Расія і сірыйскае пытанне
Нягледзячы на наяўнасць супярэчнасцяў паміж Расіяй і ЗША, на якія ўказвае Сяргей Кізіма ("закон Дзімы Якаўлева" супраць "акта Магніцкага"), яны не ўплываюць на нарошчванне стратэгічнага партнёрства паміж імі.
Так расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў падчас свайго інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу СNN заявіў, што ні юрыдычна, ні фактычна "закон Дзімы Якаўлева" не звязаны з "актам Магніцкага", нягледзячы на тое, што ён сапраўды прымаўся на эмацыйнай хвалі, звязанай з адпаведнымі рашэннямі амерыканскага Кангрэса. Але мэта гэтага закона — забяспечыць дзяцей, якія не маюць бацькоў, належнымі клопатам і медыцынскай дапамогай, бо гэта прамы абавязак дзяржавы. Такім чынам, прыняцце закона не было накіравана на абвастрэнне адносін з ЗША. Калі б Расія хацела пагоршыць гэтыя адносіны, трэба было пазбавіць амерыканскую нафтавую карпарацыю Еххоn Mоbіl ліцэнзіі на распрацоўку расійскіх арктычных шэльфавых нафтавых радовішчаў ці выставіць базу НАТА з-пад Ульянаўска.
Таму, калі мы аналізуем "сірыйскі крызіс", нам трэба пазбавіцца ад стэрэатыпаў "халоднай вайны". Кантэкст адносін Расіі і ЗША кардынальна змяніўся, і ён з кожнай гадзінай набывае ўсё большае і большае стратэгічнае вымярэнне. Таму, з улікам гэтага кантэксту, не павінен з'яўляцца нечаканасцю той факт, што Расія ў выніку можа прыйсці да кансэнсусу з Захадам і Лігай арабскіх краін па "сірыйскім пытанні", як гэта было ў выпадку з Лівіяй. У якасці кампенсацыі за "геапалітычныя страты" ў Сірыі з боку ЗША, напрыклад, можа стаць прызнанне постсавецкай прасторы зонай прывілеяваных інтарэсаў Расіі. І гэты расклад цалкам упісваецца ў намер Крамля стварыць Еўразійскі саюз, не жадаючы сутыкацца з нечаканымі перашкодамі ў гэтым працэсе з боку іншых геапалітычных суб'ектаў — такіх, як ЗША.
Сведчаннем набліжэння да кансэнсусу з'яўляецца пазіцыя, агучаная прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым у інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу СNN, згодна з якой прэзідэнт Сірыі Башар Асад рабіў фатальную памылку, не прыцягваючы ўмераную апазіцыю да палітычных рэформаў, а з кожным месяцам шанцаў на захаванне яго кіраўніцтва становіцца ўсё менш і менш. Далей ён заявіў, што расійскі бок ніколі не настойваў на тым, каб Асад або нехта іншы павінен быў утрымацца ва ўладзе. Больш за тое, Расія гатова да кантактаў як з прадстаўнікамі дзейнага сірыйскага ўрада, так і з апазіцыйнымі сіламі.
У мяне гэтыя заявы адразу выклікалі паралелі з пазіцыяй, якую заняў Мядзведзеў падчас "лівійскага крызісу". Між іншым, сустрэча міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова і лідара сірыйскай апазіцыі Ахмеда Мааза Аль-Хаціба падчас Канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене, на якую не былі запрошаны віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і спецпасланнік ААН і ЛАГ Лахдар Брахімі, паслужыла падставай для чутак аб тым, што паміж Расіяй і сірыйскай апазіцыяй можа быць складзена таемная дамоўленасць.
Тым часам на сцэну "сірыйскага крызісу" выйшаў новы актыўны гулец — Ізраіль. 30 студзеня самалёты ізраільскіх ВПС нанеслі ўдар па аб'ектах размешчанага пад Дамаскам навукова-даследчага цэнтра Міністэрства абароны Сірыі ў Джамраі, а таксама па аўтакалоне, якая перавозіла зброю з Сірыі ў Ліван для шыіцкай групоўкі "Хезбалах", што выступае на баку Асада і мае падтрымку з Ірана. Паводле інфармацыі, размешчанай на ізраільскім рэсурсе Dеbkа, які спецыялізуецца ў галіне ваеннай разведкі, гэтыя ўдары былі нанесены пасля амерыканска-ізраільскіх кансультацый, на якіх прэзідэнт ЗША Барак Абама "даў зялёнае святло Ізраілю" на супрацьдзеянне сумесным ваенным аперацыям з боку Ірана, Сірыі і "Хезбалах" на тэрыторыі Сірыі. Цікава, што, паводле гэтага рэсурсу, ізраільскі дарадца па нацыянальнай бяспецы Якаў Амідрор праінфармаваў Маскву падчас свайго візіту 22 студзеня аб падрыхтоўцы гэтых удараў, але расійскі бок не паведаміў Асаду пра гэта?!
