Родная і нечужая

Источник материала:  

Роднае набліжана да ідэальнага.А ідэальнае,бывае, зусім лёгка становіцца родным.

Раскажу пра звычайную беларускую хату. А больш дакладна — пра дзве хаты: маю, родную, і бабы Каці — ідэальную. Абедзве — у Лепельскім раёне.

О, якая ў ідэальнай хаце падлога! Маснічына да маснічыны, на кожнай — непаўторны фактурны малюнак дрэва... Яго можна пакратаць рукой ці прайсці па ім басанож — маснічыны не сапсаваны фарбай. Больш за тое, гаспадыня раз-пораз адшароўвае іх ад налёту часу хвашчоўнікам, які яшчэ і падсвятляе драўніну. Па такой падлозе можна хадзіць толькі басанож і толькі цвярозым. Было б зусім недарэчна, прыкра бачыць якога нябогу, які басанож ці ў шкарпэтках ідзе па адной маснічыне ды стараецца паказаць маці: маўляў, калі і прыняў з нагоды моцнага напою, дык самую кропельку...

Родная і нечужая

Такая хата вельмі спрыяе літаратурнаму занятку. Падчас яго дык і сапраўды лацвей хадзіць — і зноў жа лепш басанож — па ўсёй даўжыні адной аблюбаванай маснічыны: сюды-туды, сюды-туды, абдумваючы новы сюжэт...

І гэта, дарэчы, усё адно што выкрочваць па столі. Калі перакуліць хату, так і атрымаецца, толькі з некаторымі асаблівасцямі: ідучы па столі, прыйшлося б пераступаць бэлькі. У перакуленай хаце дошкі былі б не над, а пад непадшытымі бэлькамі — таксама непафарбаванымі, як у нас з бабай Кацяй, з сонечнай фактурай дрэва... Толькі што насланы не так, як на падлозе: цераз адну — верхнія дошкі пакладзены на самыя краі ніжніх...

У ідэальнай хаце падлога і столь аднолькава чыстыя.

Бывае, падлога становіцца нават чысцейшай за столь. Гэта здараецца тады, калі састарэлую гаспадыню добра прыгне да зямлі, і яна ўжо не можа, як раней, станавіцца на табурэтку ды задзіраць угору рукі з намочанай анучкай, каб памыць пацямнелыя дошкі. Тады столь падчас наездаў напярэдадні вялікіх святаў, напрыклад, Вялічка, вымываюць дзеці. Праясніваюць неба свайго маленства.

А калі яны жывуць далёка, як дачка бабы Каці, атрымліваецца, што падлога робіцца чысцейшай, чым столь. Можна сказаць, перакульваецца не хата, а жыццё.

Не ведаю, як павінна быць абстаўлена ідэальная хата. Я яе толькі й бачыў, што ў бабы Каці, а яе жытло ўладкавана даволі бедна. Вузкая, фанерная, без люстра шафа — навошта большая адзінокай бабулі. У парозе — ложак, просты, са звыклымі металічнымі біламі. Пра сучаснасць нагадвае хіба што тэлевізарчык на стале...

Тут атуляюць светлай чысцінёй шапаткія фіранкі, а ўтульны куток адгароджвае не драўляная перагародка, а накрухмаленая льняная заслона...

Азірнуўся навокал — і зразумеў, што галоўнае ў ідэальнай хаце — якраз чысціня. Вось у такім жытле і прыходзяць на розум чыстыя думкі.

А ў маёй роднай хаціне не ўсё так ідэальна. Падлога пафарбаваная. Столь такая ж самая, як і ў ідэальнай хаце, але ў трысцене пацямнела ад дыму, вялізнай печы. Але ж у роднай хаце жыве Ірына Юстынаўна, мая матуля...

Таму і думкі мае тут чыстыя, нібы ў хаце ідэальнай.

www

Гэты абразок напісаў я пасля знаёмства з Кацярынай Цітаўнай Міснік з вёскі Сітнікі Лепельскага раёна. Яе хата і натхніла. А ў роднай хаце лёгка пісалася...

←25 мая в Минске и Гомеле пройдут мероприятия по профилактике самовольного ухода детей из дома

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика