Безліч медалёў і ўсмешак

Источник материала:  

Безліч медалёў і ўсмешак

Традыцыйным стаў адкрыты турнір Давыд-Гарадоцкай ДЮСШ па дзюдо, прымеркаваны да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту, а ў гэтым годзе яшчэ да 100-годдзя пагранічнай службы і 25-годдзя Пінскага пагранічнага атрада.

Першы раз турнір праходзіў у Століне ў спартыўным комплексе “Аквамарын”. А зараз гасцей з усёй краіны ў мінулую нядзелю сустракаў аграгарадок Альшаны. Спаборніцтвы праходзілі ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе сярэдняй школы № 2. З прывітальным словам выступілі намеснік старшыні Столінскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка і дырэктар сярэдняй школы Вольга Сцяпанаўна Сімановіч.

А пазмагацца за званне мацнейшых прыехалі юныя дзюдаісты з Мінска, Брэста, аг. Новая Гута Гомельскай вобласці, Драгічына, Івацэвіч, Баранавіч, Кобрына. Некаторыя спартсмены ўжо наведвалі Альшаны ў мінулым годзе, былі і такія, хто прыехаў упершыню.Безліч медалёў і ўсмешак
 

Але і тыя, і другія выходзілі на татамі для перамогі. Відавочна, што гаспадарам турніру так проста ніхто ўступаць не збіраўся. За сваіх падапечных хваляваліся трэнеры, якія падказвалі ў ходзе спаборніцтваў, як лепш дзейнічаць з сапернікам. Бацькі прыехалі падтрымаць дзяцей і  шчыра радаваліся выйграным паядынкам.  Адны з іх Аксана і Міхаіл Казені з аграгарадка Рамель, секцыю па дзюдо якіх наведваюць сын Назар і дачка Марыя. Спачатку зацікавіўся гэтым відам спорту Назар, які ўжо неаднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам разнастайных турніраў. А вось Маша не адразу пасябравала з дзюдо, хоць і вельмі зайздросціла перамогам старэйшага брата. Затое зараз яна з ахвотай збіраецца на трэніроўкі і, як прызнаюцца бацькі, дзякуючы спорту іх дзеці сталі больш дысцыплінаванымі і не марнуюць дарэмна часу. Таму адразу два медалі зоймуць месца сярод узнагарод у іх дома: Назар стаў пераможцам у вагавой катэгорыі 30 кг, а яго малодшая сястра ў гэтай жа катэгорыі заняла трэцяе месца.

Безліч медалёў і ўсмешак
Цудоўныя вынікі і ў іншых выхаванцаў трэнера Максіма Аляксеевіча Петрусевіча. Золата ў Дзмітрыя Раманоўскага, Дзмітрыя Коваля, Івана Ярмоліча, Мікалая Мігалевіча, Ілоны Казакевіч. Сярэбраныя медалі заваявалі Юрый Дорах і Іван Коваль, а бронза ў цяжкай барацьбе дасталася Мікіце Ляшкевічу і Паліне Патрубейка.

Вялікае прадстаўніцтва на турніры было спартсменаў, якія займаюцца пад кіраўніцтвам маладога трэнера Івана Іванавіча Сямейкі. Тэхніку і правілы дзюдо ён выкладае на базе Рэчыцкай сярэдняй школы № 3. І што самае прыемнае, выхаванцы яго не падвялі і ўсе вярнуліся з медалямі. У вагавой катэгорыі 40 кг стала пераможцай Вікторыя Яцэвіч, а ў катэгорыі 30 кг – Аляксандра Гавінчык.  Таксама першымі сталі Станіслаў Хмарук, Давід Пульман, Кірыл Палхоўскі. Другія месцы занялі Ганна Гаўрыленка, Арцём Кузьміч, Максім Тонзель, Дар’я Кавальская. А бронзу заваявалі Мілана Казеня, Ілья Пракапчук, Ягор Комік, Алег Шэпель, Арцём Пігаль.

Сярод нашых сапернікаў таксама многа медалістаў. Адна з такіх Дар’я Плескацэвіч, якая займаецца пад кіраўніцтвам Таццяны Лопуць – трэнера па дзюдо Баранавіцкай СДЮШОР адзінаборстваў і веласпорту.

– Мы тут упершыню і нас вельмі парадавала арганізацыя турніру, – дзеліцца Таццяна Лопуць. – Цудоўны комплекс, абсалютна камфортнае размяшчэнне. Для спартсмена, нават пачынаючага, важна, каб былі ўсе ўмовы і нішто не адцягвала ўвагу ад галоўнай задачы – перамогі. Прыемна бачыць, што ў вас развіваецца гэты від спорту, і як спецыяліст скажу, што сапраўды высокі ўзровень падрыхтоўкі. Мы часта сустракаемся на розных турнірах як у Баранавічах, так і іншых гарадах. Спадзяюся, што ў наступным годзе таксама прыедзем сюды. Таму зараз хочацца больш пазнаёміцца з Альшанамі.

Безліч медалёў і ўсмешак

Свята спорту закончылася віншаваннем пераможцаў і прызёраў, а бацькі, узброіўшыся фотакамерамі, фатаграфавалі сваіх задаволеных дзяцей. Менавіта такія моманты дапамагаюць паверыць у сябе і ў будучыні не згубіцца ў жыццёвым кругавароце. Дзюдо – алімпійскі від спорту, якому ў нашай краіне нададзена вялікая ўвага. Таму за арганізацыю і фінансаванне словы падзякі аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дырэкцыі школы і Пінскаму пагранічнаму атраду. І, безумоўна, бацькам, якія прыехалі сюды за дзясяткі кіламетраў і з’яўляліся самымі галоўнымі балельшчыкамі для сваіх дзяцей.

Безліч медалёў і ўсмешак

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

←«Интересная неделя» прошла с интересом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика