Тайнае і яўнае Замкавай гары

Источник материала:  
ЗАЎТРА старажытны Мсціслаў адзначае Дзень горада і 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І гэта далёка не ўсе ўрачыстасці. Тут стала ўжо добрай традыцыяй прымяркоўваць да Дня горада раённае свята «Дажынкі» і фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі кампазітара Мікалая Чуркіна, які сёлета пройдзе ўжо ў дванаццаты раз. Жыхары і госці горада на працягу двух дзён стануць сведкамі і ўдзельнікамі шматлікіх канцэртных і гульнёва-забаўляльных праграм, урачыстых мерапрыемстваў і ўшанавання ветэранаў і хлебаробаў. Традыцыйна ў гэтыя дні на мсціслаўскай сцэне будзе Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. А цэнтральнай падзеяй урачыстасцяў стане адкрыццё абеліскаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны салдатам у вёсках Шыркі і Басценавічы Капачэўскага сельскага Савета.

УЖО  да  2019  года мясцовыя ўлады  спадзяюцца  ператварыць  горад  у своеасаблівую турысцкую Меку па-беларуску. І ў Мсціслава сапраўды ёсць ўсе шанцы ёю стаць. Бо нездарма ж гэты цудоўны і незвычайны горад называюць беларускім Суздалем і маленькім Вільна...

Менавіта вялікая колькасць значных і цікавых гісторыка-архітэктурных помнікаў і прымусіла мясцовыя ўлады, вучоных і аматараў краязнаўства задумацца пра захаванне гэтай багатай спадчыны. І з’явілася амбіцыйная ідэя: ператварыць Мсціслаўшчыну ў самы важны цэнтр гістарычнага турызму ва ўсёй усходняй Беларусі.

— Па даручэнні намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолія Тозіка быў распрацаваны праект комплекснай праграмы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Мсціслава, дзякуючы якой плануецца адрэстаўраваць ці закансерваваць каля двух дзясяткаў гістарычных аб’ектаў, — расказвае мне старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Васілій Віцюноў. — Гісторыя нашага горада багатая і слаўная, і мы проста абавязаны захаваць яе для нашчадкаў.

Мсціслаў — улюбёны горад гісторыкаў, археолагаў і... «чорных капальнікаў». І нездарма. То тут знойдуць унікальную берасцяную грамату ХІІ—ХІІІ стагоддзяў, то залатую крыжацкую манету часоў Грунвальдскай бітвы, то кафлю канца ХVІІ стагоддзя з гербам ордэна іезуітаў. А сёлета, літаральна ў канцы жніўня, са дна ракі Віхра пры дапамозе дайвераў археолагі паднялі рыцара Вялікага Княства Літоўскага ў поўнай баявой амуніцыі. Глей і пясок, ў якіх праляжаў не адно стагоддзе рыцар, дапамаглі захаваць даспехі ў найлепшым стане: кальчуга, «ахова», вырабленая са спрэсаваных скуры і лямцу, каваны металічны панцыр, кальчужныя пальчаткі, металічная ахова рук, ног і плеч выглядаюць цудоўна для свайго «ўзросту».

Але самая ўнікальная знаходка — шлем, так званы салад. Такіх шлемаў няма не толькі ў музеях Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы. Толькі ў Заходняй Еўропе захаваліся каля двух дзясяткаў.

Археолагі ўпэўнены, што рыцар загінуў у першых гадах ХVІ стагоддзя, у час руска-літоўскай вайны 1500—1503 гадоў. І гэта быў вельмі заможны чалавек, пра што кажа багацце яго амуніцыі і тое, што панцыр са шлемам, хутчэй за ўсё, былі прывезены з Германіі.

Аднак некалькіх артэфактаў беларускія археолагі ўсё ж не далічыліся. Справа ў тым, што перад імі тут пабываў заезджы чорны капальнік, які «падняў» са дна ракі некалькі адзінак старажытнай зброі.

Між іншым археолагі працягваюць сваю працу, і даспехамі іх знаходкі не абмяжуюцца. Меркаванне гэтае мае рацыю: кажуць, у Мсціславе нават з агародаў на прысядзібных участках можна сабраць добры «ўраджай» коп’яў, рэшткаў посуду і ўпрыгожванняў часоў сярэднявечча.

І гэта не перабольшанне. У другой палове мінулага стагоддзя тут праводзіў раскопкі знакаміты савецкі археолаг Леанід Аляксееў, і літаральна пад пасаджанай мясцовымі жыхарамі бульбай знайшоў сляды пажару 1654 года! Справа ў тым, што ў гэты час Мсціслаў быў узяты расійскім князем Трубяцкім, і замкавыя ўмацаванні былі зруйнаваны. На папялішчы ніхто не сяліўся, і горад пачаў разрастацца ў іншы бок. Так і атрымалася, што замчышча, якое калісьці было ў цэнтры Мсціслава, апынулася на яго ўскрайку.

Сёння вучоныя называюць Мсціслаўскі рэгіён адным з самых важных з пункту гледжання гісторыка-культурнай спадчыны на ўсходзе Беларусі. Па ім можна вывучаць гісторыю архітэктуры. Гэта своеасаблівая мікрамадэль, у якой адлюстравана тысячагадовае гістарычнае мінулае беларускага народа, яго культурная самабытнасць, якая аб’ядноўвае і праваслаўны Усход, і каталіцкі Захад. Па гэтых крытэрыях ён не мае сабе роўных сярод іншых гарадоў Усходняй Еўропы.

На тэрыторыі раёна захавалася 79 помнікаў архітэктуры, гісторыі і археалогіі. Цэрквы, касцёлы, сінагога, будынкі манастыроў, рэшткі замка — усё гэта кажа пра вялікае значэнне, якое меў горад у старажытныя часы. І нядзіва: знаходзіўся ён на шляху ў Смаленск і Маскву.

