Мастацтва – яе прафесія
З асаблівай павагай адношуся да людзей, якія могуць уласнымі рукамі ствараць прыгожыя і карысныя рэчы, не абмяжоўваюць сябе толькі штодзённымі клопатамі. Такім чалавекам з’яўляецца жыхарка Капаткевічаў Юлія Вашкова. Аднойчы давялося трапіць на яе выставу і была ўражана, наколькі якасныя і практычныя творы ў майстрыхі.
У Капаткевічы Юлія Мікалаеўна прыехала дзесяць гадоў таму разам з мужам – настаяцелем прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы айцом Сергіем, накіраваным сюды на службу. Скончыўшы на той час Гомельскае мастацкае вучылішча і маючы спецыяльнасць мастака-майстра па тэкстылі, працаўладкавалася ў Капаткевіцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі кіраўніком аб’яднання па інтарэсах. Потым атрымала спецыяльнасць настаўніка выяўленчага мастацтва і працы ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце.
– Канкрэтна такім, дамашнім, рукадзеллем пачала займацца ў час дэкрэтнага водпуску, – расказвае Юлія Вашкова. – Глядзела ў інтэрнэце, выбірала, асвойвала. Спачатку спрабавала маляваць алейнымі фарбамі. Але калі ў хаце малыя дзеці, едкі пах растваральніка і фарбы непажаданы. Таму пачала з дэкаратыўных паштовак. Закупаю матэрыял, многа і разнастайны, раскладваю і пачынаю збіраць, падбіраць, афармляць. Работа з паперай і элементамі дэкору – хутка, разнастайна і адносна бюджэтна. Дачка Ксюша, ёй пяць годзікаў, таксама спрабуе ствараць свае паштоўкі, садзіцца побач і фантазіруе.
Свае вырабы Юлія Мікалаеўна спрабавала прадаваць у мясцовым магазіне, але попыт не- вялікі. Некалькі разоў ёй рабілі заказы для вырабу юбілейных і вясельных паштовак.
У цэнтры творчасці з выхаванцамі педагог рыхтуе творы на конкурсы, галоўным з якіх лічыць “Калядную зорку”. Часта бываюць тут выставы-продажы, куды патрэбны вырабы практычнага характару. Робяць падковы і венічкі-абярэгі. На іх у бацькоў яе вучняў і іншых наведвальнікаў выстаў попыт немалы.
Сям’я Вашковых увогуле творчая. Дзесяцігадовыя сыны Кірыл і Арсеній перанялі здольнасць маці да мастацтва, малююць, ходзяць у мастацкую школу. Кірыл сёлета стаў дыпламантам конкурсу “Прыгажосць божага свету” і конкурсу, прысвечанага 100-годдзю подзвігу царскай сям’і.
Юлія Мікалаеўна прызнаецца, што хацела б заняцца народным ткацтвам. Любоў да гэтага сапраўды мастацтва зарадзілася ў ёй яшчэ ў час навучання ў вучылішчы. Доўно ўжо шукае ткацкі станок. Ездзіла па вёсках, пытала ў майстрых. Але, на жаль, у поўным камплекце ніхто станок не захаваў. Разумее, што час ідзе, а гэты народны промысел сыходзіць у нябыт. Трэба яго вяртаць, вучыць дзяцей, паказваць, як нашы бабулі клалі гісторыю і самабытнасць на палатно.
– Думаю пра тое, каб аформіць рамесніцтва і займацца творчасцю для рэалізацыі, – расказвае пра свае планы майстрыха. – Цяпер дзеці падраслі і часу на тое з’явілася больш. А яшчэ ёсць мара аб’яднаць усіх нашых майстроў, якіх нават у Капаткевічах многа, для стварэння магазіна-студыі, каб кожны чалавек мог прыйсці туды і набыць падарунак для сябе ці родных на любы густ. Цяпер менавіта вырабы ручной работы пачынаюць карыстацца асаблівай папулярнасцю. Хутка гэта тэндэнцыя дойдзе і да нас. Не хацелася б прапусціць момант. У аб’яднанні майстроў мы маглі б выконваць заказы па дызайне, падрыхтоўцы выстаў, вырабе брэндавай прадукцыі. Вельмі хочацца, каб кожны наш твор знайшоў свайго карыстальніка, радаваў вока і прыносіў карысць.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.