Аляксандр Шушкевіч з Ільі яшчэ ездзіць на сваім самаробным трактары (жыццёвая гісторыя+фота)
- Засталося купіць акумулятар. І я зноў на ім выеду, - гаворыць 91-гадовы Аляксандр Шушкевіч з Ільі. - Я і правы маю, і тэхпашпарт на гэты самаробны трактар.
У 91 год жыхар Ільі Аляксандр Шушкевіч гадуе пчол, садзіць грады і ездзіць на сабраным уласнымі рукамі трактары.Праз 60 гадоў я сустрэўся з чалавекам, пра якога мне нагадала “Рэгіянальная газета”.
У пачатку 2013 года я прачытаў у “Рэгіянальнай газеце”, што старажыл Ільі Аляксандр Пятровіч Шушкевіч у 1937 годзе вучыўся слясарнай справе ў Вілейцы ў Андрэя Дамалеўскага. Я ж падлеткам сябраваў з Андрэем Дамалеўскім, мы нават пачыналі разам працаваць. Можа тут пішуць пра бацьку Андрэя, таксама Андрэя?
Захацелася знайсці свайго аднагодку, распытацца, як склалася яго жыццё.
Пачаў шукаць Шушкевіча, але на зіму ён з’ехаў да сына. Стаў шукаць Андрэя, але безвынікова. Нарэшце сабраўся, паехаў у Вілейку. Пошукі прывялі ў кабінет намесніка начальніка міліцыі падпалкоўніка Андрэя Дударчыка. Ад яго я і даведаўся, што Андрэй Дамалеўскі памёр два гады таму. Вось на колькі я спазніўся!
Засмучаны я паехаў дадому ў Маладзечна і вырашыў зноў набраць нумар тэлефона Шушкевіча. І вось радасць – адказвае мне Аляксандр Пятровіч. Ён вярнуўся ад сына і жыве адзін у сваім доме ў Ільі.
З рэдактарам “Рэгіянальнай газеты” Аляксандрам Манцэвічам вырашылі з’ездзіць да цікавага чалавека разам.
Аляксандр Шушкевіч нарадзіўся 30 жніўня 1922 года. Зямлі ў бацькоў было мала, гектары са тры. Але яго матка была краўчыхай, і яна пастаянна вучыла маладых дзяўчат сваёй прафесіі:
– Часам у мамы было да шасці вучаніц, – гаворыць Аляксандр Пятровіч.
Аляксандр закончыў 7 класаў ільянскай школы. Пасля бацька паслаў яго вучыцца слясарнай справе ў Вілейку. Жыў і вучыўся Аляксандр у майстра Андрэя Дамалеўскага.
– Майстэрня месцілася якраз насупраць дома фатографа Бермана. Апошні час там у падвале быў гароднінны магазінчык (рэдакцыя: на скрыжаванні сённяшніх вуліц Ігната Ходзькі і Савецкай). У гэты самы час у майстра і нарадзіўся сын, якога таксама назвалі Андрэем.
Калі 17 верасня Чырвоная Армія увайшла ў Вілейку, Шушкевіч кінуў вучобу і пайшоў дамоў.
З таго часу Дамалеўскаму запомнілася карцінка, як праз Ілью на падводах вязуць параненых польскіх памежнікаў.
Дома дапамагаў бацьку па гаспадарцы, падпрацоўваў. У мястэчку ўсе чым-небудзь займаліся. Незлічона было гандлёвых лавак, шаўцоў, краўцоў, шорнікаў, цырульнікаў, бондараў, сталяроў. Толькі кавалёў у Ільі было 12!
– Цэлая рамесная і гандлёвая вуліца была заселеная яўрэямі-саматужнікамі, – гаворыць Аляксандр Пятровіч. – На 70 працэнтаў Ілья была яўрэйскім мястэчкам.
Сёння ў Ільі няма ніводнага яўрэя.
Яшчэ з таго часу Шушкевіч запомніў, што яго сваяка поўнага цёзку Аляксандра Пятровіча Шушкевіча, афіцэра польскай арміі, у 1939-м годзе арыштавалі. Пад канвоем яго вялі паблізу свайго дома. Родныя плакалі. Афіцэр Аляксандр Шушкевіч больш сюды ніколі не вярнуўся.
– Ён прапаў, мабыць, у Катыні, – патлумачыў нам суразмоўца.
Аляксандр Шушкевіч не ваяваў па сваёй хваробе.
Аб тым часе ўспамінаць цяжка. Амаль усіх ільянскіх яўрэяў расстралялі. На месцы трагедыі сёння стаіць невялікі помнік.
Беларусам, якія засталіся ў Ільі, цяжка было зрабіць свой выбар. Многія да 1939 года чакалі ўз’яднання і прыходу Савецкай улады, якая прынясе “шчаслівае жыццё”. Не ўсе чаканні спраўдзіліся. З прыходам немцаў некаторыя сем’і падзяліліся.
