыць сабе хату. Свой двор, кавалак зямлі, жывёла ў хляве – так жылі яе продкі з пакалення ў пакаленне. Так закладзена ў дзецях тых сялян, якія жылі з зямлі, яна іх карміла.
Чакала пенсіі, каб наталіць смагу па працы, на якую раней не хапала часу – агарод, кветкі, сад. Але, не ўсё атрымалася, як планавала. Інсульт унёс свае карэктывы.
Толькі так здаецца, што жыццё ішло роўна і звычайна: працавала, гадавала дзяцей, сваіх і чужых, радавалася нараджэнню ўнукаў. Але ўсё тое, што не раскажаш ці нават узгадваць не хочацца, мацуе сілы, выпрацоўвае стойкасць. Толькі гэты каменны характар дапамог Людміле Фамінічне застацца поўнай сіл, не здацца абставінам, жыць далей з задавальненнем.
Гаспадыня з бляскам у вачах паказвае свой невялікі, але дагледжаны агарод, на якім сама вырасціла ўсё, што ёй патрэбна. Затым вядзе ў кветнік, дзе нават напрыканцы верасня буяюць краскі. І гэта здаецца подзвігам, бо пасля інсульту левы бок яе цела не дзейнічае.
– Вольнага часу стала многа, – без ценю крыўды на лёс і абставіны расказвае жанчына. – Трэба было рухацца, таму і занятак для сябе выбірала адпаведны. Найперш пачала вышываць крыжыкам. Спачатку – дэкаратыўныя падушкі і покрыўкі на крэслы, – і паказала на свае вырабы, засланыя ў пакоі, створаныя на звычайным грубым сукне. – Затым, прыстасаваўшы пяльцы на невялікую падушачку, пачала вышываць карціны. Частка ўпрыгожвае пакой, многае дару сябрам. Неяк мае карціны нават на выставу на адзін з фестываляў “Кліч Палесся” былі прапанаваны.
Многа гадоў Людміла Фамінічна збірала па газетах і часопісах народныя прыкметы. Запісвала тое, што некалі чула ад маці, іншых людзей, што дасюль захоўваюць кроплі спрадвечнай народнай мудрасці. І калі гэты архіў стаў унушальным і, як яна меркавала, поўным, стала шкада, што акрамя яе гэтым каштоўным матэрыялам ніхто не скарыстаецца. Так з’явілася першая публікацыя.
– Некалі спрабавала ў сваіх агародных справах прытрымлівацца астралагічных календароў, – тлумачыць першапрычыну свайго літаратурнага занятку жанчына. – Думаю, і іншыя заўважалі, што некалькі месячных календароў могуць пярэчыць адзін аднаму. Звярнулася да прыкмет, сабраных за стагоддзі нашымі продкамі. А тут, як аказалася, супярэчнасцей не было. Інтарэс разгараўся, чым больш інфармацыі я збірала. Але, калі сказаць шчыра, сама дасканала гэтых парад не трымаюся, няма такой неабходнасці ці абставіны складаюцца інакш.
Са смуткам Людміла Дударэнка згадвае часы, калі ў вёсцы жылі хоць і цяжка, але з энтузіязмам. Будавалі, працавалі, верылі ў тое, што будзе лепш, багацей. У іх Навасёлкаўскай школе вучылася больш шасці соцень дзяцей. Толькі на іх хутары ў семдзесят двароў у адзін з гадоў нарадзілася 35 дзяцей. Цяпер у тых хатах – чацвёра дзетак.
І тым не менш, вясковыя людзі з часам адчуваюць неверагодную цягу да зямлі, на якой свой, няхай без выгод, дом, яблыня, пасаджаная яшчэ бацькам, рыжы кот на прызбе, ап’яняльная цеплыня дроў, якія патрэскваюць у печы і агортваюць дрымотай. І вяртаюцца да сваіх вытокаў: на родныя паселішчы, спазнаючы мудрасць, закладзеную на генетычным узроўні і некалі заглушаную бегам за выгодамі. Адна з гэтых людзей – Людміла Дударэнка.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.