Фатограф Сяргей Грыц з Кіева: "Цэляцца па журналістах"

Источник материала:  
22.01.2014 15:02 — Новости Общества

Вядомы беларускі фотакарэспандэнт, журналіст агенцтва Associated Press Сяргей Грыц у інтэрвію Радыё Свабода распавёў пра працу журналістаў пад кулямі, а таксама пра тое, як трэба паводзіць сябе ў гарачай кропцы, каб не стаць лёгкай здабычай стралкоў.

- Вы раней бывалі з фотакамэрай у іншых гарачых кропках. Чым Майдан падобны да іх?

- Я бываў у падобных кропках у Маскве, у Баку, у Тбілісі. Адрозненьняў амаль ніякіх: народ жадае жыць сваім жыццём, дзейная ўлада спрабуе гэтае жаданне прыціснуць рознымі паліцэйскімі метадамі. Калі і ёсць нейкае адрозненне паміж Масквой, Мінскам, Тбілісі, Кіевам, то толькі ў колькасці пратэстоўцаў, іхнай тактыцы і метадах, якія ўжывае ўлада, каб заціснуць пратэст. У адных краінах улада вычэквае, у другіх - жорстка падаўляе проста ў зародку, у трэціх - дае пратэсту магчымасць развівацца да яго самастойнага затухання.

- Як пачуваецеся пасля ўдару гумовай кулі?

- Я цяпер працую на вуліцы Грушэўскага, дзе з раніцы віравалі самыя гарачыя падзеі. Я зноў сюды вярнуўся. Пакуль, здаецца, ціха. Я сведчу, што тыя міліцыянты, якія трымаюць вінтоўкі, цэляцца і страляюць менавіта па журналістах, фота- і відэааператарах. Я сам злавіў каптуром курткі гумовую кулю, добра, што са мной нічога не здарылася, так, чапянула трохі. А вось мой калега Васіль Фядосенка атрымаў такую ж кулю проста ў лоб, яна трапіла акурат паміж абарончымі акулярамі і каскай. Ну, нічога, нічога. Ён цяпер у нармальным стане. Вядома, ён збянтэжыўся, таму што гэта вельмі балюча і ашаламляльна.

- Што адбываецца з тымі, у каго трапляюць гумовыя кулі і хто не мае абарончай вопраткі?

- Я бачыў, як людзі курчацца ад болю, калі куля трапляе ў грудзі ці ў жывот. Яны курчацца і падаюць ад болю. Натуральна, што іх падымаюць і адводзяць убок да медыкаў, таму што гэта вельмі балюча і вельмі небяспечна, асабліва калі куля трапляе ў твар.

- Як вы бароніцеся ад куляў?

- Я маю моцны спартовы шлем і бронекамізэльку. І стараюся сябе паводзіць так, каб не стаць лёгкай здабычай для стралкоў: не паварочвацца да іх тварам, не стаяць на адным месцы, не падыходзіць блізка, не трымаць адкрыты твар, хавацца за якія-небудзь прадметы - слупы, тумбы, не падыходзіць у тыя месцы, дзе пратэстоўцы кідаюць бутэлькі і камяні ў міліцыянтаў, таму што гэта гэтае месца заўсёды пад абстрэлам.Таксама важна пастаянна кантраляваць позіркам міліцыянтаў, таму што яны лёгка мяняюць свае газавыя і светлавыя гранаты на звычайныя камяні.

- Ці дапамагаюць фотажурналісты адзін аднаму ў такой складанай сітуацыі?

- Увогуле, сюды навічкоў не адпраўляюць. Тут людзі спрактыкаваныя, дасьведчаныя. Але, напрыклад, сёння я некалькім чалавекам параіў зняць яркія аранжавыя камізэлькі з надпісам "Прэса". Таму што калі ў цемры стаіць маса пратэстоўцаў, то ў міліцыянтаў узнікае вялікая спакуса вылічыць яркую аранжавую пляму і пульнуць. Я сведчу пра тое, што яны выглядаюць у натоўпе менавіта журналістаў і страляюць па іх. Таму тут лепш адмовіцца ад гэтых камізэлек і паспрабаваць зліцца з дэманстрантамі. А так у фатографаў і журналістаў няма часу дзяліцца досьведам і дапамагаць, кожны сам за сябе. Ну, калі каго параніць, дык выцягнем, не кінем.

←В деревне Новины проводили Коляду старинным обрядом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика