Яровым бы добавить азоту

Источник материала:  
ПЕРШЫМІ ў Шаркаўшчынскім раёне сяўбу па традыцыі пачынаюць у КУП СГП «Гарадзец», бо землі тут «вышэйшыя» і не такія гліністыя. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Тут пасеяна ўжо больш за дзвесце гектараў ячменю.

Гэту адказную работу выконвае малодшы з хлебаробскай дынастыі Урублеўскіх — Юрый, які працягвае слаўную эстафету  ветэрана Вялікай Айчыннай вайны дзеда Івана і бацькі Часлава.

— Юрый у нас галоўны сеяльшчык і восенню, і вясной, — паведамляе дырэктар гаспадаркі Аляксандр Маркевіч. — Пры спрыяльных умовах засявае да пяцідзесяці гектараў у дзень. А ўвогуле, што яму ні даручы, зробіць на вышэйшым узроўні: і на ворыве глебы, і на нарыхтоўцы кармоў, і на жніве.

У гэтай жа гаспадарцы працуе і брат Юрыя — Андрэй. Правы механізатара яны атрымалі яшчэ ў мясцовай Лужкоўскай школе, а потым ўдасканальвалі свае веды ў вучэбным камбінаце. Атрымаўшы правы, ён  садзіцца за штурвал практычна ўсёй сельскагаспадарчай тэхнікі.

Яравы клін прадпрыемства займае чатыры тысячы гектараў. Гэта з улікам перасеву 580 гектараў азімых, рапсу і зерневых. Ёсць неабходны запас насення, няма перабояў і з пастаўкай гаручага.

З першых дзён назіраецца зладжанасць, арганізаванасць. Работа — увесь светавы дзень, затое кожны чацвёрты — у механізатара выхадны. Людзей прывозяць на працу і адвозяць, бо некаторым дабірацца за добры дзясятак кіламетраў. Двухразовае каларыйнае харчаванне. Рэгулярна выдаюцца разліковыя лісткі па зарплаце.

Праблема існуе з забеспячэннем азотнымі ўгнаеннямі: што было, пайшло на падкормку азімых, а вось на саму сяўбу — не стае.

Тут, як лічыць Аляксандр Маркевіч, сутнасць у напрамку вытворчасці. Хто займаецца малаком, як, напрыклад, ААТ «Даватарскі», маюць за яго надбаўку, і яна якраз ідзе на набыццё  азотных угнаенняў. «Гарадзец» — гаспадарка свінаводчая і за свініну падобнай льготы не мае.

Каб неяк ў будучым выйсці з гэтай сітуацыі, механізатар  Яўген Агрызка сеялкай СЗТ-5,4  разам з зерневымі падсявае доннік, бо папярэднікі з бабовымі не патрабуюць унясення азоту.

Як паведаміў старшыня райвыканкама  Мікалай Баговіч, план яравой сяўбы ў раёне — 19 тысяч гектараў. Да іх дабавілася 2,5 тысячы перасеву. Загінула 30 працэнтаў азімых і 80 — рапсу. Работы разгорнуты ўсюды, дзе толькі магчыма. Калі ў КУП СГП «Гарадзец» ідзе ўжо сяўба, то ў сельгаспрадпрыемстве  «Юдыцына» землі нізкія, забалочаныя. Там пакуль што  падкармліваюць азімыя, травы, выпасы. Улічваючы напружанасць з азотнымі мінеральнымі ўгнаеннямі, падкормку азімых разбілі на дзве дробныя «порцыі». Не выклікае трывогі забяспечанасць насеннем. Няма перабояў з гаручым: яно набываецца за бюджэтныя сродкі. Спонсарскую дапамогу аказвае «Нафтан».

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

←Старшыня сказаў: «У ДОБРЫ ШЛЯХ!»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика