Настаўнікі – вучні

Источник материала:  

Настаўнікі – вучні

Святлана Кавальчук пра дынастыю педагогаў:

– Пачынальнікам дынастыі стаў мой дзядуля Васіль Рыгоравіч Гарошка. Працаваў у школе ў Малых Сялюцічах. Яго сын (мой бацька Уладзімір Васільевіч Гарошка) і дачка сталі педагогамі, другі сын выбраў у жонкі настаўніцу. Дзядулеў стол з кнігамі і сшыткамі, шкляной чарнільніцай былі нечым казачным і, здаецца, чароўным для нас, унукаў. Таму тры яго ўнучкі, у тым ліку і я, сталі педагогамі.

Нясцерпна хацелася паспрабаваць, ці змагу паступіць, ці змагу быць настаўнікам. Пасля 8 класа паступіла ў Лоеўскае педвучылішча. Там сустрэлася са сваёй траюраднай сястрой, таксама будучым настаўнікам. Дарэчы, усе педагогі сям’і пачыналі настаўнікамі пачатковых класаў, потым сталі гісторыкамі ці філолагамі, уласна я – настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Да дынастыі далучыўся і мой муж Вадзім Анатольевіч – настаўнік фізічнай культуры і здароўя. Дачка пакуль не вызначылася з прафесіяй. Але калі спытае маёй парады, то буду рада быць ёй калегам.

— Конкурс – гэта справа калектыўная, – з упэўненасцю гаворыць лаўрэат абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог года-2018” Святлана Кавальчук. – І для таго, каб годна прадставіць сябе, канкурсанту патрэбны творчыя калегі, таленавітыя дзеці і іх адказныя бацькі. Мне пашчасціла скарыстацца ўсім гэтым і выйсці ў фінал вобласці. Атрымаўшы прапанову прадставіць гімназію на раённым конкурсе прафмайстэрства, не сумнявалася. Нават узрадавалася, што магу паказаць усім сваіх дзяцей, свой трэці клас. Усе яны надзіва здольныя і таленавітыя. Сярэдні бал – 8.

З 24 вучняў 22 маюць стопрацэнтную якасць ведаў. Многія творчыя конкурсы сёлета прынеслі нам перамогі. Ангеліна Кавальская, Аляксандра Салдаткіна і Дзіяна Чарняўская сталі пераможцамі конкурсу даследчых работ. Глеб Бурміч, Лізавета Валынец і Васіліна Гаспаран былі лепшымі ў алімпіядах. Побач з такімі дзецьмі і я павінна быць лепшай.

Пра сам конкурс Святлана Уладзіміраўна расказвае мала. Увесь час пераключаецца на моманты падрыхтоўкі, падрабязна пералічвае ўсё, у чым дапамагалі калегі і адміністрацыя – Людміла Хільман, Наталля Несцярчук, Аляксандр Дарошка, Яраслава Кучарук, Вольга Марцынкевіч. Адныя дапамагалі ў падрыхтоўцы ўрокаў і самапрэзентацыі, іншыя працавалі з дзецьмі для творчых выступленняў.

Калі зайшла размова пра ўдзел бацькоў у гэтым шляху да дыплома лаўрэата, то настаўніца пачала з пераліку ўсіх тых спраў, якія праходзяць з іх удзелам: суботнія дні, конкурсы, акцыі. Творчым стрыжнем іх класа стала сям’я Валынцоў, бацькі і бабуля Лізы. Практычна ніводзін конкурс і справа ў класе ўвогуле не абыходзіцца без твораў Наталлі і Паўла Валынцоў. Да конкурсу ж яны дапамаглі падрыхтаваць вершаваную прэзентацыю, нагляднасць, ды і ўласна прыехалі ў Гомель, каб падтрымаць настаўніцу сваёй дачкі.

– Дзеці крыху расхваляваліся, што не я стала дыпламантам І ступені на абласной сцэне, – з усмешкай узгадвае Святлана Уладзіміраўна. – Яны ехалі перамагаць, вельмі добрасумленна рыхтаваліся і выступалі. Цяпер усвядомілі, што перамога ў намінацыі “Выхаваўчы патэнцыял у педагагічнай дзейнасці” ў фінале конкурсу – таксама высокая ўзнагарода. Тым больш, што мае вучні таксама атрымалі падарункі: ласункі, кнігі, сувеніры, а галоўнае – гадавы сертыфікат на карыстанне інтэрнэт-парталам “Я – клас”. Вельмі карысная рэч кшалту рэпетытара па ўсіх прадметах, з выпраўленнем памылак, тлумачэннямі і праверачнымі заданнямі.

Ліза Валынец і Святаслаў Каюкала яшчэ ў красавіку паспелі выканаць усе заданні па матэматыцы за трэці клас, перайшлі на чацвёрты. Трэба таксама адзначыць, што ў рэйтынгу карыстальнікаў партала наш клас на 23 месцы з 515 па ўсёй краіне.

Незнаёмы чалавек, сустрэўшы Святлану Кавальчук на вуліцы, не памыліцца, калі задумае вызначыць яе прафесію. Статная, з размеранымі, правільнымі рухамі, акуратна, без лішніх элементаў апранутая, з прамым уважлівым позіркам, уся яна – настаўніца. І кожны свой дзень, як прызналася ў час гутаркі, вучыцца. Галоўныя яе настаўнікі – яе ж дзеці. Вучаць радавацца кожнай, нават мімалётнай, падзеі, не звяртаць увагі на тое, што хутка міне, на непатрэбныя рэчы, прабачаць лёгка і назаўсёды, жыць і не ўпускаць ніводнага моманту гэтага жыцця. Калі ляпіць снегавіка, то да мокрых каленяў і рукавіц, маляваць, то да сініх пазногцяў і вясёлкавых разводаў на ілбе, рыхтавацца да конкурсу, то з раніцы да вечара, з бутэрбродамі і чаем у сваім утульным класе.

З радасцю ідзе настаўніца кожны дзень у свой клас. Кажа, што вельмі занепакоілася, калі трэба было расказаць на конкурсе пра сваё хобі. Бо ўвесь час аддае працы, іншаму – няма ні месца, ні жадання.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

 

←Двое мужчин, которые в магазинах Борисова расплатились фальшивками, получили по 5 лет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика