Губернатар Міншчыны Анатоль ІСАЧАНКА: “Усе праблемныя пытанні павінны вырашацца ў рамках заканадаўства»

Источник материала:  

Практыка “жывых” стасункаў прадстаўнікоў улады з людзьмі праз арганізацыю прыёму грамадзян і прамых тэлефонных ліній трывала замацавалася ў нашым грамадстве. Яна дае магчымасць кіраўнікам розных узроўняў больш дасканала вывучыць праблемы, якія турбуюць насельніцтва, выпрацаваць падыходы да іх вырашэння.

Губернатар Міншчыны Анатоль ІСАЧАНКА: “Усе праблемныя пытанні павінны вырашацца ў рамках заканадаўства»
Як сведчыць статыстыка, найбольш клопатнымі для людзей з’яўляюцца сацыяльна-бытавыя праблемы. Яны закранаюць сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пытанні землекарыстання, жылля.
Не стала выключэннем і праблематыка прыёму грамадзян, які ладзіў у сераду ў Чэрвені старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка. Палова з дзесяці зваротаў да яго наўпрост тычылася жыллёвых пытанняў.
Паводле слоў губернатара, жаданне жыць у асобнай кватэры або доме – натуральнае для чалавека: ствараюцца сем’і, нараджаюцца дзеці. І кожны імкнецца займець такое жыллё, якое яму хочацца. Але не заўсёды фінансавыя магчымасці супадаюць з жаданнямі. Таму і звяртаюцца людзі па дапамогу да ўлады.
Першымі на прыём да старшыні аблвыканкама завіталі муж і жонка Буглакі. Сяргей і Юлія жывуць у аграгарадку Вайнілава, маюць чацвёра дзяцей. Яны звярнуліся з просьбай прыватызаваць службовае жыллё, якое належыць ААТ “10 з’езд Саветаў”, з растэрміноўкай на тры гады. Як праінфармаваў Анатоля Ісачанку галоўны спецыяліст па кадрах, юрысконсульт райсельгасхарчу Алег Тарлоўскі, сур’ёзных заканадаўчых бар’ераў тут няма. Таму пытанне павінна вырашыцца станоўча.
А вось у наступных наведвальнікаў, мужа і жонкі Валерыя і Таццяны Кучкіных з аграгарадка Чарнаградзь, сітуацыя больш складаная. Службовае жыллё яны атрымалі, калі Валерый уладкаваўся вадзіцелем у мясцовую гаспадарку, ААТ “Валевачы”, а Таццяна пайшла працаваць загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта. Але пасля таго, як галава сям’і знайшоў іншае месца працы, сельгаспрадпрыемства паставіла пытанне аб вызваленні дома.
– Медработнік на вёсцы – запатрабаваная прафесія, – кажа Таццяна. – І я гатовая працягваць працаваць на ФАПе. Аднак праблема ў тым, што райбальніца не мае магчымасці забяспечыць мяне жыллём. Спрабавалі мы зняць дом у суседніх вёсках, але безвынікова. Ды і не варыянт гэта ездзіць аднекуль на працу ў Чарнаградзь, бо вадзіцельскіх правоў не маю, да таго ж у нас – двое малых дзяцей…
Губернатар Міншчыны Анатоль ІСАЧАНКА: “Усе праблемныя пытанні павінны вырашацца ў рамках заканадаўства»Уважліва выслухаўшы Таццяну, Анатоль Ісачанка, растлумачыў ёй, што пазіцыя ААТ “Валевачы” цалкам справядлівая. Дамы ў аграгарадку будавалася за крэдытныя рэсурсы менавіта для таго, каб прыцягнуць рабочыя рукі ў гаспадарку. Лагічна, што на месца работніка, які звольніўся, трэба знайсці іншага і, адпаведна, даць яму жыллё. А яно – занятае. Да таго ж, як высветлілася, Кучкіны маюць сталічную прапіску.
– Выйсце простае: няхай муж вяртаецца на працу ў гаспадарку, прапісвайцеся ў Чарнаградзі і жывіце, калі ласка, у гэтым доме, – рэзюмаваў Анатоль Ісачанка.
…Жыхаркі новай жылой забудовы ў вёсцы Карзуны Юлія Радзецкая і Марта Пабядзінская прыйшлі да губернатара адразу з двума грамадскімі праблемамі. Першая з іх тычыцца якасці водаправоднай вады. Яна мае жоўтае адценне з-за празмернага ўтрымання жалеза, а таксама выдзяляе пах серавадароду. Узор гэтай вады заяўніцы нават прыхапілі з сабой, каб прадэманстраваць Анатолю Ісачанку.
Паводле інфармацыі дырэктара РУП “Чэрвеньская жыллёва-камунальная гаспадарка” Андрэя Уласевіча, вынікі нядаўніх даследаванняў санэпідслужбай узораў водаправоднай вады з новай жылой забудовы ў Карзунах засведчылі, што яна адпавядае ўсім нормам, акрамя ўтрымання жалеза (перавышэнне ў 2,5 раза).
– Верагодна, прычына крыецца ў тым, што свідравіна “выдае” 25 кубічных метраў вады ў гадзіну, а яе разбор складае 100 кубічных метраў у суткі, – патлумачыў ён. – Атрымліваецца застой вады. Мерапрыемствы па хларыраванню і прамыўцы вынікаў не даюць. Таму мы вырашылі да канца гэтага месяца пракласці ад свідравіны вадавод у суседні аграгарадок Заполле, дзе адчуваецца недахоп вады. За кошт гэтага разлічваем знізіць ўтрыманне ў вадзе жалеза, павінен знікнуць і непрыемны пах.
Анатоль Ісачанка даручыў узяць пытанне на кантроль і ў выпадку, калі плануемыя захады не дадуць станоўчага выніку, шукаць іншыя шляхі вырашэння праблемы.
Таксама жыхары новай жылой забудовы ў Карзунах заклапочаны нездавальняючым станам дарожнага пакрыцця асобных вуліц. Сітуацыю, што склалася, пракаментаваў старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Уладзімір Кулагін. Паводле яго слоў, яшчэ да пачатку будаўніцтва жылля тут былі ў поўным аб’ёме зроблены дарогі з гравійным пакрыццём, а чатыры – нават з асфальтавым. Аднак затым пракладаліся камунікацыі, і гравійныя дарогі ператварыліся ў гліняныя. Пасля грэйдзіравання і ў адсутнасць дажджоў яны зараз маюць неблагі стан, але ж надыдзе восень…
Губернатар даручыў камісійна абследаваць дарогі і высветліць абставіны іх псавання.
– Хто сапсаваў, той і аднаўляць павінен, – сказаў ён.
…Іншыя праблемы, з якімі жыхары раёна прыйшлі на прыём да старшыні аблвыканкама, тычыліся пераразліку субсідыі на будаўніцтва жылля для шматдзетнай сям’і, працягу дагавору арэнды зямельнага ўчастка ў Чэрвені, на якім знаходзіцца гандлёвы павільён, прыватызацыі кватэры, якая належыць райспажыўтаварыству, будаўніцтва дарогі, газіфікацыі і электрыфікацыі чатырох жылых дамоў у аграгарадку Валевачы, дапамогі ў рамонце даху жылога дома ў аграгарадку Чарнаградзь.
Падводзячы вынікі прыёму, Анатоль Ісачанка зазначыў, што іншым разам хочацца дапамагчы заяўніку чыста па-чалавечы, аднак усе рашэнні павінны прымацца выключна ў рамках заканадаўства.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

←В Верхнедвинске во время ремонта к «Дожинкам» нашли старинное кольцо с рунами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика