Вясну гукаем, вясну сустракаем!

Источник материала:  

Песняй-вяснянкай абудзілася ўчора дзіцячая дашкольная ўстанова "Светлячок" у аграгарадку Міханавічы Мінскага раёна. Тут гукалі вясну, сустракалі птушак — песнямі, карагодам, развешваннем папяровых птушак і частаваннем выпечанымі "жавараначкамі". Гэтак робяць у пасёлку штогод. Сёлета гурбы снегу на пляцоўцы дзіцячага сада вышэй за самых рослых выхаванцаў старэйшай групы, але традыцыя з-за гэтага не парушылася. Як адмовіцца ад мерапрыемства, якое з першымі промнямі вясновага сонца, абуджэннем прыроды, парою прылёту птушак само просіцца ў звыклы расклад дзіцячай установы. Для яго не патрэбны сцэнарыі, фанаграмы, спецэфекты, рэкамендацыі навукоўцаў. Патрэбна толькі жаданне. А яно ёсць і ва ўдзельнікаў вядомага дзіцячага фальклорнага калектыву "Калыханка" (на здымку), і тым больш у кіраўнікоў і выхавальнікаў "Светлячка". Як адмовіцца, калі свята само да іх просіцца? І яго правялі.

— Народныя святы праходзяць у нас натуральна і душэўна. Яны арганічна ўпісваюцца ў распарадак і выхаваўчы працэс, — кажа загадчыца Міханавіцкай дашкольнай установы Ларыса Фамінчык. — Для дзяцей гэта і забава, і гульня, і змястоўнае баўленне часу на свежым паветры. Тым больш у такое сонечнае надвор'е, калі ў паветры моцнае адчуванне вясны.

Вясну гукаем, вясну сустракаем!

У "Светлячку" кожны хацеў зрабіць свой унёсак у сустрэчу. Праўда, гэта пад сілу пакуль толькі старэйшым дзеткам. Група, у якой выхавальніцамі працуюць Вольга Малюкава і Ганна Матрунчык, падрыхтавала некалькі дзясяткаў рознакаляровых "жаваранкаў", якія цяпер упрыгожваюць тэрыторыю "Светлячка", лёгка пагойдваюцца на ветры.

Святы ў народным стылі нам дапамагаюць праводзіць дзеці — удзельнікі Міханавіцкага фальклорнага гурта "Калыханка". Калектывам ужо 24 гады кіруе жыхарка пасёлка, старшы выкладчык Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларыса Рыжкова. Больш за тое, у калектыве ўдзельнічаюць таксама выхаванцы гэтага ж дзіцячага сада — як цяперашнія (напрыклад, Маргарыта і Раман Тарасавы, Арыяна Бераснева), так і былыя (цяпер яны школьнікі). Дарма, што малыя, — дзеці ведаюць шмат абрадавых песень, палюбілі народную спеўную манеру, шчаслівыя, калі апранаюць народныя строі. Вось адна з іх любімых вяснянак:

"Ой, чэрачко-пташачко,

Не залетай далечко,

Не занось майго венчыка,

Бо мой венчык — барвенчык,

Бо ён жа мне патрэбчык..."

"Калыханка" спявала і пачынала карагод, у якім месца хапала ўсім — і дзецям розных узростаў, і дарослым-выхавальнікам. Бо вясна — яна ж для ўсіх адна!

У канцы гэтай прыгожай гульні-свята ўдзельнікам раздалі выпечаных "жаваранкаў". Спрадвеку было такое частаванне, каб дзеці верылі ў цуды прыроды, верылі ў тое, што птушкі прынясуць на сваіх крылцах нам вясну. Напякла птушачак Галіна Леўдаровіч, выдатны дзетсадаўскі кулінар. Ёй таксама вельмі хацелася зрабіць дзецям добрае свята.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

Мінскі раён.

←Чем бы дитя ни тешилось

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика