Цуд ад трох пакаленняў селекцыянераў
Разам з галоўным ляснічым базы Віктарам Піскуновічам едзем у Прошкаўскае лясніцтва на плантацыю Арленкі, дзе і адбыўся такі цуд.
— Глядзіце, — паказвае Віктар Піскуновіч,— вось побач два ўчасткі елкі. Што можаце сказаць для параўнання: дзе лес старэйшы?
— Тут і параўноўваць няма чаго: і так бачна, што на адным ствалы тонкія, маладняк, а на другім — спелае дрэва. Можна пускаць у прамысловасць.
— Правільна, — згаджаецца ляснічы. — Дыяметр ствала дрэў на першым участку 16—20 сантыметраў, а на другім — 40—50. А між тым высаджвалі елку на абодвух участках адначасова, пяцьдзясят год таму назад.
— Як жа такое магло адбыцца? Мо падсыпалі якія невядомыя ўгнаенні для росту ці асаблівы сорт елкі?
— Ні тое, ні другое, — адмятае здагадкі Віктар Піскуновіч. — Адзінае — спосаб пасадкі: 4 метры на 4. Гэта значыць, кожнаму дрэву адвялі цэлых 16 квадратных метраў зямлі. Плюс — падбор глебы. Вось і ўсё.
Трэба абавязкова зазначыць, што ў гэтым эксперыменце прымалі ўдзел ажно тры пакаленні селекцыянераў. Пачынала яго ў 1960-м Яўгенія Арленка, па прозвішчу якой і названы эксперымент, працягнула Зінаіда Паджарава і заканчваў Аляксандр Кавалевіч.
Нельга не сказаць добрых слоў і ў адрас былога дырэктара эксперыментальнай базы кандыдата сельскагаспадарчых навук Анатоля Пальчанкі. У многім дзякуючы яму забяспечана чысціня эксперыменту. Чаго толькі каштавала яму выратаваць плантацыі елак ад караеда.
Само сабой напрошваецца пытанне аб практычным прымяненні дасягнутага ў эксперыменце. Спецыялісты ў сваіх прагнозах асцярожныя. Елка, якая хутка набрала біямасу, не надта трывалая. Для будаўнічых мэт яе лепш не выкарыстоўваць. А вось для цэлюлознай прамысловасці — ідэальная сыравіна!
Паскоранае вырошчванне елкі — гэта далёка не адзіны эксперымент, які праводзіцца ў Дзвінскай эксперыментальнай базе лесу. Як паведаў яе дырэктар Эдуард Длужнеўскі, сёння ў рабоце каля сотні навуковых аб’ектаў па самых розных напрамках. Гэта ў першую чаргу барацьба з засмечанасцю лясных гадаваль- нікаў з дапамогай гербіцыдаў. Вырошчвалі тут паспяхова нават корань жэньшэню. Навінкай з’явілася і закладка плантацый буякоў амерыканскіх сартоў «нордланд», «патрыёт» і новазеландскіх «рэка» і «пуру».
Аднак асноўны накірунак работы калектыву базы — захаванне і стварэнне высока- прадуктыўных, якасных, бія- лагічна ўстойлівых лясоў, якія б адпавядалі экалагічным, сацыяльным і эканамічным запатрабаванням нашага грамадства. Плошча ДЛГУ «Дзвінская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу Нацынальнай акадэміі навук Беларусі» — амаль 16 тысяч гектараў. У яе ўваходзяць тры лясніцтвы: Падсвільскае, Прошкаўскае і Псуеўскае.
Супрацоўнікі навуковага аддзела базы падтрымліваюць цесныя сувязі з вучонымі Расіі і Украіны.
Глыбоцкі раён
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара