Дзед Андрэй, які прайшоў вайну, і бабуля, што ўнука пахавала. Фота пра жыццё палешукоў
У Галерэі TUT.BY працуе выстава з каларытнымі фотаздымкамі, зробленымі напрыканцы ХХ стагоддзя. Пабачыць, як жылі палешукі на Піншчыне, можна да 15 студзеня 2016 года. Аўтар фота распавёў пра беларусаў на фотаздымках, іх лёсы, няпростую долю і моцны характар.
Атрымаць давер
Атрымаць давер мясцовых людзей чалавеку з фотаапаратам было няпроста.
— Разлічваць на тое, што чалавек адразу табе ўсю душу сваю раскрые, цяжка. Нацыянальная рыса, можа быць, такая ёсць у беларусаў, таму што яны прайшлі складаны шлях балючых сустрэч. За адно пакаленне шмат што змянялася: дзяржаўная фармацыя i г. д. І яны глядзяць насцярожана на чужога чалавека, — распавядае аўтар фотаздымкаў Уладзiмiр Меляшэнка.
Сярод героеў Меляшэнкі — жыхары вёсачкі Прыпяць. Каб дабрацца да Пінска, ім патрэбна было пераплываць з аднаго боку ракі на другі.
— Мне пашчасціла атрымаць давер гэтых людзей. І калі ты адчуваеш, што ён ёсць, што да цябе адкрываецца сэрца чалавека, тады і гаворка ідзе, і здымак прасцей зрабіць.
Давер Уладзімір Меляшэнка атрымаў — пасля доўгіх гадоў сяброўства жыхары Церабня ганарова прынялі ўраджэнца Браншчыны ў «церабенцы».
Моцныя людзі
Фатограф распавядае: лёс зводзіў яго з моцнымі людзьмі. Чым далей, тым больш разумеў: здзівіць іх няма чым.
— Гэта ўсё ад таго, што яны ў сваім жыцці шмат чаго пабачылі. Шмат з іх ці ўдзельнікі вайны, ці яны працавалі на баўэраў у Германіі, ці іх маленства ў вайну прайшло.
Уладзімір Меляшэнка распавядае пра палескага дзядзьку Ананія, суседа па вёсцы. Падчас вайны яго загналі ў Германію, працаваў там «на баўэра».
— І ведаеце што? Акрамя цяжкасцей, ён прынёс адтуль тое, чым карыстаўся ўсё жыццё. Казаў: «Валодзька, я там навучыўся глебу абрабляць па-новаму». І ў яго агарод быў лепей, чым ва ўсіх астатніх у гэтым паселішчы.
Неабыякавы аўтар фотаздымкаў прыгадвае, як той самы дзядзька Ананій, калі працаваў лесніком, падышоў і папрасіў дапамогі.
— Кажа: «Валодзька, рыюць кар’ер — кусок забіраюць, ужо і сосны пайшлі пад экскаватар, якія я садзіў». Шкада яму леса — трэба нешта рабіць. Мы з сябрамі звярнуліся да Інстытута гісторыі. І праз некаторы час атрымалася, што там — паселішча Каменнага веку. І быў пастаўлены знак.
Ці ўзяць другога героя фотаздымкаў — жанчыну, якая не дачакалася мужа з Айчыннай вайны, а ўнука — з Афганістана.
— Калі яна прыйшла да магілы, дзе напісана: «Ён загінуў у Афганістане», то вельмі балюча было бачыць гэтую жанчыну, словамі не перадасі. Я зрабіў там здымак — са спіны толькі. І яшчэ пазней, калі вярнуліся дадому і яна крыху адышла. Нельга было вытрымаць яе вочы, яе твар. Гэта тыя самыя цяжкасці, калі ты бачыш складаныя жыццёвыя моманты, праз якія людзі прайшлі і засталіся людзьмі.
Яшчэ на адным фота — дзед Андрэй, які косіць сена, седзячы на зэдліку. У вайну паляшук страціў нагу, але ён сам даглядае сваю гаспадарку.
— Справа не ў тым, што няма каму яго даглядзець ці памагчы зрабіць якую справу. А ў тым, што чалавека пакрыўдзілі б, каб сказалі: ты не здольны зрабіць гэта сам. Для яго важна самому — і ён гэта робіць.
Лад жыцця — няшчасны і шчаслівы
На фотаздымках — людзі, быт у якіх цяжкі. Але, упэўнены аўтар выставы, гэта вельмі яскравае жыццё, і ў гэтых людзей можна шмат чаму навучыцца.
— Вельмі прыемна было глядзець на людзей, якія, на наш погляд, сучаснага чалавека, жылі ў ладу з сабой, людзьмі і наваколлем. Мая радасць берагоў не бачыла. Баба Вера — у вёсачцы жыве, у яе з глебы пол, хатка чатыры на пяць метраў — але яна шчаслівая па-свойму, ведаеце. У яе свая гаспадарачка, паліва на зіму хапае. Яна ў такіх умовах не тое каб выжывае, а жыве.
Жыхары палескіх вёсак, у якіх пабываў Меляшэнка, адвозілі рыбу ў Пінск, прадавалі і вярталіся з усім патрэбным. Далікатнымі культурамі не займаліся — сеялі жыта, проса, садзілі бульбу. Мужыкі і жонкі дапамагалі адзін аднаму да самых апошніх дзён.
Уладзімір Меляшэнка распавядае, што аднойчы зрабіў фотавыставу для сваіх герояў, у Церабні. Фотаздымкі развесілі на вуліцы — героі, гледзячы на саміх сябе, то смяяліся, то плакалі.
На сённяшняй выставе ўсе фотаздымкі без подпісаў. Ідэя аўтара — не даваць накірунку ўспрыняцця здымка, а выклікаць асабістае бачанне кожнага чалавека.
— Для мяне ўсе здымкі зліваюцца ў адзін вобраз — вобраз пакалення, якое амаль ужо сышло з жыцця, застаўся толькі свет іх вачэй. Нам цяпер трэба зразумець, што мы ўзялі ад гэтых людзей, што згубілі, і, як у люстэрка, самім на сябе паглядзець.
Выстава фатаграфіі «Паміж берагоў. З жыцця палешукоў на Піншчыне напрыканцы XX стагоддзя».
15 cнежня 2015 — 15 студзеня 2016.
Адрас: Галерэя TUT.BY. Панядзелак-пятніца з 9.00 да 18.30. Уваход вольны. Адрас: Мінск, пр-т Дзяржынскага, 57, 9-ы паверх (ст. м. «Міхалова», БЦ Omega Tower).
Арганізатары экспазіцыі — Альберта Цехановіч и Андрэй Васкрасенскі.