– У адной з сем’яў, – расказвае Аляксандр Пятровіч, называючы прозвішча гэтай сям’і, – адзін з братоў пайшоў у паліцаі, другі – у партызаны.
Пасля вайны Аляксандр Пятровіч працаваў бухгалтарам у Ільянскім участку лясгаса. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай. Ажаніўшыся, пабудавалі сабе дом.
У красавіку 1953 перайшоў працаваць майстрам смалакурнага завода Старая Гута маладзечанскага хімлясгаса. У калектыве з 20 чалавек былі нарыхтоўшчыкі смалы, возчыкі, гоншчыкі смалы, бондары.
За месяц упраўляліся зрабіць 5 гонак смалы. Толькі для адной гонкі трэба было загрузіць у спецыяльную печ 20 кубаметраў карчоў. Таму за цёплую пару года трэба было нарыхтаваць на год больш за тысячу кубаметраў. Ды яшчэ столькі ж нарыхтаваць дроў для катла і іншых патрэб. Збіралі жывіцу з хвой.
У той час я ўжо працаваў у хімлясгасе слесарам, і мяне паставілі замяніць качагара на газагенератарную машыну ЗІС-21, якая замест бензіну працавала на бярозавых цурках. У канцы жніўня мы паехалі ў Старую Гуту за смалой.
Машына часта буксавала, мне даводзілася яе заводзіць ручкай. Чуць даехалі да смолзавода і там заначавалі. Пасля амаль бяссоннай ночы – усё думаў, чаму машына глухне, – раненька пайшоў шукаць прычыну няспраўнасці. Калі я знайшоў прычыну і завёў машыну, прыбег заспаны шафёр з сенам у валасах. Каля васьмі гадзін прыйшоў майстар смалзавода і запрасіў нас снедаць.
І вось мы зноў з ім сустрэліся праз 60 гадоў!
Жонка Аляксандра Пятровіча памерла 13 гадоў таму назад. Летась пасля інсульту не стала дачкі, да якой ён апошні час ездзіў кожную зіму. Сын жыве ў Маладзечне. У яго і прабавіў апошнюю зіму.
Нам Аляксандр Пятровіч сказаў, што больш не кранецца са свайго дома.
А Андрэй Дамалеўскі-старэйшы усё ж няблага вучыў Шушкевіча слясарнай справе! Аляксандр Пятровіч сам зрабіў трактар з рухавіком ад інваліднай каляскі, дрэваапрацоўчы і такарны станкі. Сам змайстраваў восем вулляў і трымае пчол, абкошвае траву. У цяпліцы ўсё дагледжана, ні травінкі пустазелля.
У чыстым доме ніхто не падумае, што тут даўно няма жаночай рукі.
Не абмінуў Аляксандра Пятровіча і мастацкі густ. У маладосці пачаў маляваць карціны:
– Была такая мода, – кажа пенсіянер. – І я маляваў.
Дзве карціны, адна з якіх датаваная 1953 годам, вісіць у хаце. Сам зрабіў чучала дзіка. Разам са зваршчыкам зрабіў вароты і брамку са спружынным механізмам-засаўкай.
Яму цяжка насіць прадукты, ды і хваробы чапляюцца. Дапамагае сацыяльны работнік. Але і сам Аляксандр Пятровіч часам бярэ ў базарны дзень ровар і разам са сваім двухколавым сябрам на пару ідзе туды, дзе віруе жыццё. Ідзе ў цэнтр мястэчка, у якім ён правёў усё сваё жыццё, калі не лічыць тых двух гадоў, што вучыўся ў Вілейцы слясарнай справе ў майстра Андрэя Дамалеўскага у майстэрні насупраць дома фатографа Бермана.
30 жніўня Аляксандру Пятровічу споўніцца 91 год.
Леў ЧЫРВОНЦАЎ, Маладзечна.
Аляксандр Шушкевіч (злева) і аўтар Леў Чырвонцаў:
Пчальнік Аляксандра Шушкевіча:
У цяпліцы, дзе гаспадарыць Аляксандр Пятровіч:
Трактар, які сабраў сваімі рукамі Аляксандр Шушкевіч. Аляксандр Пятровіч кажа, што яшчэ паездзіць на ім:
- Неяк здаваў на Маладзечанскі мясакамбінат ад лясгаса тушу дзіка, - расказвае Шушкевіч. - Пытаюся, а з галавой што будзеце рабіць? Кажуць, што выкінуць. Дык папрасіў пакінуць мне. Вось і атрымалася такое чучала:
Аляксандр шушкевіч любіць і ўмее майстраваць не толькі тэхніку і вуллі. Ён любіць і работу для душы:
Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.