«Усе дзеці працавітыя, творчыя, шмат чытаюць»
Градкі і… мікрааўтобус
Быў зімовы дзень. Перад гэтым ці не суткі круціла завіруха, і нават на шашы страчаліся снежныя заносы. Паваротка да Дома сямейнага тыпу Грабко, як і ўсе дарожкі, была акуратна ачышчана. Трохі воддаль, ля хлява, адліваў блакітнай фарбай мікрааўтобус.
Не паспеў націснуць кнопку званка, як дзверы адчыніліся. Таццяна Грабко ветліва запрасіла ў пакой, адразу на кухню, дзе на доўгім стале ў два рады выстраілася больш за дзесяць кубкаў і талерак:
— Вы тут пагаварыце з дзецьмі, а я за гэты час закончу пячы піражкі!
— Не-не, — запратэставалі дзяўчынкі. — Мы самі піражкі дапячом! А вы — размаўляйце!
— Сёння ў нас дзесяць дзяцей: дзевяць прыёмных і наша дачка Аліна. Самаму меншаму Кірылу — чатыры гады, самай большай, Насці — сямнаццаць, — гаворыць гаспадыня. — За гэты час трое пайшлі далей: Алеся вучыцца ў Полацкім аграрна-эканамічным каледжы, Алег — у аграрна-тэхічным каледжы ў Лепелі. Набывае там прафесію механіка. Яўген Жаўтко ўжо закончыў Глыбоцкі прафтэхліцэй і працуе. А Яўген Літвіненка вучыцца ў гэтым ліцэі, але знаходзіцца з намі, бо не пажадаў жыць у інтэрнаце, — паведала Таццяна. — Кожнае дзіця мае свой пакой, акрамя сястрычак Олі і Алёны. Для іх мы «ахвяравалі» камп’ютарную, якую вынеслі ў калідор.
Што мы паспелі за гэтыя няпоўныя пяць год? Нямала. Па-першае, абзавяліся гаспадаркай. Так, быў хлеў, была зямля каля дома, але ж там было пуста. Таму прыйшлося, як мы жартавалі, самім «падымаць цаліну». Цяпліцы зладзілі. Сад пасадзілі. Тут нам добра дапамагла Таццяна Аляксееўна Бурэнь з Падсвілля, якая спачатку дала 32 саджанцы, а потым яшчэ давезла. Дзядуля з Глыбокага, Сяргей Фёдаравіч, прозвішча яго, на жаль, не ведаю, вінаград падарыў і яблынькі прывіў нам на дзічках. Жывёлай абзавяліся. Старшыня Абрубскага сельскага Савета Аляксей Славецкі прэзентаваў в’етнамскую свінку. Гадуем таксама індакачак, бройлераў. Апошнія набралі вагу да 5-і кілаграмаў. Сёння ў нашай Леначкі дзень нараджэння, то адзін бройлер пойдзе на пачастунак.
Трэба зазначыць, што дзеці, наколькі можна, дапамагаюць у вядзенні гаспадаркі: ці то прапалоць градкі, ці то ў цяпліцы паліць агуркі і памідоры, ці то качак пакарміць. Суседзі з нас спачатку нават пакеплівалі: «Вечна вы працуеце!» Але дзеці робяць не таму, што я сказала: «Вось зараз будзем палоць», а таму, што яны самі разумеюць: гэта наша жыццё.
А па вялікім рахунку, на першым плане ў нас вучоба і адпачынак. Вялікая справа, што нам удалося набыць невялічкі мікрааўтобус «Форд-Транзіт». Беларусбанк выдзеліў на гэта льготны крэдыт пад стаўку рэфінансавання. Спачатку яна была 12 працэнтаў гадавых, цяпер — 30. Мо і мнагавата, затое мы з машынай, без якой аніяк нельга. Па-першае, Лена і Насця вучацца ў горадзе. Адна ў гімназіі, другая — у школе № 2. Іх падвозіць муж Рыгор. Лена і Алёна займаюцца ў музычнай школе. Гэтых ужо я дастаўляю туды пасля абеду. Акрамя таго, некаторыя наведваюць Цэнтр дзяцей і моладзі. Хачу сказаць, што ўсе дзеці вельмі творчыя. Амаль усе захапляюцца вышыўкай. Цэлая выстава іх работ на сцяне. Шмат чытаюць. Лена пры паступленні ў гімназію адзіная з раёна здала экзамен па беларускай мове на «дзясятку».
Па казку — у Крым, Віцебск, Мінск!
— Машына дае магчымасць нам цікава праводзіць адпачынак. У 2010 годзе, як толькі мы яе набылі, падаліся ў Крым, дзе ў нас ёсць радня, цёця і свякроў, якія прытулілі нас і ўсяляк спрыялі нашаму адпачынку. Аб’ездзілі мы ўсё паўднёвае ўзбярэжжа. Пабылі ў Ялце, Бахчысараі, Чуфут-Кале, Эскі-Кармен, Успенскім манастыры, Пячорным горадзе, Паляне казак і многіх іншых месцах. Запомнілася прагулка на кацеры па бухтах Севастопаля. Вадзіцель кацера, калі даведаўся, што мы з Беларусі і што ў нас сямейны дзіцячы дом, пракаціў нас ўсяго за 100 грыўнаў і вельмі цікава пра ўсё расказваў. Стаяў верасень. Надвор’е было цудоўнае, лепей не прыдумаеш. Прабылі мы ў Крыме 10 дзён.
Цяпер хачу паведаць асобна пра яшчэ аднаго вельмі добрага чалавека. Аднойчы, гэта быў наш першы Новы год у гэтым доме, на Каляды да нас прыехаў мужчына, прывёз вялікі торт, цукеркі, мандарыны, чай, пячэнне!.. Падобныя візіты паўтараліся і пасля. І толькі потым мы выпадкова даведаліся, што гэта — Юрый Шымко, прадпрымальнік з Глыбокага, які мае невялічкі магазінчык «Чайная лаўка».
На Вялікдзень ён нам прывёз горны веласіпед, ролікавыя канькі, шмат цікавых кніг. Ад запрашэнняў пагасціць усё адмаўляўся. І вось толькі ў самым канцы мінулага года прыехаў разам з жонкай. Мы напяклі піражкоў. Сядзелі за сталом, пілі чай, гаварылі пра жыццё. Ён раптам спытаў:
— Вы ў Мінску, у цырку, былі?
— Не.
— А хацелі б?
— Канечне.
— Значыць, едзем!
Я хацела сесці за руль свайго мікрааўтобуса. Але Юрый запратэставаў:
— Па-першае, у вашу машыну ўсе не змесцяцца. А па-другое, у вас таксама павінна быць свята!
І ён заказаў аўтобус на ўсіх, білеты ў цырк і ўсё аплаціў спаўна, хаця мы гатовы былі ўнесці нейкую долю.
Прадстаўленне ў цырку дзецям запомнілася надоўга. Я сама як бы вярнулася ў маленства. Потым мы праехалі ў метро, пагля- дзелі ў кінатэатры па 3Д мульцік «Іван-царэвіч і шэры воўк», перакусілі ў кавярні.
Ну і самае хвалюючае, самае казачнае, што не перадаць словамі, — паездка нашых дзяцей Ірыны і Насці на Прэзідэнцкую ёлку ў Мінск, а Лены — на абласную ў Віцебск, як узнагарода за выдатную вучобу!
Па закону для іх мы — ніхто?!.
— У нашай сям’і дзеці, бацькі якіх пазбаўлены на іх праў. І калі дзіця ідзе ад нас у самастойнае жыццё, мы, па закону, для яго ўжо ніхто. Але гэта не так. Яны называюць нас «тата» і «мама», а мы лічым іх сваімі. За кожнага перажываем і хочам надалей падтрымліваць у жыцці, як і ўсе бацькі. І з адзення нешта купіць, і харчоў з сабой даць, і рубель нейкі… Ды мала чаго!? Ёсць такім дзецям і дзяржаўная падтрымка. Ім выдзяляюць жыллё, даюць работу. Аднак трэба ж, каб хоць на першым часе нешта яны мелі і сваё: той жа чайнік, патэльню і коўдру... Каб перайсці на свой хлеб, ім трэба памацнець. Тым больш узрост такі, што зламацца лёгка…
Мы спецыяльна ездзілі ў Оршу, у такі ж Дом сямейнага тыпу, які існуе ўжо 20 год, каб даведацца, як яны вырашаюць гэту задачу. Выявілася, што сям’я выйшла на вобласць у свой час, і ім пабудавалі ферму, у якой зараз 10 кароў. Купілі трактар. Дзеці ў гэтай сям’і аднаго ўзросту, што значна лягчэй. Выхоўваюць цяпер 7, а 14 выпусцілі ў свет, якім таксама дапамагаюць, дзякуючы ферме.
Мы прыкінулі, што ферму для кароў не пацягнем пакуль што, а вось невялічкую свінаферму маглі б трымаць. Муж мой любіць даглядаць гэтых жывёлін. І таму ёсць у нас цяпер 10 свіней і 4 свінаматкі. Гадавалі летам яшчэ 55 індакачак і бройлераў.
Мясцовая ўлада нас падтрымлівае па ўсіх пытаннях. Гэта дзякуючы клопату ў першую чаргу старшыні райвыканкама Алега Морхата ў нас няма праблем з зернем і бульбай для жывёлы — прадукцыю бясплатна далі ААТ «Пятроўшчына» і сельгаспрадпрыемства «Азярцы». Са свінакомплекса «Маліноўшчына», ААТ «Канстанцінаў Двор» атрымалі свіней. Для апрацоўкі агарода ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка» будзе выдяляць нам у першую чаргу каня. У райвыканкаме стаіць на кантролі пытанне, каб дапамагчы набыць мотаблок з прычапным інвентаром!
А ТЫМ часам падаспелі гарачыя румяныя піражкі. Мы з дзецьмі дружна пілі чай і прыгадвалі самае прыемнае з іх жыцця: аб Прэзідэнцкай і абласной ёлцы, аб тым, як летась сям’я адпачывала ў «Зубронку», што пасадзяць сёлета ў цяпліцах і шмат чаго яшчэ. Словам, цікавага было і будзе нямала! На тое ж і сям’я Грабко, і дом гэты, каб дзеці раслі шчаслівымі!..
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара