Людзі Смаргоншчыны: Рэгіна Хлусава

Источник материала:  
Невялікі пакойчык на зерняскладзе “Шутавічы” перапаўняў водар півоняў. Высокія вазы, здавалася, ледзь вытрамліваюць ад цяжару буйнагаловых кветак. Белыя і ружовыя букеты з’явіліся тут невыпадкова. 31 мая свой залаты юбілей сустракала цудоўная жанчына – работніца зернясклада Рэгіна Хлусава.

Людзі Смаргоншчыны: Рэгіна Хлусава

Ёй выпала нарадзіцца ў цудоўны дзень на мяжы вясны і лета. І таму кожны дзень нараджэння Рэгіны багаты не толькі на шчырыя словы сяброў і знаёмых, але і на мноства прыгожых кветак. Рэгіна, як і любая жанчына, іх вельмі любіць. Яе хата, што ў вёсцы Байбы, з ранняй вясны да позняй восені патанае ў безлічы руж, вяргіняў і флоксаў.

Байбы – родная вёска Рэгіны. Тут яна нарадзілася, вырасла, стала жонкай і маці, выгадавала траіх сыноў. Дачушкі Бог не даў, але Рэгіна шчаслівая, бо ўжо мае ўнучачку.

Амаль палову свайго жыцця Рэгіна адпрацавала на зерняскладзе ў суседніх Шутавічах. Праца палявода – не з лёгкіх. Жанчына ўспамінае, што першы час ад працы з лапатай моцна балелі рукі. Але паступова прывыкла. Зернясклад у Шутавічах – галоўны ў гаспадарцы. Тут захоўваецца ўвесь семянны фонд. А таму работа ёсць кожны дзень. Зараз жанчына занята падрыхтоўкай складоў да прыёму новага ўраджаю. Гарачая пара выдасца падчас жніва, а пасля, ажно да вясенняй пасяўной, паляводы будуць працаваць на ачышчэнні збожжа. Нават цяжка ўявіць, колькі тон зерня за гэты час пройдзе праз рукі Рэгіны.

- Я люблю сваю працу, - расказвае жанчына. – У нас вельмі дружны калектыў, з многімі людзьмі мы працуем больш за 10 гадоў.

Рэгіна – адна з тых жанчын, якія бяруцца за любую працу і ўсё паспяваюць. Яна старанны работнік, добрая гаспадыня і проста надзейны чалавек. У роднай вёсцы Байбы Рэгіна з’яўляецца старастай вёскі. На гэту пасаду яе выбралі невыпадкова. Як карэнны жыхар, яна неабыякавая да роднага куточка і да лёсу тых людзей, якія жывуць побач.

На дзень нараджэння да Рэгіны завіталі не толькі прадстаўнікі ААТ “Шутавічы-Агра”, але і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка. Шчырыя словы і пажаданні пачула ў гэты дзень жанчына. Яе вочы свяціліся радасцю і ўдзячнасцю. Рэгіна ведае, што не ўсё з таго, аб чым марылася, збылося ў жыцці. Але ёсць за што дзякаваць Богу, ёсць каго любіць і ёсць ад каго прымаць любоў і цеплыню. І ў гэтым сакрэт яе ціхага жаночага шчасця.

Людзі Смаргоншчыны: Рэгіна Хлусава

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

←Губернатар Міншчыны Анатоль ІСАЧАНКА: “Усе праблемныя пытанні павінны вырашацца ў рамках заканадаўства»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика