Пенсіянер з магілёўскай вёскі выйграў 5 судовых спраў супраць сябе

Источник материала:  
04.10.2013 15:01 — Новости Общества

Жыхара вёскі Лебядзянка на Магілёўшчыне абвінавацілі ў паклёпе і распаўсюдзе незарэгістраванай прэсы. Сёлета ў лютым пенсіянер напісаў для незалежнай газеты "Магілёўскі выбар" артыкул, у якім распавядаў пра махлярствы і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, а таксама выпадкі карупцыі і адсутнасць дысцыпліны ў мясцовай гаспадарцы.

Артыкул называўся "Што змянілася за апошнія некалькі гадоў у СВК "Лебядзянка". Гэта і выклікала негатыўную рэакцыю мясцовых чыноўнікаў, распавядае Валерый Вусік:

"Усё пачалося з таго, як я апублікаваў артыкул ў газеце "Магілёўскі выбар" пра тое, што творыцца ў СВК "Лебядзянка". Пасля гэтага з боку старшыні СВК пачаўся пераслед. Ён напісаў на мяне хлуслівую заяву ў міліцыю, пасля чаго на мяне былі складзены тры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за паклёп і распаўсюд незарэгістраванай газеты. Потым былі суды. Мне адмовілі ў адвакаце, у сведках. У судзе перабівалі і не давалі сказаць слова. З боку ж Бялова былі тры сведкі, якія давалі супраць мяне хлуслівыя паказанні".

Старшыня Бялыніцкага суда Уладзімір Гуз аштрафаваў вяскоўца на 5 мільёнаў рублёў. Два мільёны былі прысуджаны за распаўсюд незарэгістраванай прэсы і тры - за паклёп. Магілёўскі абласны суд пакінуў вырак ў сіле, прызнаўшы яго законным, а вось старшыня абласнога суда Ігар Прошка адмяніў рашэнні гэтых судоў і вярнуў справу ў Бялыніцкі раён на новы разгляд з іншай суддзёй. Суддзя Аксана Загорская цалкам апраўдала актывіста і прыпыніла ўсе заведзеныя на яго справы.

Скаргу ў міліцыю на пенсіянера пісаў таксама пляменнік кіраўніка СВК. Пажылога вяскоўца абвінавачвалі ў тым, што ён хацеў пабіць 30-гадовага хлопца. Аднак інцыдэнт, які адбыўся паміж вяскоўцамі, быў зняты на відэакамеру магілёўскіх журналістаў, а запіс прадастаўлены ў судзе. Па яго выніках дзве заведзеныя адміністрацыйныя справы былі прыпынены.

У выніку супрацьстаяння старшыня Бялыніцкага суда Уладзімір Гуз застаўся без працы, а старшыню СВК "Лебядзянка" Пятра Бялова панізілі да ўзроўню намесніка старшыні, ягоны пляменнік атрымаў штраф за паклёп, а на брата завялі крымінальную справу за прыпіскі.

Жыхар вёскі Лебядзянка Валерый Вусік цалкам задаволены такім паваротам справаў. Актывіст адзначае, што яму дапамаглі магілёўскія праваабаронцы, незалежныя журналісты і грамадскія актывісты, а таксама скаргі ў дзяржаўныя органы.

"Цалкам задаволены выракам суда. Суддзя трапілася сумленная і справядлівая, якая судзіла паводле закону. Я буду падаваць позвы на кампенсацыю маральных і матэрыяльных стратаў, бо мяне, амаль 70-гадовага пенсіянера, на працягу паўгода прыніжалі і здзекаваліся з мяне. Буду пісаць заявы на сведкаў, якія ў судзе давалі супраць мяне хлуслівыя паказанні, на суддзяў, якія судзілі, карыстаючыся асабістымі эмоцыямі, а не законам, а таксама на міліцыянтаў, якія па разнарадцы складалі на мяне нічым неабгрунтаваныя адміністрацыйныя пратаколы", - гаворыць Валерый Вусік.

←Беларусь и Казахстан активизируют сотрудничество в сфере подготовки управленческих кадров

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика