Вянец на віно, веха на піва

Источник материала:  

Конка, тэлефон і электрычнасць з’явіліся ў Мінску дзякуючы... піву

Продкі беларусаў ужывалі да сямісот літраў піва ў год!  Але гэта ў першую чаргу датычыцца шляхты. Паколькі сялянам варыць спіртныя напоі было забаронена, то і ўжывалі яны іх менш. Было б па-іншаму, можа, традыцыі беларускага піваварства дайшлі б да нашага часу ў больш захаваным выглядзе. А так, што мы ведаем пра беларускае піва? Амаль нічога. А напой гэты, між іншым, нашы продкі ўжывалі хіба не часцей за ваду. Нават замест гарбаты ранкам пілі!

“Граматка” замест кавы

Першыя згадкі пра піва на тэрыторыі Беларусі можна знайсці ўжо ў летапісах чатырнаццатага стагоддзя. Таму можна зрабіць выснову, што піва на нашых землях варылі з даўніх часоў. Піва раней ужывалі шмат. Яно лічылася гэткім жа прадуктам штодзённага спажывання, як і хлеб. У часы Рэчы Паспалітай шляхціц выпіваў штодзень паўгарца або малы гарнец (каля 2,8 літра), што ў год складала да сямісот — тысячы літраў. Нашы продкі лёгка далі б фору сучасным рэкардсменам ва ўжыванні піва — чэхам, якія выпіваюць у год каля 160 літраў піва.

Але гэта зусім не значыць, што нашы продкі былі такімі ўжо п’яніцамі. Піва лічылася лёгкім напоем. Яго ўжывалі нават у пост. Да таго ж, піва не толькі пілі ў “чыстым выглядзе”, але і  выкарыстоўвалі  ў якасці інгрэдыенту для многіх страў. У піве варылі каўбасы, яго падавалі гарачым з мёдам ці малаком, гатавалі піўныя супы, якія запраўлялі сырымі яечнымі жаўткамі, смятанай, тварагом і рознымі спецыямі.

“Такі суп, які называўся “граматкай”, “бярмушкай” ці “фарамушкай”, ці нават проста піва, падагрэтае з кавалкамі чэрствага хлеба ці тварагом, было прынята есці з грэнкамі, — піша ў сваім даследаванні, прысвечаным беларускаму піву, гісторык і культуролаг Алесь Белы. — Піўныя супы замянялі за старадаўнім сталом у Рэчы Паспалітай каву ды гарбату, якія пачалі іх выціскаць толькі з ХVІІ стагоддзя, але яшчэ і ў ХІХ “граматка” была вельмі папулярнай”.

Шкляніцы Радзівілаў

Была традыцыя, як і сёння, піць піва ў лазнях, а таксама шынках ды корчмах. Іх вельмі лёгка было знайсці сярод іншых будынкаў вёсак і мястэчак. Існавала таксама цэлая сістэма ўмоўных знакаў, якая дазваляла здалёк даведацца, якімі менавіта напоямі там гандлююць. Напрыклад, ля шынкоў, дзе падавалі піва, можна было ўбачыць пучок саломы — “веху”. Згодна з прымаўкай, “вянец на віно, веха на піва, крыж на мёд”. Існавала і іншае выслоўе — “ехаць ад вехi да вехi”, якое склалася таму, што фурманы, ведаючы месцы, дзе можна выпіць піва, разлічвалі свой шлях ад адной піўной вехі да наступнай. Пілі піва ў асноўным з гліняных і драўляных куфляў. Шкляны посуд, так званыя шкляніцы, з’явіўся толькі ў XVII—XVIII стагоддзях. Асабліва славіліся шкляніцы Урэцкай і Налібоцкай мануфактур Радзівілаў.

Вытворчасцю піва займаліся ў асноўным шляхта і гараджане. Сялянам гэтая справа была забаронена. Ім дазвалялася варыць піва толькі да вяселля. А адкупіўшы так званую “піўную арэнду” — на дадатковыя ўласныя патрэбы.

Піва, якое варылі па панскіх фальварках, звычайна не вызначалася высокай якасцю, а ў гарадах напой атрымліваўся больш смачным, бо гатавалі яго ў спецыялізаваных цэхах саладоўнікаў. Кожны горад імкнуўся атрымаць прывілей на ўтрыманне бровараў і корчмаў, бо  ад вытворчасці і продажу піва можна было мець добры даход.

“Вядомы грамадскі дзеяч, мінскі гарадскі галава граф Караль Чапскі, з імем якога звязаны росквіт сталічнага бровара, вядомага сёння як “Аліварыя”, сваімі асабістымі даходамі, у тым ліку і ад бровара, закрываў дзіркі ў гарадскім бюджэце, дзякуючы чаму ў нашай сталіцы з’явіліся конка, тэлефонная сувязь, электрычнае асвятленне і шмат чаго іншага”, — расказвае Алесь Белы.

Чарадзейны напой

Варылі піва на аснове вады, хмелю, ячменю (часам пшаніцы, аўса і гэтак далей). У неўрадлівыя гады маглі гатаваць піва нават  з пырніку. Аднак ад такога напою, здаралася, людзі хварэлі і нават паміралі. Некаторыя півавары дабаўлялі ў піва зёлкі і спецыі, каб напой атрымаўся больш моцным альбо каб наведвальнік захацеў выпіць яго яшчэ больш. Магчыма, таму півавараў прымалі за ведзьмакоў.

“Польскія архівы XV стагоддзя змяшчаюць шмат крымінальных спраў супраць півавараў і шынкароў, абвінавачаных у чараўніцтве дзеля прынады кліентаў. Апроч зёлак у ход ішлі і больш экзатычныя сродкі — адна шынкарка з-пад Познані (было гэта ў 1430 годзе) дадавала ў піва... пальцы, таемна адцятыя ў знятых з шыбеніц вісельнікаў. Пякельнае пойла! — здзіўляе фактамі Алесь Белы. — Вось чаму ў раннім Сярэднявеччы піваварства шмат дзе ў Еўропе было прывілеем кляштараў. Прынамсі, можна было спадзявацца, што манахі не ўвойдуць у змову з шайтанам і пашкадуюць як душы спажыўцоў, так і іх страўнікі”.

Традыцыі беларускага піваварства — яшчэ не даследаваная старонка нашай гісторыі. Але не менш цікавая, чым, скажам, песенны ці танцавальны фальклор.  І яе вывучэнне — не толькі займальная, але і вельмі карысная справа. Да прыкладу, для сучасных айчынных  вытворцаў піва, якія могуць многае запазычыць з гісторыі.

 Піва хатняе
(рэцэпт з кнігі “Подарок молодымъ хозяйкамъ, или средство къ уменьшенію расходовъ въ домашнемъ хозяйстве” Алены Малахавец, Санкт-Пецярбург, 1904 год):

Узяць соладу жытняга, змолатага адзін гарнец (3,28 літра), мукі жытняй таксама адзін гарнец, зацерці ўсю гэтую муку цёплай вадою. Потым узяць гліняны вялікі гаршчок, пракруціць у ім адтуліну для спуску сусла, наслаць на дно саломы, перакласці ў яго цеста, накрыць крышкаю і паставіць у гарачую печ; выняць гэтае цеста ранкам наступнага дня і зліць сусла, даліць кіпнем і зноўку зліць. Зварыць на гэтую прапорцыю жменю хмелю, пакласці ў сусла; калі яно ўсё сальецца, пакласці на гэтую порцыю шклянку дрожджаў; калі ўсё піва пераходзіць, разліць яго ў бутэлькі, добра закаркаваць; усяго з гэтай прапорцыі павінна атрымацца піва ад 25 да 30 бутэлек.

←Работа над ошибками

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика