Жыхарка Чашніцкага раёна заплаціць за сваё "хобі" - выклікаць міліцыю
Без усякай прычыны жыхарка Чашніцкага раёна тройчы за кароткі прамежак часу выклікала міліцыю на дапамогу. На жаль, у некаторых суграмадзян ёсць "хобі": "дзеля смеху" тэлефанаваць у міліцыю, пажарную службу, "хуткую"…
- Жанчына была аштрафавана на больш як 360 тысяч рублёў. Дарэчы, летась за прыкладна 2,5 месяца пракуратурай у суд пададзена 16 іскаў аб спагнанні шкоды ў выніку лжывых паведамленняў у міліцыю, - расказала "Звяздзе" Алена Мацяйковіч, старшая памочніца пракурора Чашніцкага раёна.
Яна нагадала, што за заведама лжывае паведамленне, якое стала повадам для прыняцця мер рэагавання спецыялізаванымі службамі, грамадзяніна могуць аштрафаваць на суму ад 4 да 15 базавых велічынь.
- А за такое ж паведамленне, здзейсненае паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь, - дадалі ў пракуратуры.
Перш чым набраць нумар "102" або іншыя вядомыя ўсім кароткія нумары, каб паведаміць ілжывую інфармацыю, падумайце, а ці варта...