Колькі грошай вам трэба для шчасця і на што б вы іх патрацілі?
— Я не магу назваць канкрэтную суму. Колькі б грошай ні было, яны б усё адно ўцяклі, як вада скрозь пальцы. Таму я імкнуся да таго, каб і тое, што ў мяне ёсць, прыносіла радасць. Калі казаць пра мару, якую можна ажыццявіць за грошы, то гэта вандраванні. Краіны, дзе хацелася б пабываць у першую чаргу, — Ірландыя і Шатландыя, а таксама Скандынавія. Люблю іх міфалогію, культуру, самабытнасць, сельскія пейзажы, верасовыя пусткі, фіёрды, што ўражваюць сваёй вялікасцю... Таксама хацелася б наведаць Новую Зеландыю ў межах спецыяльнага тура, распрацаванага для прыхільнікаў творчасці пісьменніка Джона Рональда Руэла Толкіена і аматараў фільмаў паводле яго творчасці. Пабачыць замкі Францыі, архітэктуру Гаўдзі, праплыць над Марыянскай упадзінай, пазнаёміцца з культурай індзейцаў Паўночнай Амерыкі, пабываць у сэрцы Сахары... У свеце столькі неверагодна прыгожых мясцін, пра існаванне якіх мы нават не ведаем!
Уладзімір Ішчанка, эканаміст, дырэктар кампаніі NІKKЕY:— Няма такой колькасці грошай, якая забяспечыла б мне шчасце. Таму пытанне з падобнай фармулёўкай для мяне не паўстае. Шчасце не можа прынесці ніякая сума грошай, якой бы вялікай яна ні была. Шчасце вызначаецца іншымі рэчамі і паняццямі. Напрыклад, такімі, як любімая прафесія — самая лепшая прафесія, якая табе падабаецца і якую ты не хочаш мяняць. А што датычыцца грошай, то яны могуць паўплываць на шчасце толькі ўскосна, у якасці пасрэдніка. Напрыклад, з іх дапамогай можна здзейсніць мару, якая ашчаслівіць чалавека. Таму мне вельмі прыемна траціць грошы на "сябе любімага" і на блізкіх людзей.
Аляксей Салажэнцаў, мастак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны:— Пытанне складанае, і даць адназначны адказ на яго нельга. Чалавек — ненасытная істота, і яго патрэбы растуць з яго прыбыткам. Колькі ні дай — усё мала. Для мяне камфортнае жыццё пачынаецца тады, калі не задумваешся аб тым, колькі каштуюць прадукты ў краме і вопратка на вешалцы, медыцынскія паслугі і адпачынак у цёплых краінах. Дасягнуць поўнай фінансавай свабоды складана, але ёсць да чаго імкнуцца. Для камфортнага жыцця ў Мінску мне хапіла б ад $3000 штомесяц. Свае даходы я траціў бы на вандроўкі, пазнанне свету і сябе. Я мастак — і мне цікава даведвацца пра нешта новае і не сядзець на месцы. Я імкнуся жыць паводле прынцыпу: "Багаты траціць не ўсё, шчаслівы — не толькі на сябе".
Падрыхтавала Дзіяна СЕРАДЗЮК.