Як промні сонца
Той дзень, які сабраў пад адным дахам у Маларыце прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, што жывуць на Брэстчыне, выдаўся гэткім жа сонечным, прыгожым, як усмешкі, што дарылі яны адзін аднаму
На абласны этап
Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”, адной з галоўных мэт якога было выбраць тых, хто найлепшым чынам прадставіць вобласць на рэспубліканскім фэсце ў Гродне, завіталі палякі, расіяне, украінцы, яўрэі, азербайджанцы, цыгане, кабардзіна-балкарцы.
Захаваць адметнасць
Людміла Паўлючык, кіраўнік гуртка народнай творчасці Дома культуры аграгарадка Кабылаўка, што на Пружаншчыне (на фота), родам з Любяшоўскага раёна суседняй з Брэстчынай украінскай Валыншчыны. На аб’яву ў мясцовай раёнцы з запрашэннем жадаючых ствараць новую гаспадарку ў Пружанскім раёне Беларусі маладая сям’я адазвалася шчыра. Муж уладкаваўся трактарыстам, жонка будавала жыллё. Сёння ў вядомым сельгаспрадпрыемстве “Айчына” працуюць яшчэ і два сыны, якія нарадзіліся тут. Задаволеная і нявестачкамі-беларусачкамі, а ў двух унуках душы не чуе.
Падтрымлівае аўтарку дырэктар клуба Таісія Пашкевіч:
— Жыву я ў Лемяшэвічах Пінскага раёна. Там у нас амаль што ўсе ўкраінцы, ды і я каля іх украінка. Навучылася гатаваць варэнікі з вішнямі і сала засольваць.
І песнямі, і ежай
І вось у запоўненую гледачамі залу ліюцца выдатныя мелодыі польскіх песень. Дасціпныя гісторыі з жыцця таксама па-польску ў выкананні Аляксандра Сарокі з Івацэвіцкага раёна разумеюць усе. Рагочуць ды пляскаюць у ладкі не шкадуючы далоняў.
Польцы Ларысе Гугаўне Каштанюк, якая жыве ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна, сёлетняй зімою споўнілася сто гадоў. Па зразумелых прычынах сама мастачка на свята не прыехала, але перадала на выставу ўласныя творы, выкананыя ў тэхніцы “пэчварк” — са стракатых лапікаў тканіны яна і сёння складае выдатныя творы. Галоўная радасць жанчыны — двое дзяцей, трое ўнукаў, шасцёра праўнукаў, якія падтрымліваюць яе ў жыцці.
Мілана Кармава з роднай Адыгеі прыехала ў Беларусь па шчаслівым, як прызнаецца, збегу абставін. Некаторы час тут працаваў муж — перапраўляў спартыўных коней з Масквы ў Германію, потым вырашыў стварыць уласную стайню. І менавіта ў Беларусі — надта ж спадабалася гасціннасць тутэйшых людзей.
Лукумы ад Міланы
Да аднаго літра кефіру дадаць два яйкі, шэсць сталовых лыжак цукру, дзве чайныя лыжкі соды, замясіць крутое цеста. Потым раскатаць яго, парэзаць і смажыць невялічкія ляпёшкі ў фрыцюры.
Горача вітаюць гледачы і цыганскую песню “Ванёнак” у выкананні Руслана Базылевіча, кіраўніка аматарскага аб’яднання “Рытмы Рамэн” з Давыд-Гарадка Столінскага раёна.
Бацькі Руслана колісь качавалі па белым свеце, атабарыцца вырашылі каля самай мяжы з Украінай, у Давыд-Гарадку, як і многія іх супляменнікі. Сёння дыяспара цыганаў тут налічвае прыкладна 400 чалавек — з беларусамі яны жывуць у згодзе ды ўзаемапавазе.
Курыныя рулецікі ад цыганачкі Ванды Яноўскай
Курыную тушку парэзаць на кавалачкі, дастаць косці. Мяса заліць марынадам: у халоднай кіпячонай вадзе развесці воцат, дадаць каляндру, перац, кмен, каб адчувалася вастрыня. Пакінуць настойвацца ў халодным месцы на двое-трое сутак. Скруціць рулецікамі і запячы ў духоўцы.
Гарачымі апладысментамі сустракаюць і песню “Я так цябе кахаю” на ідыш у выкананні Ніёле Цыбульскай з Белаазёрска Бярозаўскага раёна.
— Па адукацыі я металург, па размеркаванні Маскоўскага інстытута сталі і сплаваў трапіла ў гэтыя мясціны, — расказвае Ніёле. — Па бацьку — літоўка, па маме — яўрэйка. Першы раз на гэты цудоўны фестываль трапіла выпадкова, нават не ведаючы, што гэта такое. І цяпер заўсёды бяру ў ім удзел. Хіба можна перадаць словамі тую атмасферу братэрства, калі ў адным коле танчаць, пабраўшыся за рукі, і арабы, і яўрэі, і лезгіны, і цыгане? Толькі ў Беларусі мог нарадзіцца такі фестываль.
Украінскія “бобовныкі” ад Людмілы Паўлючык
Надраць на тарцы бульбу. Патаўчы адвараную фасолю, сфармаваць з яе невялічкія катлеткі. На змазаную алеем гарачую патэльню класці лыжку бульбы, на яе — фасолевую катлетку, потым — зноў бульбу. Абсмажыць і з другога боку. Сапраўдная смаката!