Дзе ў пояса галава?
Сумкі, кашулі і вокладкі кніг з элементамі слуцкіх паясоў плануюць вырабляць у Барысаве
Пакуль жа на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кішчанкі наладжана вытворчасць сувенірных аналагаў паясоў – тых самых унікальных твораў ручнога ткацтва, што выраблялі ў нашай краіне ў канцы ХVIII – пачатку XIX стагоддзя. Праўда, нітак залатых тут не ўплятаюць, ды і персідскі шоўк не выкарыстоўваюць, як гэта рабілі майстры некалькі стагоддзяў таму. Для выпуску сапраўдных аналагаў слуцкіх паясоў трэба яшчэ добра вывучыць тэхналогію перапляцення нітак і іх склад, набыць спецыяльныя станкі і зрабіць шмат іншага, прадпісанага Дзяржаўнай праграмай «Слуцкія паясы» на 2012–2015 гады, прынятай летась па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Праграма прадугледжвае адраджэнне тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў, а таксама развіццё вытворчасці адпаведнай нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. У прыватнасці, на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Слуцкія паясы» хутка павінны з'явіцца нямецкія машыны, якія ў дакладнасці да міліметра змогуць паўтарыць ткацкія вырабы двухсотгадовай даўнасці. Барысаўскім паясам далёка да арыгіналаў. Гэта ўсяго толькі копія, але выкананая па-майстэрску, так што можна лічыць працэс іх вытворчасці “генеральнай рэпетыцыяй” аўтэнтычнага ткацтва.
Калісьці ў краіне выпускалася па некалькі соцень слуцкіх паясоў. Набыць пояс-шэдэўр з тонкіх шаўковых, залатых і срэбных нітак лічылі за гонар магнаты і князі амаль з усяго свету. Беларускія шэдэўры ткацтва і сёння можна ўбачыць у музеях Кракава, Варшавы, Вільнюса, Каўнаса, Львова, Масквы, Санкт-Пецярбурга. У Беларусі іх захавалася не больш за трыццаць, з улікам невялікіх фрагментаў. А так хацелася б, каб кожны айчынны музей мог змясціць слуцкі пояс на сваёй вітрыне, каб у кожнага беларуса і госця нашай краіны была магчымасць убачыць, як той знакаміты пояс выглядаў, і каб кожны турыст мог набыць на памяць хоць невялічкі кавалак беларускага брэнду. І зусім не абавязкова, каб гэты кавалак дакладна паўтараў знакаміты слуцкі пояс, але хаця б імітаваў, даючы ўяўленне пра скарб двухсотгадовай даўнасці. Менавіта выпускам такіх сувеніраў займаюцца на Барысаўскім камбінаце, куды наведалася журналіст “НГ”.
Чытачам, напэўна, вядома, што наш любімы Максім Багдановіч, апісваючы няшчасную долю беларускіх ткачых, мякка кажучы, памыліўся. Жанчыны да ткацтва паясоў не дапускаліся. Гэтым займаліся мужчыны. Па-першае, таму што праца на ручных станках была досыць цяжкая. А па-другое, лічылася, што залатыя і срэбныя ніткі, якія таксама выкарыстоўвалі пры вытворчасці слуцкіх паясоў, цямнелі ад жаночых рук. Аднак паясы на Барысаўскім камбінаце вырабляюць увогуле і не мужчыны, і не жанчыны, а аўтаматызаваная машына! Можаце сабе ўявіць, як я здзівілася, убачыўшы, як гэты цуд тэхнікі родам з Японіі вышывае на паясах беларускія кветачкі.
— Спецыяльную камп’ютарную праграму для машыны распрацавала наш мастак Алена Шэміт. Па фотаздымках яна аднавіла малюнак і ўзор слуцкага пояса да апошняй кветачкі і кропачкі, — расказала начальнік ткацкага цэха Таццяна Шытухіна. — У машыну закладзена дванаццаць праграм. Кожная — для вышыўкі асобнага фрагмента пояса. Задача аператара — правільна расставіць усе колеры і ніткі, вызначыць межы пояса і сачыць за вышыўкай. Пояс двухбаковы, вышываецца прыкладна два тыдні, з улікам хуткасці машыны — 950 шыўкоў у хвіліну.
Пояс коштам з самалёт?
Нібы самая вопытная ткачыха, машына без перапынку “выводзіць” узор пояса. Дакладней, яго фрагмента, бо пояс вышываецца на машыне не суцэльна, кампануецца пасля з асобных кавалачкаў. Ён вышываецца нямецкімі ніткамі — звычайнымі вышывальнымі і металізаванымі — для эфекту багатага шляхецкага ўбору.
— Вось “паўфабрыкат”, толькі-толькі зняты з машыны, — тлумачыць Таццяна Шытухіна, паказваючы два вышытыя на лёгкай тканіне паясы. — Гэта часткі аднаго пояса — светлая і цёмная. Лічыцца, пояс насілі звычайна цёмным бокам. Светлым павязвалі толькі на святы. Гэта сувенір, які вельмі дакладна імітуе слуцкі пояс. Мы і называем яго “Поясам магната”. Многія краіны так робяць. Узяць, да прыкладу, Турцыю. Што адтуль прывозяць турысты? Маленькія турэцкія дываны, зробленыя на невялікіх электронных станках. Калі б пояс рабіла адна бабуля на ручных кроснах і ткала яго каля трох месяцаў, пояс каштаваў бы хіба з самалёт.
Так, гэты пояс усяго толькі імітацыя беларускага шэдэўра. Але нават трымаючы ў руках гэты сувенір, разглядаючы маленькія кветачкі на залатым полі, адчуваеш цеплыню і пяшчоту беларускай зямлі. Нібы разам з ніткамі ўплялі ў яго шчырасць, гасціннасць і ўсе тыя добрыя якасці, якімі валодае беларус.
Золата з аксамітам
Больш бюджэтны варыянт сувеніра з Барысава — дыптых “Слуцкі ўспамін”, які складаецца з “галавы” (самая яркая частка пояса з багатым арнаментам) і “сярэдніка” (сярэдняя частка) пояса. На вытворчасць вялікага кавалка ідзе каля дзевяці гадзін, малога — каля пяці. Фрагменты афармляюцца ў шыкоўныя рамкі і выдатна падыходзяць для ўпрыгожвання офісаў, кватэр і іншых памяшканняў. Чым цікавыя дыптыхі? У іх можа быць некалькі варыянтаў афармлення. Да прыкладу, з паспарту і без. Магчымы варыянт, калі камбінат прадастаўляе пакупніку толькі сам вышыты фрагмент пояса. А чалавек ужо сам вырашае, як яго выкарыстоўваць і ў што аформіць — зрабіць часткай інтэр’еру, вопраткі ці іншага.
— Працуем над пашырэннем асартыменту сувенірнай прадукцыі з элементамі слуцкага пояса, — расказвае Таццяна Шытухіна. — Да прыкладу, плануем вырабляць сумкі, кашулі. Ужо зрабілі некалькі вокладак для кніг з элементамі слуцкага пояса. Шмат ідэй. Патрэбны толькі час для іх рэалізацыі.
А ў тым, што гэтыя сувеніры будуць карыстацца попытам у пакупнікоў, на камбінаце не сумняваюцца. Ніхто не будзе супраць падарыць ці набыць на памяць кавалачак сапраўднага бясспрэчнага сімвала Беларусі. А вы як лічыце?