Клёвая затока
Наколькі папулярнае ў нас захапленне падлёднай лоўляй рыбы, красамоўна сведчыць вялікая колькасць рыбакоў у зімовы дзень на невялікім азярцы паблізу вёскі Новы Быхаў. Нярэдка гэтых людзей з вудамі-мармышкамі тут каля тысячы! Бывае, як кажуць рыбакі-сведкі, на адным квадратным лядовым метры сядзяць па 3-4 чалавекі.
Гэтае месца спрадвеку носіць назву Затока. Насамрэч яно — невялікае азярцо, утворанае ад старога рэчышча, якіх шмат на Дняпры. Да Затокі зручна дабірацца: яна адразу за вёскай. Спусціўся з гары — і расчахляй вуды!
Недарэмна аматары падлёднай лоўлі ў Магілёве, Рагачове альбо Бабруйску, не кажучы пра Быхаў, калі пачуюць пра Затоку, пачынаюць лёгка нервавацца: больш клёвага (у любым сэнсе) месца тут не знайсці. А калі яшчэ і загадзя сюды не прыехаць, можна наогул застацца без асабістай лункі.
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.