У цэнтры “Зубраня” знаёміліся з досведам летняга адпачынку

Ідзе дэлегацыя лагера “Smart camp”
З 16 па 18 жніўня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” прайшоў рэспубліканскі фестываль летніх аздараўленчых лагераў “Новы фармат лета”.Сюды прыехалі каманды лагераў з усёй Беларусі.
Падчас урачыстага адкрыцця яны прайшлі калонай на стадыёне. Былі тут і прадстаўнікі нашага рэгіёна. Мядзельшчыну прадстаўлялі палатачныя перасоўныя лагеры Нарацкай сярэдняй школы №1 і “Свіранка” Свірскай СШ .
– Адразу былі на Блакітных азёрах, а зараз запрасілі нас у “Зубраня”. Тут расказалі пра свой досвед, – кажа дырэктар лагера са Свіры Юры Шукела.
– Where are you from? (А вы адкуль?) – чую пытанне. І не дзіва, што запыталі на англійскай, бо гэта былі прадстаўнікі лагера “Smart camp”, якія працаваў на базе Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі.
– Нам пашчасціла сёлета правесці на базе нашай школы-інтэрната абласны лінгвістычны аздараўленчы профільны лагер “Smart camp”, у якім паглыблялі веды англійскай мовы дзеці з усёй Мінскай вобласці, – расказвае намеснік дырэктара ўстановы Алена Прасняцова. – Так як нас прызналі адным з лепшых лагераў у вобласці, то ўзнагародзілі паездкай на фестываль у “Зубраня”.
– Толькі першы дзень тут. Як уражанні?
– Уражанняў шмат. З першых крокаў па тэрыторыі “Зубраня” ўсе адчулі радасць, дабрыню. Дзеці вельмі рады, яны і прадстаўляюць жыццё ў сваім лагеры, і бачаць, як жылі іх равеснікі гэтым летам.
Падчас фестывалю ўдзельнікі пазнаёміліся з досведам арганізацыі лагераў розных тыпаў і профіляў, абмяняліся новымі ідэямі, спаборнічалі ў спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах. Час правядзення фестывалю прыпаў на Дзень нараджэння “Зубраня”, то дзеці паўдзельнічалі і ў святочных мерапрыемствах.
Алесь ВЫСОЦКІ.
ФотаАлеся ВЫСОЦКАГА.