Мальмё, бывай! Да сустрэчы,Капенгаген!
58‑ае па ліку песеннае агульнаеўрапейскае шоу завяршылася сёлета перамогай маладой спявачкі з Даніі Эмілі дэ Форэст з песняй "Оnlу Tеаrdrорs". Яе выступленне 39 краін-удзельніц конкурсу ацанілі ў 281 бал. І хоць менавіта Даніі яшчэ некалькі месяцаў таму прадракалі выйгрыш вядучыя букмекерскія канторы, але лёгкім і безагаворачным гэты трыумф не быў. Канкурэнцыю пераможцы да апошніх хвілін складалі прадстаўнік Азербайджана Фарыд Мамедаў і канкурсантка з Украіны Злата Агневіч, якія размяціліся ў выніку на 2‑м і 3‑м месцы, набраўшы 234 і 214 балаў адпаведна. Чацвёртай стала прадстаўніца Нарвегіі Маргарэт Бергер, пятай — расіянка Дзіна Гарыпава.
Беларуская спявачка Алена Ланская з песняй "Sоlауоh" заняла 16-е месца ў фінальным заліку "Еўрабачання". Але пройгрышам гэты вынік лічыць ніяк не выпадае: усё ж за 10 гадоў удзелу ў конкурсе Беларусь усяго ў трэці раз здолела прабіцца ў фінал. Да таго ж і сёлета, і раней вялікая колькасць знакамітых артыстаў паказвала куды больш сціплыя вынікі: так, рок-"зорка" Боні Тайлер з Вялікабрытаніі стала сёлета толькі 19-й, легендарны брытанскі спявак Энгельберт Хампердынк летась увогуле быў 25-м, а сусветна вядомы ў танцавальнай музыцы прадстаўнік Швейцарыі DJ Bоbо ў 2007 годзе нават не прайшоў у фінал, заняўшы 20-е месца ў сваім паўфінале... І нічога, усе разумеюць, што "Еўрабачанне" — гэта не Алімпійскія гульні, а ўсяго толькі конкурс, які даўно ўжо не робіцца вяршыняй кар'еры для яго ўдзельнікаў.
Вось і беларуская спявачка прытрымліваецца падобнай пазіцыі. "Я шчаслівая, бо збылася мара дзяцінства — выступіць на "Еўрабачанні", — прызналася Алена журналістам пасля фіналу, — і ганаруся тым, што прадстаўляла нашу краіну на гэтым конкурсе. Але цяпер трэба крыху адпачыць (беларуская дэлегацыя вярнулася ў Мінск у ноч на панядзелак. — Аўт.) і рухацца далей".
Бальныя жарсці
Выступленне беларускія гледачы і суддзі з краін-удзельніц "Еўрабачання" ацанілі ў 48 балаў. Найвышэйшую ацэнку — 12 — Беларусь атрымала ад Украіны; 7 балаў паставіў Азербайджан, па 5 — Арменія, Грузія і Македонія, 4 — Малдова, 3 — Ізраіль і Чарнагорыя, 2 — Мальта, 1 — Грэція і Літва. Расія ў добрасуседскім абмене баламі ўвогуле не ўдзельнічала, і гэты факт выклікаў у многіх беларусаў цэлы спектр эмоцый — ад здзіўлення да абурэння. Толькі ўдзельнікі нашай дэлегацыі ў Мальмё адрэагавалі на гэты факт даволі спакойна: "Ну і што? Гэта конкурс, і ён таму непрадказальны, што нельга загадзя ўгадаць, як ацэняць выступленне таго ці іншага ўдзельніка іншыя краіны".
У сваю чаргу, балы ад беларусі размеркаваліся наступным чынам: 1 — Даніі, 2 — Арменіі, 3 — Нарвегіі, 4 — Малдове, 5 — Літве, 6 — Грэцыі, 7 — Мальце. Галоўныя рэверансы дасталіся суседзям па СНД: 12 балаў Украіне, 10 — Азербайджану, 8 — Расіі. Між іншым, усе трое нашых фаварытаў увайшлі ў выніковы топ-5, так што чыстай геапалітыкай гэты выбар назваць не выпадае.
Дарэчы, у сваім паўфінале Алена Ланская заняла 7-е месца сярод 16 удзельнікаў, набраўшы 64 балы. Але канчатковыя высновы, хто каго падтрымаў, а хто каго пакрыўдзіў, рабіць яшчэ рана: поўная раскладка галасавання гледачоў і журы ўсіх краін будзе апублікавана на афіцыйным сайце конкурсу цягам месяца.
Хто знойдзе формулу поспеху?
Вынікі Беларусі на "Еўрабачанні" пакуль што не радуюць: ці то ў трэнд не трапляем своечасова, ці то недапрацоўваем... "На маю думку, трэба прасоўваць усё ж менавіта беларускую культуру, а не прыпадабняцца да еўрапейцаў і спрабаваць угадаць, што ім сёлета спадабаецца, — разважае прадзюсар Яўген Алейнік, чыя песня прадстаўляла Беларусь на "Еўрабачанні-2011". — Але гэта маё, падкрэсліваю, асабістае меркаванне, і, калі ў іншых прадзюсараў спрацуе іншая схема, я буду толькі рады за краіну. Але што застанецца ў краіне, калі ўсе замежныя спецыялісты паедуць? Хто будзе рабіць матэрыял для выканаўцаў, у якіх няма мільёна долараў".