Мсціслаў — калісьці цэнтр ваяводства і ўдзельнага княства, горад з Магдэбургскім правам, з багатай інтэлектуальнай і культурнай спадчынай. Дастаткова сказаць, што ў свой час у склад Мсціслаўскага княства ўваходзілі тэрыторыі сучасных Мсціслаўскага, Чэрыкаўскага, Чавускага раёнаў і расійскія гарады Радомль і Расна.

Гэта, дарэчы, адбівалася на побыце жыхароў горада. Звычайны мсціславец у той час значна адрозніваўся ад іншага беларускага местачкоўца. Адно тое, што мсціслаўскія дзяўчаты насілі французскія гарсэты, ужо многа кажа пра гэты горад. І тая мяшчанка, якая паважала сябе, ніколі не выходзіла «ў свет» у той жа самай сукенцы, у якой выходзіла летась, расказваюць гісторыкі.

Усе гэтыя і шматлікія іншыя акалічнасці дазваляюць вучоным сумнявацца ва ўзросце горада. Упершыню Мсціслаў узгадваецца ў Іпаццеўскім летапісу ў 1135 годзе. Але насамрэч ён можа аказацца значна старэйшым.

— На Замкавай гары знойдзена шмат матэрыялаў, якія можна датаваць значна раней за ХІІ стагоддзе. Напрыклад, зафіксаваны так званы даярусны слой, у якім сустракаюцца артэфакты, характэрныя для ранняй гарадской культуры ўсходнеславянскага горада. Па-першае, гэта ключы ранніх архаічных форм да замкоў самага ранняга тыпу — Х стагоддзя. Таксама зафіксавана ранняя кераміка, якая датуецца другой паловай Х — пачаткам ХІ стагоддзяў. Зафіксаваны рэчы візантыйскага імпарта, а дакладней, пацеркі, — расказвае доктар гістарычных навук, прафесар гісторыі Ігар Марзалюк. — Акрамя таго, навукоўцам яшчэ прадстаіць даведацца, калі ўпершыню былі ўзведзены ўмацаванні на Замкавай гары.

На жаль, калі ў савецкія часы праводзіліся раскопкі на гэтай гары, якая была, дарэчы, помнікам усесаюзнага значэння, не былі вылучаны многія важныя кропкі ў гісторыі горада ў сувязі з хібамі, якія існавалі тады ў археалогіі. Справа ў тым, што археалогіяй лічылася толькі тое, што старэйшае за ХV стагоддзе. Больш маладзейшыя перыяды савецкую археалогію не цікавілі.

Але каб пазбавіцца гэтых «белых плямаў», Ігар Марзалюк плануе ў бліжэйшы час арганізаваць экспедыцыю, якая правядзе раскопкі на Замкавай гары. Таксама гісторык спадзяецца, што дзякуючы раскопкам будзе пацверджана яго тэорыя адносна ўзросту Мсціслава. А яшчэ ён плануе знайсці пацверджанне і таму, што ўжо ў ХІІ стагоддзі ў горадзе існавала мураваная царква. Дарэчы, на карысць гэтай версіі кажа знойдзеная яшчэ Леанідам Аляксеевым старажытная цэгла, характэрная для помнікаў усходнеславянскага дойлідства XI—XIII стагоддзяў. А таксама выява на фрэсцы, якая захавалася ў былым кармеліцкім касцёле.

— Мясцовыя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны ўяўляюць сабой унікальны комплекс архітэктурных і археалагічных помнікаў, якія найбольш перспектыўныя турыстычныя аб’екты не толькі для Верхнедняпроўскага рэгіёна, але і для Беларусі цалкам. Больш перспектыўнага ў гэтым плане горада на Магілёўшчыне я не бачу, — дадае Ігар Марзалюк.

І сапраўды, ужо сёння на мсціслаўскую зямлю з’язджаюцца паломнікі і турысты не толькі з Беларусі і суседняй Расіі, але і з далёкага замежжа. Паломнікі — каб пабываць у манастырах і храмах, на якія багата Мсціслаўшчына. Турысты — на свае вочы ўбачыць старажытныя помнікі, якія захаваліся да нашых дзён.

Паводле праекта праграмы плануецца рэканструяваць Успенскі касцёл, былы калегіум іезуітаў, былую мужчынскую гімназію, Успенскі манастыр у вёсцы Пустынкі, Спаса-Прэабражэнскую царкву, закансерваваць царкву Ануфрыеўскага манастыра, узнавіць былую гасцініцу «Эрмітаж», адрамантаваць дом-сядзібу Максіма Гарэцкага, на Замкавай гары стварыць музей «жывой археалогіі» і «жывога рамяства», а на адрэстаўраванай пажарнай каланчы — аглядную пляцоўку для турыстаў.

Разам з рэстаўрацыяй старажытных будынкаў, прадугледжана і стварэнне сучаснай інфраструктуры: рамонт і будаўніцтва гасцініц, аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, рэканструкцыя аўтастанцыі, рамонт дарог і вуліц горада — таго, што Мсціславу, на жаль, пакуль яшчэ не стае.

За пяць-шэсць гадоў у раёне плануецца стварыць 10 аграсядзіб, якія не толькі прапануюць турыстам камфортны начлег і смачную нацыянальную кухню, але і іншыя паслугі: пешыя і конныя паходы, рыбалку і ўрокі палявання, баню, велапрагулкі, рухомыя гульні, а зімой — канькі, лыжы і санкі.

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

(Працяг — у наступным нумары «БН»)

←Ловкость рук и – никакой безопасности?..

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика