Як магчыма набыць "кавалачак" суседскага зямельнага ўчастка
Пасля "прамой лініі" са старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгіем Кузняцовым рэдакцыя атрымала некалькі дадатковых пытанняў, на якія мы і адказваем.
"Я жыву ў прыватным сектары ва ўласным доме. Побач жыве сусед, які зямельным участкам практычна не карыстаецца. Мы з ім дамовіліся, што частку гэтага ўчастка я магу забраць сабе. Застаецца толькі пытанне — якім чынам гэта зрабіць і дакументальна аформіць?
Складанасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што ўсіх неабходных дакументаў на зямлю ў суседа няма..." (Генадзь Мазурык, г. Бабруйск.)
Па тлумачэнні па гэтым пытанні рэдакцыя звярнулася да спецыялістаў Дзяржкаммаёмасці:
— Здзелкі з зямельнымі ўчасткамі і правамі на зямельныя ўчасткі, на якія адсутнічаюць адпаведныя дакументы, з'яўляюцца несапраўднымі. Таму для афармлення пераходу долі ў праве на зямельны ўчастак неабходна першапачаткова звярнуцца ў рэгіянальную арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці для атрымання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі зямельнага ўчастка. Дзяржаўная рэгістрацыя зямельнага ўчастка ажыццяўляецца на падставе землеўпарадкавальнай справы на зямельны ўчастак і рашэння мясцовага выканаўчага камітэта аб яго прадастаўленні.
Далей, у залежнасці ад віду рэчавага права, мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка і ўмоў яго прадастаўлення, магчыма будзе вызначыць парадак адчужэння такога зямельнага ўчастка ці долі ў праве на яго.
Калі зямельныя ўчасткі аформлены ў пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну або арэнду, а таксама ў пастаяннае ці часовае карыстанне, то яны не могуць быць прададзены, абменены, падораны ці перададзены ў арэнду.
Вышэйпералічаныя здзелкі магчыма ажыццяўляць з зямельнымі ўчасткамі, якія з'яўляюцца прыватнай уласнасцю грамадзян, аднак...
Заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні земляў вызначана, што па агульным правіле забараняецца адчужаць прыватныя зямельныя ўчасткі, што былі прадастаўлены для будаўніцтва і абслугоўвання капітальных пабудоў, да атрымання іх уласнікамі дакументаў на гэтыя пабудовы. Далей трэба адзначыць, што такія прыватныя зямельныя ўчасткі (долі ў праве ўласнасці на іх) могуць адчужацца толькі разам з капітальнымі пабудовамі ці незавершанымі закансерваванымі будынкамі, якія знаходзяцца на гэтых участках.
Крыху іншыя правілы датычацца прыватных зямельных участкаў, прадастаўленых для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Такія ўчасткі магчыма адчужаць іншым грамадзянам Беларусі, якія зарэгістраваны па месцы жыхарства ў сельскай мясцовасці — там, дзе знаходзяцца гэтыя ўчасткі, пры ўмове захавання іх мэтавага прызначэння. Такія здзелкі потым трэба абавязкова рэгістраваць у арганізацыях дзяржкаммаёмасці.
Сяргей КУРКАЧ.