Алег Навіцкі: «Мару ўбачыць захады-світанкі ў Чэрвені, зямным захапіцца і родных абняць...»

Источник материала:  

Мабыць, найбольш частым у маіх думках і размовах за апошнія паўтара года было — "не верыцца". І тычылася яно палёту ў космас ураджэнца беларускага Чэрвеня Алега Навіцкага. Бо дужа нерэальным і фантастычным усё гэта здавалася напачатку — што просты хлопец родам з правінцыйнага беларускага гарадка, з якім разам вучыліся, удзельнічалі ў шматлікіх пазакласных мерапрыемствах, дасягне, дзякуючы ўласным настойлівасці, упартасці, неверагоднай працаздольнасці і вернасці дзіцячай мары, зорных вышынь — у прамым сэнсе. Што ён узнімецца ў неба на самым сапраўдным касмічным караблі. І ўсё гэта станецца для нас, яго землякоў, такім пранізліва-кранальным, трывожным і радасным адначасова, што застанецца назаўсёды ў душы і сэрцы.

Так супала па часе, што і канчатковы разбор палёту экіпажа транспартнага пілатуемага карабля "Саюз ТМА-06М" пад камандаваннем Алега Навіцкага (Раскосмас), і ўшанаванне яго, а таксама бортінжынераў Яўгена Тарэлкіна (Раскосмас) і Кевіна Форда (НАСА) адбылося з розніцай у пару дзён менавіта напярэдадні Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі. Што, безумоўна, дадало мерапрыемству ўрачыстасці.

Да вашай увагі, шаноўныя сябры, — скайп-інтэрв'ю з Алегам Навіцкім, якое атрымалася правесці на пачатку красавіка.

— Алег, дужа хочацца зірнуць на падрыхтоўку і ўласна прызямленне спускальнай капсулы тваімі вачыма. Скажы, калі ласка, што ты адчуваў, калі даведаўся, што з-за ўмоў надвор'я яно перанесена на суткі?

— Адчуваў невялікае незадавальненне, бо нам пра гэта паведамілі ўжо перад самой расстыкоўкай. Заставалася толькі зняць хутказдымныя заціскі паміж МКС і касмічным караблём. Наступным дзеяннем было б закрыццё люкаў. Таму крыху крыўдна стала, бо па бартавой дакументацыі мы цалкам рыхтаваліся да расстыкоўкі і спуску. І перажывалі не таму, што на Зямлю трапім пазней. Проста столькі падрыхтоўчых мерапрыемстваў правялі, а ў выніку ўсё давялося вяртаць на свае месцы.

— І як вы правялі "лішнія" суткі?

— Напачатку выканалі неабходныя мерапрыемствы, каб вярнуць свой касмічны карабель у той стан, у якім ён знаходзіўся на працягу ўсяго палёту. Так трэба. Гэтым мы займаліся гадзіны 3-4, затым паелі, паспалі да абеду... І пасля зноў пачалі ўсё рыхтаваць да штатнай расстыкоўкі.

— Алег, падчас спуску ты — як камандзір касмічнага карабля — чым-небудзь кіраваў?

— Усё ішло на "аўтамаце", але мы цалкам кантралявалі працэс. Кожны паварот, на колькі градусаў, у які час якое паскарэнне... Усё цалкам адсочвалі. Бо момант крытычны. Калі што, умяшацца трэба на працягу літаральна некалькіх секундаў.

— Гэта значыць, калі што, ты гатовы быў узяць на сябе ручное кіраванне?

— Так, вядома. Таму з такой дакладнасцю ўсё адсочваў.

— Памятаеш, ты яшчэ перад стартам казаў, што самыя-самыя ўражанні будуць, калі падчас спуску ўбачыш у ілюмінатары языкі полымя. І як? Гэта калі вы праз плазму ішлі?

— Так, казаў пра такія моманты. Але гэта аказалася не дужа ўразлівым. А ўразіла тое, як касмічны карабель разрывае паветра, калі ўваходзіць у больш-менш шчыльныя слаі атмасферы. Вось гэта мы моцна адчулі — спінай, кожнай клеткай...

— І менавіта ў гэты момант на цябе цісне прыкладна 4 твае вагі?!

— У нас было — 4,67.

— Амаль 5! А пры самім прызямленні якой моцы быў удар?

— Па тых аповедах, якія чулі дагэтуль ад калег, па шчырасці, чакалі больш моцнага ўдару. Магчыма, мы лепей падрыхтаваліся — і маральна, і фізічна. Больш шчыльна прышпіліліся да крэслаў — гэта вельмі важна. Таму ўдар быў, скажам так, не дужа адчувальны. Спускальная капсула стала акурат на днішча.

Хаця самі ў той момант не зусім разумелі, што адбываецца. Бо такі стан пасля перагрузкі, паскарэнняў... Прасторавая арыентацыя крыху парушана. Яна паступова аднаўляецца толькі пасля. Калі мы канчаткова спыніліся, дык "адстрэлілі" парашут, каб апарат ветрам не пацягнула па зямлі.

— А як вы зразумелі, што прыбылі выратавальнікі?

— У працэсе спуску, калі раскрываецца парашут, ад вышыні 10 кіламетраў нас "вядуць" самалёты, а пасля — верталёты. Адбываецца гэта так. Калі раскрываецца купал, у яго стропах пачынае дзейнічаць антэна. Сігнал ідзе аўтаматычна. І тады пошукавы самалёт пачынае выклікаць экіпаж. Наводзіць верталёты, яны падыходзяць да нас бліжэй, назіраюць, устанаўліваюць сувязь.

— Але не было прамой трансляцыі вашага спуску. Не паказвалі, як вас "вялі" верталёты. Пасля сказалі, што гэта — з-за туману...

— Так, але мы іх чулі. Яны давялі нас да вышыні 300 метраў. Затым камандзір сказаў, што далей зніжацца не будзе — пачынаецца туман.

— А як вас шукалі на зямлі?

— Спачатку выходзіць на сувязь начальнік наземнай пошукавай каманды. У нас гэта быў Сяргей Георгіевіч Малехаў, які па рацыі выйшаў на нас на той жа частаце. Мы пазналі яго голас, узрадаваліся. Ён быў засопшыся: "Казбекі, Казбекі, як сябе адчуваеце?!" Мы зразумелі, што ён бяжыць да нас. Адказалі, што ўсё добра. Чуем — супакойваецца, пераходзіць на крок. Хвілін праз 10-15 да нас дайшоў, убачылі яго твар у ілюмінатары.

— З гэтага моманту я назірала ўжо трансляцыю. Алег, якімі былі першыя думкі, калі цябе ўзнялі з люка? Што ты адчуў?

— Свежае паветра... Радасць ад гэтага і ад вялікай прасторы казахстанскага заснежанага стэпу. Вось гэта вельмі ўразіла пасля МКС...

— А куды вас накіравалі далей? Гэта не паказвалі ўжо...

— Панеслі ў верталёт. Справа ў тым, што наземная каманда выратавальнікаў са спецыяльнай палаткай з-за туману да нас яшчэ не дайшла. Звычайна там кожнага кладуць у асобнае аддзяленне, пераапранаюць. Нас жа пераапраналі проста ў верталёце. Пасля мы паляцелі ў горад Аркалык, адтуль — на Байканур, а затым — на расійскі аэрадром "Чкалаўскі".

Алег Навіцкі: «Мару ўбачыць захады-світанкі ў Чэрвені, зямным захапіцца і родных абняць...»

— Чым запомніўся табе момант сустрэчы з сям'ёй?

— А ў самога не было слёз на вачах?

— Не. У мяне ж даклад як у камандзіра касмічнага карабля. Няма калі плакаць. А пасля нас павялі ў аўтобус — і мы лежачы паехалі ў прафілакторый Зорнага гарадка. Там нас адразу ж апанавалі ўрачы. Вымяралі рост, вагу, ціск, пульс... Усё абсалютна. Бралі аналізы... Усе гэтыя мерапрыемствы дужа напружваюць. А хацелася проста легчы і паляжаць, бо перыядычна пачынала "штарміць"... Тады давалі адпачываць.

— На якой стадыі знаходзіцца твая рэабілітацыя? Як сябе адчуваеш?

— Самаадчуванне на гэтым этапе, я лічу, цудоўнае. Хаця, зразумела, не ўсё яшчэ аднавілася. Ды і не хутка адновіцца. Спіна яшчэ не тая — нягнуткая, слабенькая, каленныя суставы не тыя... А так... Бегаць яшчэ не спрабаваў, але хаджу спакойна. На машыне езджу...

— Яшчэ і трох тыдняў не прайшло пасля прызямлення, а ты ўжо — за рулём?!

— Так. Бо такая слата... Можна лёгка атрымаць траўмы. А на машыне больш бяспечна.

— І вам дазволілі?!

— Не адразу, але дазвол для экіпажа далі. Ёсць такая практыка. Калі экіпаж абгрунтавана папросіць, звычайна згаджаюцца.

— Алег, наколькі я зразумела, вы яшчэ ў космасе пагадзіліся на эксперымент па "высадцы" на Марс...

— Так.

— І якія ўражанні?

— Добрыя. Паказалі, што ўсё можна зрабіць і пасля працяглага палёту, калі ў цябе выдатная фізпадрыхтоўка... Калі ты не халявіў у бязважкасці, а старанна займаўся спортам.

— А ты б хацеў, няхай сабе і гіпатэтычна... калі-небудзь на Марс... першым?!

— Можа б, і хацеў, але я да ўсяго стаўлюся цвяроза. Для такога палёту патрэбны асаблівыя сродкі дастаўкі. І, на мой погляд, мы да гэтага яшчэ не хутка падыдзем.

— А як ты думаеш, праз колькі гадоў?!

— Ну... Гадоў 15 павінна прайсці. Але я спадзяюся, што і ў 55 буду годны да палёту...

— Твой дублёр Павел Вінаградаў у 59 паляцеў! 60-годдзе ў космасе адзначыць! Фантастыка!

— Думаю, гэта не мяжа. Можа, і палёту на Марс дачакаемся...

— Любімае пытанне калег, задаю знарок. Што першае з зямной ежы табе спадабалася?

— Я заказваў жонцы бульбяны пірог. Класная рэч!

— Алег, скажы... Вось для сябе, не выхваляючыся... Як ты ацэньваеш свой першы палёт?

— Ну, я чуў меркаванні людзей, спецыялістаў Цэнтра кіравання палётамі. Яны намі задаволены. Казалі, што мы годна злёталі. Не, памылкі былі, вядома. На канчатковым разборы высветліцца, наколькі добра злёталі. А так... Сваёй работай я задаволены, Жэнькавай, як мы працавалі ў пары, з партнёрамі па МКС. Я гэтага чакаў, быў падрыхтаваны...

Алег Навіцкі: «Мару ўбачыць захады-світанкі ў Чэрвені, зямным захапіцца і родных абняць...»

— У вас такая дружная каманда... На Зямлю вы вярнуліся ў такіх жа сяброўскіх адносінах?

— Здорава! Алег, а па космасе сумуеш?! Мне спадабалася, як ты сказаў адразу пасля прызямлення: "Усё цудоўна! Гарым жаданнем паўтарыць!"

— Я сказаў гэта па свайму фізічнаму стану. А так, канешне, разумею, што адразу мяне ніхто ў наступны палёт не накіруе. Але пасля паўгадавога ўзнаўлення, я так думаю, можна спакойна станавіцца на падрыхтоўку.

— І ўсё ж ёсць па чым-небудзь сум? Па бязважкасці?

— Ведаеш, я яшчэ не парадаваўся як след свайму зямному стану...

— А як жа зорнае неба? Месяц? Вашы 16 захадаў і світанкаў?!

— Пакуль хачу паглядзець захады-ўсходы на Зямлі, у той жа Беларусі. Ты ж ведаеш, як я люблю Беларусь, Чэрвень, сваю сям'ю. Хачу паразмаўляць з блізкімі. А пасля ўжо... Магчыма, і з'явіцца жаданне вярнуцца ў космас...

— А ёсць у вас на пачатку красавіка ў Зорным гарадку снег?!

— Яшчэ шмат!

— Памятаеш, як ты з МКС усё ў мяне пра снег пытаўся і ім захапляўся?! І нам у гэтым зайздросціў? Мабыць, гэта вы зіму затрымалі?! Давай, прызнавайся!!!

— Ну, так. Прасілі для сябе, а атрымалі ўсе...

— Ты назіраў 29 сакавіка за стартам і стыкоўкай вашых дублёраў — асноўнага экіпажа МКС-35/36 у складзе Паўла Вінаградава, Аляксандра Місуркіна і Крыстафера Кесідзі?

— Толькі за стартам.

— І як табе палёт да МКС па кароткай схеме — за 6 гадзін?!

— Я лічу, што гэта вельмі зручна. Двое сутак у касмічным караблі, павер мне, цяжка. Больш напружана, чым зрабіць 4 віткі — і апынуцца на станцыі.

— Скажы, а на МКС шмат было няштатных сітуацый?

— Крытычных — не было. Памылкова спрацавалі датчыкі дыму — на пажар. Але мы разабраліся хутка, лічы, імгненна, што памылкова. Супакоілі партнёраў і Зямлю.

— Зразумела, што ўсе аднакласнікі, настаўнікі, сябры, знаёмыя перадаюць табе прывітанні самыя шчырыя, зычаць здароўя моцнага і ўсіх даброт!

— Усім-усім маім землякам — вялікае прывітанне! А яшчэ — падзяка за маральную падтрымку, якую адчуваў на працягу ўсяго палёту. Дзякуй табе і тым журналістам, якія праз СМІ распавядалі людзям пра наш палёт. Да сустрэчы ў Чэрвені!

— Алег, чакаем! Далейшай паспяховай рэабілітацыі, прыемнага адпачынку. І дзякуй за гутарку!

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота з архіва Алега НАВІЦКАГА

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика