Дома сумна. Падарожжа васемнаццатае. Міхалёўка-Новы год
Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць! |
♦ Падарожжа першае. Івакі
♦ Падарожжа другое. Кольна
♦ Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
♦ Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
♦ Падарожжа пятае. Неглюбка
♦ Падарожжа шостае. Зялёны Мох
♦ Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
♦ Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
♦ Падарожжа дзевятае. Губарэвічы
♦ Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны
♦ Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
♦ Падарожжа дванаццатае. Вулкан
♦ Падарожжа трынаццатае (шчаслівае). Грушачка
♦ Падарожжа чатырнаццатае. На Веткаўшчыну, дзе стралу хаваюць
♦ Падарожжа пятнаццатае. Аціркі
♦ Падарожжа шаснаццатае. Юравічы
♦ Падарожжа сямнаццатае. Стрэнькі
У навагоднюю ноч мы не маглі сядзець ля блакітнага экрану і чакаць такога ж колеру «аганёк», таму што ў нас няма, на шчасце, той скрынкі ці плазмы на ўсю сцяну, праз якую можна замбавацца ў сваё задавальненне 31 снежня. Таму мы паехалі шукаць не блакітны, а сапраўдны «аганёк», дакладней — вогнішча. І так трапілі ў вёску Міхалёўка Лоеўскага раёну. І знайшлі там і свята, і вогнішча, і Дзеда Мароза, і падарункі!
Шлях наш быў цьмяны і складаны. У навагодні вечар быў такі туман, што мы ледзь прадзіраліся на аўтамабілі праз той малочны кісель. Бачнасць была — ніякая. Неверагодным цудам удалося адшукаць Міхалёўку. Але як толькі мы прыехалі ў вёску, нам было коратка загадана ехаць недзе яшчэ далей, у лес, і шукаць там паходні, якія і прывядуць нас на нейкую загадкавую таямнічую паляну, вядомую толькі сваім, міхалёўцам (мы не свае).
Зноў паўзём праз туман-кісель у невядомым накірунку, аж пакуль паміж дрэў не заўважылі мільгаценне агеньчыкаў. Спыніліся. Паходні ўздоўж лясной сцежкі вялі нас усе глыбей і глыбей у лес, было страшна і цікава. За намі, перад намі рухаліся нейкія людзі з дзецьмі. Нарэшце мы апынуліся на лясной паляне з палаючым ледзь не да неба вогнішчам! З Дзедам Марозам і Снягуркай, якія ласкава запрашалі гасцей да стала, частавалі гарбатай з сапраўднага самавару!
Варта заўважыць, што насельніцтва Міхалёўкі — два дзесяткі чалавек, узрост пераважнай большасці якіх пераваліў за 60 гадоў. І толькі два разы ў год — на самаарганізаванае свята вёскі ў жніўні і на Новы год тут збіраюцца міхалёўцы, раскіданыя па ўсёй Беларусі ды па белым свеце. Вязуць сюды дзяцей, унукаў. Тут — карані.
Мы бачым прыгожыя кветкі, гонкія сосны, беластволыя бярозы, атрымліваем замілаванне ад прыроды. Але карані заўсёды застаюцца таямніцай. Карані — без якіх не было б нічога, якія сілкуюць дрэвы, травы, кветкі. Яны, схаваныя ў зямлі, валодаюць неверагоднай сілай, забяспечваюць жыццё. І мы маем свае карані. Без іх мы ніхто на гэтай зямлі. Таму і едуць на малую радзіму міхалёўцы са ўсяго свету, каб атрымаць тут тое сілкаванне, тую энергію, якую нідзе не знойдзеш. Малая радзіма валодае вялікай прыцягальнасцю. Яе адчуваюць тыя, хто маюць вялікія сэрцы.
