Хацелася б верыць!..
Роstсвяточнае
— Прывітанне ад Клары Цэткін!
— Узаемнае — ад Розы Люксембург!
Ужо шмат гадоў менавіта так мы вітаемся з сяброўкай 8 сакавіка. А потым, як сапраўдныя жанчыны, дзелімся паміж сабой: як жа нас віншавалі тыя мужчыны, якія проста абавязаны ў гэты дзень сказаць нешта прыемнае. Дзівоснае... Традыцыйнае?
Эра SМS-паведамленняў сыходзіць у мінулае, канстатуем паміж сабой. Іх становіцца менш, бо з'явіліся і альтэрнатыўныя, хаця таксама віртуальныя варыянты. І тым не менш пакуль што атрымалі дзясяткі па два SМS-віншаванняў. Накшталт: "Са святам! Кахання, шчасця, радасці". Адразу ўяўляеш, што іх аўтар, каб доўга з намі, шматлікімі, не марудзіцца, набраў тэкст, а яшчэ верагодней, выбраў шаблон у тэлефоне і зрабіў масавую рассылку — каб нікому не было крыўдна і ніхто сабе ў галаву нічога залішняга не ўзяў. Быццам і ветлівы, быццам і адзначыўся — але ж і часу не патраціў.
Другі папулярны варыянт: радкі, у якіх ёсць рыфма наконт "сыдуць марозы — з'явяцца мімозы". У інтэрнэце такіх "віншавалак" аж занадта. Сама аднойчы шукала — разгубілася ад выбару. Ну вось, знаходзіш штосьці больш-менш прымальнае-ўніверсальнае. Набіраеш і зноў жа ўсім, каму хочаш пра сябе нагадаць, адпраўляеш "веерам". Яшчэ можна дачакацца, пакуль прыйдзе табе на тэлефон нейкае прыгожае паведамленне, скапіраваць і распаўсюдзіць імгненна ва ўсе бакі. Часам сустракаюцца больш-менш паэтычныя ці гумарыстычныя творы, здольныя выклікаць хаця б усмешку. Але ж эфект знікае адразу ж, калі табе прыходзіць наступнае паведамленне... з тым жа тэкстам. А калі атрымліваеш яго пяць разоў за дзень, становіцца зусім сумна... Пры ўсёй разнастайнасці выбару, аказваецца, ніхто яго зрабіць не здольны.
Адзін мой знаёмы скарыстаўся іншым, але ж таксама распаўсюджаным спосабам, каб павіншаваць усіх знаёмых дам. Ён не замарочваўся і не рабіў выгляд, што віншуе асабіста мяне — за што яму асобны дзякуй. У сацыяльную сетку кінуў калоду спасылак на інтэрнэт-песенькі. Самадзейныя троххвілінныя кліпікі, у якіх кветкі бясконца квітнеюць, магчыма, каго і здольныя ўразіць, але не мяне, сапсаваную работай на ТБ і веданнем законаў відэамантажу.
Можа, менавіта таму заўсёды адзначаю для сябе віншаванні "hаnd-mаdе" (зробленае рукамі). Гэта калі адрасант не лянуецца зрабіць нешта, хаця б і віртуальнае, асабіста для цябе (ці так толькі здаецца?). Сёлета спадабалася такая SМSка: "Жадаю Вам моцнага здароўя і сонечнага адчування свету, міласэрнага да тых, хто нам дарагі". Былі і іншыя словы, якім хочацца верыць. Бо шчырасць — заўсёды рэдкая птушка. Можа, таму яна такая жаданая?..
Ірына АСТАШКЕВІЧ.