Бяздомнаму мастаку з Гомеля няма дзе паглядзець фільм пра сябе

Источник материала:  
15.10.2014 14:12 — Новости Общества
Незвычайны поспех атрымаў беларуска-шведскі фільм пра бяздомнага мастака з Гомеля. Але на лёс мастака гэта не паўплывала.




65-хвілінная дакументальная стужка "Перакрыжаванне" беларускага рэжысёра Настассі Мірашнічэнкі апавядае пра бяздомнага мастака Валера Ляшкевіча, які дваццаць гадоў жыве на чыгуначным вакзале ў Гомелі і малюе свае карціны на вуліцах. Фільм паказвае яго як таленавітага мастака і філосафа, які мае шмат што распавесьці аб праўдзе жыцця.

На 25-м адкрытым фэстывалі дакумэнтальнага кіно "Расія" фільм атрымаў адразу тры ўзнагароды: "Найлепшы фільм пра чалавека-стваральніка", "Найлепшы дэбют" і "Прыз сымпатый гледачоў".

Фільм пра бяздомнага мастака Валера Ляшкевіча трапіў таксама ў праграму Варшаўскага кінафэстывалю, які праходзіць 10-19 кастрычніка.

Сам бяздомны мастак Валер Ляшкевіч досыць спакойна і нават пэсымістычна адрэагаваў на поспех дакумэнтальнага фільма пра яго. Ён па-ранейшаму захоўвае свае карціны, рэпрадукцыі, эскізы ў камерах захоўвання чыгуначнага вакзалу, а сам жыве, па-сутнасці, на вуліцы. Начуе на лаўках у дварах, у пад'ездах і падвалах шматпавярховікаў альбо проста сядзіць ноч на вакзале ў залі чакання.

"Мне ўжо паведамілі, што фільм атрымаў тры прызы, і прызы вельмі шаноўныя. Яны сведчаць пра тое, што справу сваю рэжысэр зрабіла надзвычай высока. А што датычыць мяне, то пакуль няма ўмоваў для паляпшэньня маёй працы. Мяне нічога ня радуе, бо жыццё заканчваецца, а я на вуліцы накіды карцінаў раблю, хоць і змест у іх укладваю. І бывае, што нават больш зместу, чым у трохмэтровых палотнах некаторых мастакоў".

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.


Валер Ляшкевіч сказаў Радыё Свабода: ён добра разумее, што жыллёвыя праблемы вырашаюцца не проста. Але ён і не патрабуе нейкае памяшканне ва ўласнасць. Яму б хоць невялічкая майстэрня для працы - да таго часу, пакуль ён здатны працаваць:

"Сённяшнія ўлады маюць шмат праблем, і адна з галоўных - менавіта жылплошча. Яна дорага каштуе. А што да культуры і мастацтва, то яны тут не вельмі рупяцца, асабліва гомельскія ўлады. Адносіны былі ў мяне складаныя з імі, нягледзячы на тое, што ўсе газэты напісалі пра мяне. І па тэлебачанні паказвалі. Але я так і не пайшоў абіваць парогі да іх. Адносіны да мяне, безумоўна, сталі мякчэйшымі і больш ўважлівымі.

Яны дапускаюць, што я таленавіты. Але яны не дапускаюць разглядаць гэтае пытанне ў такім рэчышчы, каб ад вобласці нешта адарваць і мне даць. Я ад іх такога не пачуў. Я яшчэ раз нагадаю, што я не хадзіў і парогі не абіваў. Я раней абіваў. Дык на мяне надзелі кайданкі, пасадзілі за краты, а потым вывезлі ў Расею - дэпартавалі.

Думаю так: яны ведаюць маю праблему. Кожны дзень людзям крычу на вуліцы у спадзеве: можа, падыдуць і прапануюць: "Валер, будзеш працаваць, дамо табе памяшканне. Ва ўласнасць табе не можам аддаць, а толькі на час працы. Пакуль ты здольны працаваць". Гэта разумна было б, але яны гэтага не робяць".


Мастак кажа, што страціў ужо надзею займець у Гомелі свой кут:

"Я ўжо перастаў спадзявацца, і нават на іх не абураюся. Што толку, што я буду на іх абурацца? Трэба апошнюю энэргію затраціць на тое, каб яшчэ некалькі кампазіцый скласьці пра складанасці часу, пра адносіны чалавечыя і міждзяржаўныя".

Працы Валерыя Ляшкевіча захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, Гомельскага палацава-паркавага ансамблю, Заслаўскага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку, а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расеі, краінах Эўропы і ЗША.

Выставы карцін Валерыя Ляшкевіча прайшлі ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску і Гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў.

Здымачная група фільма "Перакрыжаванне", якая за ўласныя сродкі стварыла стужку, збірае грошы на пакупку жылля для мастака. Адкрыты дабрачынны рахунак у банку:

Ляшкевіч Валерый Віктаравіч, дамова № 884392, рэгіянальная дырэкцыя № 300 ААТ "БПС-Сбербанк", Гомель, Сялянская 29а, код банка 369.
←В Могилеве люди предпенсионного возраста стали чаще менять профессию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика