«Разумею, што ўсё ў маіх руках»

Источник материала:  

«Разумею, што ўсё ў маіх руках»
Быць выдатнікам заўсёды было прэстыжна. Але разам з тым і вельмі адказна. На іх спадзяваліся не толькі настаўнікі. Вучні, якім да вучобы не было ніякай справы, на выдатнікаў глядзелі, як на выратавальнае кола.

Анастасія Казуля – вучаніца 10 класа Сямігосціцкай сярэдняй школы разумее гэта, бо з пятага класа з’яўляецца выдатніцай. Але дадае, што зусім не стамляецца ад свайго статуса, наадварот, адчувае задавальненне, калі можа каму дапамагчы.

Настаўнікі ў Насці душы не чуюць, называюць універсальнай вучаніцай. Трэба на конкурс, калі ласка, на алімпіяду, зноў без праблем, паўдзельнічаць у мерапрыемстве – дзяўчына не адмовіць. І колькі б ні было ў яе спраў, для ўсяго яна знойдзе час. Але аб сваіх дасягненнях гаворыць з неахвотай, нават крыху саромеецца. А ганарыцца здольнай вучаніцы ёсць чым. Насця з’яўляецца пераможцай раённага этапа алімпіяды па хіміі ў гэтым годзе. Двойчы яна станавілася другой па хіміі і фізіцы. А ў лютым упершыню прыняла ўдзел у  XXII рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару ў секцыі «Біялогія», які праходзіў у сталіцы. Хоць перад такім сур’ёзным журы прыйшлося выступаць, Насця не збянтэжылася, таму вярнулася з пахвальным водзывам.

– Няўжо зусім не хвалявалася?

– Не буду хлусіць, крыху збянтэжылася, калі ўбачыла,  перад  якой  аўдыторыяй давядзецца расказваць аб сваёй рабоце. Але потым зразумела, што дарэмна. Перада мной такія ж людзі, як і я. Удзельнікі, а іх было больш за 30, з Беларусі і Расіі падтрымлівалі адзін аднаго. Адразу завязаліся сяброўскія адносіны, якія і зараз падтрымліваем.

Я вельмі рада, што мне пашчасціла прадстаўляць школу на канферэнцыі такога ўзроўню. Хачу падзякаваць настаўніку Аляксандру Іосіфавічу Альгамцу, які быў кіраўніком майго даклада. Упэўнена, у будучыні гэты вопыт мне абавязкова спатрэбіцца.

– Насця, як атрымліваецца столькі інфармацыі трымаць у галаве?

– Калі мне цікава, я адразу запамінаю. У гэтым мне з памяццю пашанцавала. Ніколі не “зубру” параграфы і лічу, што ад гэтага карысці ніякай. На мой погляд, нельга чалавека прымусіць вучыцца. Тут усё проста: альбо ёсць жаданне, альбо няма. Шчыра прызнаюся: я не імкнулася быць выдатніцай і адзнакі для мяне не былі галоўнай мэтай у вучобе.  Проста я атрымліваю задавальненне ад таго, чым займаюся. І разумею, што ўсё ў маіх руках. Упэўнена, людзі самі ствараюць сваю будучыню.

– Значыць, ты зусім не верыш у лёс?

– Чаму ж? Веру, але не настолькі, каб нічога не рабіць і плысці па цячэнні. На мой погляд, калі чалавек хоча дасягнуць нейкай мэты, ён не будзе сядзець склаўшы рукі і чакаць нейкага шчаслівага выпадку. Толькі ўчынкі яскрава могуць расказаць пра чалавека. Я сур’ёзна стаўлюся да абяцанняў і сама не  буду запэўніваць, калі ведаю, што не змагу іх выканаць. Падводзіць людзей не ў маіх правілах. Давер вельмі лёгка згубіць, а вось зноў  яго заслужыць зусім не проста.

– Зыходзячы з тваіх дасягненняў, раб-лю выснову, што ты любіш дакладныя навукі. Пэўна, ты з імі і будучыню хочаш звязаць?

– Можа здзіўлю вас сваім адказам, але з будучай прафесіяй я яшчэ не вызначылася. Знаходжуся ў пошуку. Мне падабаюцца фізіка і хімія, магу гадзінамі рашаць задачы (Насця нават часопіс “Юны фізік” выпісвае). Але хочацца штосьці самой зрабіць, адчыніць якую справу. Мой удзел ва ўсіх гуртках і аб’яднаннях – гэта таксама пошук сябе. Упэўнена, той чалавек шчаслівы, які знойдзе сваё прызначэнне. Мы ж большую частку жыцця праводзім на рабоце, таму нельга цудоўна займацца тым, да чаго не ляжыць душа.

– А што падказваюць бацькі?

– Я вельмі люблю сваіх бацькоў і ўдзячна ім за тое, што яны заўсёды ідуць насустрач і падтрымліваюць мяне. Думаю, што не зраблю адкрыццё, калі скажу, што сям’я – гэта самае галоўнае багацце для любога чалавека. Матуля  і сястра Ганна – мае лепшыя сяброўкі, і разам з тым – мае самыя строгія крытыкі. З імі часта раюся. Бацька таксама ў курсе ўсіх маіх спраў. Так і бабулі з дзядулямі, якія ў мяне самыя лепшыя. Удзячна ім за тое, што яны даюць магчымасць мне быць такой, якая я ёсць. Гэта вельмі важна для мяне.

– Існуе выказванне, што чалавек без хобі не можа пражыць шчаслівае жыццё? Ці згодна ты з ім?

– Згодна на 100 працэнтаў. Хобі – гэта свайго роду адпачынак.  Неяк захацела навучыцца пячы торт. Перагледзела стос рэцэптаў, відэаўрокаў. Не адразу атрымалася, але зараз не без гонару скажу, што асвоіла гэтую справу. Неяк паспрабавала ў рэстаране сушы, стала цікава, як жа робіцца гэтая страва. Таму на святы рыхтую і іх.

Мне падабаецца, калі дзяўчына сочыць за сабой. У гэтым прыклад для мяне – мая маці. Зараз стала модна гелевае фарбаванне пазногцяў. Таму, параіўшыся, набыла неабходныя прылады і мае сяброўкі ходзяць з манікюрам, які зрабіла для іх я.

Адпачываю з алоўкамі і фарбамі, маляванне для мяне – рэлаксацыя. І проста абажаю танцаваць, гэта дапамагае ўзбадзёрыцца, калі настрой не той, што трэба.

А яшчэ пачала пісаць вершы, праўда, пакуль для сябе. Гэта дапамагае размясціць думкі ў галаве. Упэўнена, трэба не баяцца спрабаваць штосьці новае. Для гэтага і існуе наша жыццё.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота  аўтара

 

←Из зимы в +12 за три дня. Погода в Могилеве в выходные

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика