У Косаве ўшанавалі Тадэвуша Касцюшку
03.02.2015 08:22
—
Новости Общества
Ушанаваць змагара за свабоду прыехалі дыпламаты ЗША, Польшчы, Украіны, Швейцарыі, прадстаўнікі ўлады і дэмакратычнай грамадзкасці.
На пачатку ўрачыстасцяў да мемарыяльнага каменя з выявай Тадэвуша Касцюшкі ўсклалі кветкі. Івацэвіцкія чыноўнікі традыцыйна прывезлі вянок з чырвона-зялёнымі стужкамі. Потым кветкі ўсклалі дыпламаты і прадстаўнікі грамадзкасці. Берасцейскія сацыял-дэмакраты і актывісты кампаніі "Гавары праўду" сфатаграфаваліся з сваімі сцягамі.
Пасля прысутныя накіраваліся ў сядзібу-музей Тадэвуша Касцюшкі, дзе ў часе экскурсіі прагледзелі дакументальны фільм пра нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША. Замежныя госці прэзентавалі музею свае падарункі, прадстаўнікі польскай фундацыі Касцюшкі распавялі пра планы адкрыць у Тэрэспалі помнік у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. Палякі павезлі да гэтага помніка зямлю з падмуркаў сядзібы Касцюшкі.
Кіраўніца Берасцейскай філіі прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк, прысутная на ўрачыстасцях, выказала Свабодзе думку, што на радзіму Касцюшкі павінна прыяжджаць больш беларусаў:
"Вельмі прыемна сёння бачыць тут прадстаўнікоў міжнароднай грамадзкасці. Але сорамна, што тут так мала беларусаў... Калі цяжка, то трэба вось тут пабываць, дзе быў такі чалавек, у якога, можа, перашкодаў было болей, чым у нас".
Жыхар Кобрына Аляксандар Мех кажа, што свята нараджэння Тадэвуша Касцюшкі павінна быць агульнанацыянальным і ў ім павінны браць шырэйшы ўдзел прадстаўнікі як апазыцыі, так і дзяржаўнай улады:
"Вельмі шкада, што ў гэтым свяце не бяруць удзелу палітычныя дзеячы з Мінску. А што да дзяржаўнага ўзроўню, гэтае свята павінны прадстаўляць афіцыйны кіраўнік Берасцейскай вобласці і хтосьці з афіцыйнага ўраду".