Узгадаем разам, якія высілкі былі зроблены дзеля "Еўрабачання" беларусамі ў мінулыя гады і які вынік яны прынеслі.
2004 год — нацыянальны адбор выйграў дуэт "Аляксандра і Канстанцін" з песняй беларускага сачынення "Mу Gаlіlео", касцюмы ад беларускага ж мадэльера Івана Айплатава, прома-кліп таксама здымалі ў Беларусі ўласнымі сіламі. Вынік: 9 месца ў паўфінале.
2005 год — Анжэліка Агурбаш, песню расійскага аўтара "Bоуs аnd Gіrls" замяніла на "Lоvе mе tоnіght" грэчаскіх аўтараў, касцюм — сукенку-трансформер — рабіў расійскі мадэльер Валянцін Юдашкін, у пастаноўцы нумара ўдзельнічалі грэчаскія харэографы і бэк-вакалісты, прадзюсіраваў спявачку Філіп Кіркораў. Вынік: 13 месца ў паўфінале.
2006 год — Паліна Смолава, песня беларускіх аўтараў "Mum", касцюм шыў беларускі мадэльер Іван Айплатаў, нумар ставілі айчынныя харэографы. Вынік: 22 месца ў паўфінале.
2007 год — Дзмітрый Калдун, уласную песню "Анёл мары" ўжо ў фінале нацыянальнага адбору памяняў на хіт Філіпа Кіркорава "Wоrk уоur mаgіс", над вобразам і пастаноўкай нумара артыста працавалі грэчаскія спецыялісты, прома-кліп здымаў расійскі кліпмейкер Алег Гусеў, у прадзюсіраваніі артыста браў удзел Філіп Кіркораў. Вынік: 6 месца ў фінале.
2008 год — Руслан Аляхно, песня расійскіх аўтараў "Hаstа lа Vіstа", кліп здымаў украінскі рэжысёр Сямён Гораў, над нумарам і вобразам спевака працавалі грэчаскія харэографы і стылісты. Вынік: 17 месца ў паўфінале.
2009 год — Пётр Ялфімаў з песняй уласнага сачынення "Еуеs thаt nеvеr lіе", аранжыроўка была зроблена з удзелам фінскіх спецыялістаў, кліп здымаў украінскі рэжысёр Сямён Гораў, нумар ставіў польскі пастаноўшчык Януш Юзэфовіч. Вынік: 13 месца ў паўфінале.
2010 год — удзельнікаў вызначаў тэлеканал АНТ, сабраўшы гурт "3+2", песню "Buttеrflіеs" заказалі ў Максіма Фадзеева (замянілі абраную раней песню беларускіх аўтараў "Fаr Аwау"), касцюмы "матылькоў" рабіў расійскі майстар Хайк Сіманян, харэаграфічнай падрыхтоўкай удзельнікаў займаўся Андрыс Ліепа, у пастаноўцы нумара браў удзел шведскі піяніст і кампазітар Роберт Уэлс. Вынік: 24 месца ў фінале.
2011 год — спявачка Каця Лангер, якая выйграла нацыянальны адбор, была дыскваліфікаваная з-за парушэння тэрмінаў публікацыі песні, яе замяніла Анастасія Віннікава, з песняй беларускіх аўтараў "І lоvе Bеlаrus" (тэкст яе перапісваўся, а назва мянялася некалькі разоў), імідж і касцюм спявачкі распрацоўвалі беларускія стылісты, пастаноўку нумара таксама рабілі ўласнымі сіламі. Вынік: 14 месца ў паўфінале.
2012 год — пасля скандалу з фальсіфікацыяй галасоў на адроджаным нацыянальным адборы "ЕўраФэст" месца прадстаўніка Беларусі заняў гурт "Lіtеsоund" з песняй уласнага сачынення ''Wе Аrе Thе Hеrоеs'', кліп хлопцы знялі самі ў Мінску, а вось аранжыроўку песні рабіў грэчаскі спец, касцюмы набылі ў Расіі, пастаноўкай нумара займалася таксама расійскі рэжысёр Наталля Петухова. Вынік: 16 месца ў паўфінале.
2013 год — Алена Ланская выйграла нацыянальны адбор з песняй беларускіх аўтараў "Rhуthm оf Lоvе", замяніла на кампазіцыю брытанскага і бельгійскага аўтараў "Sоlауоh", змяніла імідж з дапамогай грэчаскага стыліста, прома-кліп здымалі ў Турцыі, у пастаноўцы нумара ўдзельнічала інтэрнацыянальная каманда з Грэцыі, Сербіі і нават Паўднёвай Афрыкі. Вынік: 16 месца ў фінале.
Як бачым, год на год не прыпадае і стаўкі на "замежнае" далёка не заўсёды спрацоўваюць. Але час для працы над памылкамі ў беларусаў ёсць: наступны конкурс "Еўрабачанне" адбудзецца ў Даніі яшчэ толькі праз год, арыенціровачна ён пройдзе з 13 па 17 мая 2014 года.
Вікторыя ЗАХАРАВА.