«Памірае наша вёска..», — сумна канстатуюць адны. «Будзе жыць, пакуль мы жывём!», — не губляюць надзеі іншыя. Такія, як жыхар Гомеля Мікалай Мікалаевіч Шульга. Гэта ён штогод збірае землякоў на традыцыйнае свята вёскі. Гэта ён ператвараецца штогод 31 снежня ў Дзеда Мароза і чакае ўсіх міхалёўцаў ля вогнішча на лясной паляне. А яны едуць! З Мінску, Гомеля, Лоева, Рэчыцы.
«Шкада, што 31-га — працоўны дзень... Шмат сямей нашых не здолелі прыехаць з Мінску. Але з Гомеля, Лоева прыехалі, нават з Краснадарскага краю мой пляменнік з сям'ёй прыехаў на свята. У іх у Расіі канікулы доўгія, вось і наведалі радзіму. Мы дзесяць гадоў тут збіраемся ў лесе. Раней у вёсцы была школа, клуб. У клубе ладзілі свята. Зараз жа — адны пенсіянеры засталіся, ні клуба, ні школы. Зімовы вечар 31 снежня да дванаццаці сумна чакаць, вось мы і прыдумалі гэта свята ў лесе. І мы ўсе едзем сюды, вязём дзяцей, унукаў, дзецям вельмі падабаецца», — распавядае Мікалай Мікалаевіч-Дзед Мароз.
Гарадскія дзеці толькі вачамі лыпалі ды галовамі круцілі, як ішлі па начным лесе ды выйшлі на чароўную паляну з Дзедам Марозам і Снягуркай. Тыя пачалі прымаць у дзяцей «экзамен» па зімовых вершах, шчодра адплаціўшы за паэзію падарункамі.
Для гасцей быў накрыты стол, чакаў сапраўдны самавар з гарбатай з зёлак. Смачная гарбата была тая, неверагодна смачная!
Потым пад'ехаў аўтамабіль, і адтуль выскачыў баяніст, як зайграў — дык усе ў скокі пусціліся. Музыка — жыхар Лоева Аляксандр Іванец, працуе ў лясгасе, а спявае ад душы і для душы.
Тым часам паміж конкурсамі, латарэямі, жартамі, спевамі і карагодамі Мікалай Мікалаевіч паспеў распавесці нам, што міхалёўцы — гэта такая нацыянальнасць.
«Мы вось, міхалёўцы, заўсёды былі дружныя, так склалася. У нас хаты ніколі не замыкалі, ды і зараз я прыязджаю, пайду на гарод, клямку павешу і ведаю, што тут ніхто ніколі нічога не ўкрадзе. У нашых, калі што здарыцца, бяда якая — тут жа перадалі адзін аднаму, усе кінуліся, дапамаглі ўсім светам. Неяк так злачынцаў, злодзеяў сярод нас не заводзілася. Што бяда, што радасць — мы ўсе разам. Я так вырас. Так сваіх дзяцей прывучаю. Можа, не будзе нас — хай бы нашы дзеці, унукі прыязджалі сюды, жыла б вёска», — кажа Шульга.
Ён дадае: як можна не любіць гэтую зямлю, дзе ты нарадзіўся, рос, дзе твае бацькі кожную пясчынку перабралі на гародзе сваімі рукамі.
Я была тут на свяце вёскі ў жніўні. І адзін міхалёвец, які жыве зараз у Гродзенскай вобласці, сказаў тады: «Гэта наша радзіма, як сюды не прыехаць? Наша вялікая радзіма Беларусь тады будзе мець вялікія перспектывы, калі мы будзем клапаціцца пра сваю малую радзіму».
Каля дома Мікалая Мікалаевіча Шульгі музыка грала ўсю навагоднюю ноч. Гарэлі агні на ўпрыгожанай елцы. Елкі тут, у Міхалёўцы, растуць амаль ля кожнай хаты. Гэта таксама традыцыя.
Новы 2014 год наступіў. Прынамсі, для міхалёўцаў. Для іх гарадскіх дзяцей, якія не забудуць навагоднія прыгоды ў лесе.
Алена ГЕРМАНОВІЧ