Лёс спрыяе адважным

Источник материала:  

Згадзіцеся, што ў жыцці заўсёды ёсць месца для подзвігу. Чым бы ты не займаўся, дзе б не працаваў, па закліку сэрца можна аказаць дапамогу тым, каго напаткала бяда. І не важна, якога маштабу будзе твая  дапамога. Галоўнае, каб замест слёз у чалавека з’явілася на вуснах усмешка.

Лёс спрыяе адважным

Генадзь Маханкевіч вось ужо восем гадоў на заслужаным адпачынку, але не забывае мужчына будні сваёй службы ў радах МНС. Як і асобныя моманты, калі даводзілася прымаць рашэнні спантанна, не раздумваючы, рызыкуючы сваім жыццём. Генадзь Фёдаравіч коратка і сціпла расказаў, як напрыканцы 90-х у Петрыкаве адбыўся пажар у жылым доме насупраць саўгасных мехмайстэрняў. Выратавальнік залез праз акно ў палаючы дом і выцягнуў 16-18 гадовага  юнака , які быў інвалідам і не мог самастойна рухацца. Адразу ж абваліўся дах. Ягоная маці знайшла Генадзя Фёдаравіча пасля той трагедыі і выказала словы падзякі за такі гераічны ўчынак. Як склалася іх далейшае жыццё, мужчына не ведае. Была інфармацыя, што яны з’ехалі на Брэстчыну.

Генадзь Маханкевіч родам з Беседак. Бацька (светлая яму памяць) адпрацаваў усё жыццё лесаводам. Разам з Генадзем нарадзіўся брат-блізнюк Віктар. Дарэчы, з ім служылі тры гады ў Паўночным флоце на падводных лодках. У 1986 годзе разам паступілі ва Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча. Пасля заканчэння Генадзя накіравалі ў Камарын начальнікам варты. Віктар трапіў у Мазыр. Там на нафтаперапрацоўчым заводзе ён адпрацаваў у пажарнай ахове, і, як і Генадзь, звольніўся ў званні маёра.

Пажарнай службе прысвяціў сябе і старэйшы брат Уладзімір, які адпрацаваў камандзірам ад- дзялення на Мышанскім пажарна-аварыйным пасту і пайшоў на заслужаны адпачынак прапаршчыкам.

Генадзь Фёдаравіч трапіў у Петрыкаў у 1989 годзе: запрасілі інспектарам дзяржпажнагляду. Работа была прафілактычнага накірунку. Частку службы прысвяціў пасадзе начальніка варты. Затым больш пяці гадоў вёў аператыўна-тактычную работу. Гаворыць, што са ста байцоў ведаў кожнага пайменна.

Узгадаў баявых таварышаў – Аляксандра Дзечку і Яўгена Рэвута, якія, на жаль, пайшлі зараней з жыцця. З імі сябраваў. Да сёння падтрымлівае сувязь з былымі саслужбоўцамі – Аляксандрам Рудзьком і Аляксандрам Мяшковым.

Перад выхадам на заслужаны адпачынак Генадзь Маханкевіч быў аператыўным дзяжурным. Гаворыць, што працаваць было няцяжка і цікава.

На пенсіі Генадзь Фёдаравіч таксама знайшоў сабе занятак – працуе вартаўніком. Акрамя таго наведваецца ў родныя Беседкі, дзе і да сёння жыве састарэлая маці. Ёй з братамі і сястрой дапамагаюць па чарзе. Паспявае і парыбаліць: перавагу аддае тролінгу.

Што датычыць асабістага жыцця, то з жонкай Таццянай пазнаёміліся ў Брэсце, калі праходзіў стажыроўку. За тры дні да ад’езду і пазнаёміліся, хаця яна – з Грабава, ён – з Беседак. Вось табе лёс! Сын Віктар жыве самастойным жыццём, у яго сям’я, трохгадовая дачушка Вераніка. Дарэчы, Віктар таксама абраў экстрэмальную спецыяльнасць – ён інжынер-нафтаразведчык, працуе на Поўначы.

Дачка Ірына, на жаль, нарадзілася з асаблівасцямі развіцця. Яна пад доглядам маці і бацькі. Свой цяжар яны нясуць дастойна і не жаляцца.

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, якія спакойна прымаюць усё, што прыпадносіць жыццё: змагаюцца са стыхіяй, выратоўваюць чужыя жыцці. Гэта свята традыцыйна адзначае і Генадзь Маханкевіч, а таксама яго браты – Віктар і Уладзімір. Дай Бог вам моцнага здароўя, цярпення і ўдзячнасці за сваю справу!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

←Выслухалі і далі рэкамендацыі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика