Сярэднявечная дыскатэка пад старой харугвай. Віцебск адсвяткаваў наданне гораду Магдэбургскага права
Віцебск напрацягу двух дзён — у чацвер і пятніцу, адзначаў важную дату са сваёй гісторыі: 17 сакавіка 1597 года горад атрымаў Магдэбургскае права. Такое свята прайшло ў абласным цэнтры ўпершыню, але адразу стала папулярным. Кожная з імпрэз у афішы збірала шмат гараджан, якім цікава родная гісторыя.

У першы дзень арганізатары спачатку запрасілі ўсіх ахвотных у ратушу — на лекцыю пра Магдэбургскае права. А потым вядомы віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар правёў экскурсію па горадзе.
А 18 сакавіка святкаванне працягнулі ў канцэртным зале. Народны клуб гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн» прэзентаваў тут праект «Віцебская харугва». Ён уяўляе сабой навуковую рэканструкцыю матэрыяльнай культуры Віцебскага апалчэння ў 1600−1650-я гады. Сябры клуба амаль 13 гадоў аднаўляюць адзенне, абутак, зброю, даспехі, амуніцыю, бытавыя рэчы і прылады, якімі карысталіся мясцовыя шляхта і мяшчане ў першай палове XVII стагоддзя.
Акрамя таго, рэканструктары прадэманстравалі на сцэне паказальныя баі.
А затым на сцэну выйшаў знакаміты гурт «Стары Ольса». І пачалася сярэднявечная дыскатэка! Гэты калектыў досыць часта прыязжае ў Віцебск, але кожны раз з’яўляецца чаканым і вельмі шаноўным госцем.