Трэба адзначыць, што Іран з кожным часам пачынае адыгрываць усё большую ролю ў "сірыйскім крызісе" (так апошнія ваенныя дзеянні сірыйскай арміі супраць апазіцыйных сілаў каардынаваліся са спецыяльнага аператыўнага цэнтра ў Іране). З улікам вострых супярэчнасцяў паміж Ізраілем і Іранам наконт ядзернай праграмы (Ізраіль мае намер нанесці ўдары па ядзерных аб'ектах Ірана ў выпадку дасягнення ім магутнасцяў па ўзбагачэнні ўрану, неабходных для стварэння атамнай бомбы) "сірыйскі крызіс" можа ператварыцца ўжо ў "іранскі" са значна больш сур'ёзнымі глабальнымі наступствамі...
Між тым у 2010 годзе Расія далучылася да зброевага эмбарга ў дачыненні Ірана, а таксама заняла жорсткую пазіцыю ў дачыненні да іранскай ядзернай праграмы, што таксама сведчыць аб наяўнасці стратэгічных дамоўленасцяў паміж Расіяй і Захадам. Але гэта ўжо зусім іншая размова...
Арсеній Сівіцкі,
палітычны аглядальнік "Звязды".
Цяжка пагадзіцца з пунктам гледжання аб "нарошчванні стратэгічнага партнёрства" паміж ЗША і Расіяй, выказанай Арсеніем Сівіцкім. Насамрэч факты гавораць аб адваротным. Спробы ЗША нарошчваць партнёрства з Расіяй, не адступаючыся ад сваіх інтарэсаў і ўсяляк ушчамляючы інтарэсы Расіі, у Маскве больш не лічаць дарэчнымі. У Крамлі ўпэўнены, што часы 1990-х, калі ЗША не хацелі лічыцца з расійскімі інтарэсамі, больш не актуальныя. Расія ў 1990-х гг. была такая слабая, што фактычна прызнала незалежнасць сваёй мяцежнай правінцыі Чачні ў 1996 годзе і зведала зневажальны для краіны з прыроднымі рэсурсамі на дзясяткі трыльёнаў долараў у сваіх нетрах дэфолт у 1998 годзе.
З тых часоў Расія памацнела, нарасціла сур'ёзныя золатавалютныя рэсурсы, змагла вярнуць увагу шэрагу сваіх саюзнікаў. Ды і ЗША ўжо не тыя — магутная адзіная звышдзяржава з перадавой эканомікай імкліва трансфармуецца ў краіну з велізарным дзяржаўным доўгам, якая хутка саступіць па памеры ВУП свайму кітайскаму канкурэнту.
Таму адносіны з ЗША па варыянце 1990-х, якія так спадабаліся Вашынгтону, для Расіі больш не актуальныя. Але пераламаць інерцыю мыслення амерыканскай палітычнай і эканамічнай эліты вельмі няпроста. У Вашынгтоне не прывыклі расставацца ні з чым выгадным для сябе. Таму адзіным спосабам для Расіі настаяць на прызнанні амерыканцамі значнасці сваіх стратэгічных інтарэсаў з'яўляецца штучнае абвастрэнне адносін з ЗША, каб прымусіць амерыканскую эліту зразумець, што з Расіяй цяпер давядзецца лічыцца.
І прыняцце "закона Дзімы Якаўлева" ў адказ на "акт Магніцкага" ў гэтую палітыку ўпісваецца. Як упісваецца і супрацьстаянне па сірыйскім пытанні, і новая практыка расійскага МЗСа публікаваць звесткі аб парушэнні правоў чалавека ў заходніх краінах. Але, натуральна, дасведчаныя палітыкі ніколі не блытаюць фактычныя дзеянні ў інтарэсах сваёй краіны з адкрытым абвяшчэннем іх паднаготнай у СМІ.
Няўжо Джордж Буш-малодшы, аб'яўляючы аб уварванні ў Ірак у 2003 годзе, гаварыў пра тое, што яно праводзіцца ў інтарэсах амерыканскіх нафтавых кампаній? Не, гаворка ішла пра "ўзнаўленне дэмакратыі" і знішчэнне быццам бы існуючага ядзернага арсенала Садама. Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў таксама з'яўляецца дастаткова вопытным палітыкам, каб не даваць падчас інтэрв'ю заходнім СМІ аргументаў для крытыкі Расіі. Ён іх і не дае. Антыамерыканская накіраванасць "закона Дзімы Якаўлева" і так зразумелая ўсім, каму трэба.
Што датычыцца сцвярджэння Арсенія Сівіцкага, што калі б Расія хацела пагоршыць адносіны з ЗША, то яна б разарвала кантракты з ЕххоnMоbіl і выставіла базу НАТА з Ульянаўска, то гэтыя моманты таксама патрабуюць тлумачэння. Расія зусім не хоча пагоршыць для сябе перспектывы развіцця, а наадварот, імкнецца іх палепшыць. І кантракт Раснафты з ЕххоnMоbіl выгадны перш за ўсё Расіі.
Па-першае, Раснафта не мае тэхналогій таго ўзроўню, якія неабходны для эфектыўнай маштабнай здабычы нафты на шэльфавых радовішчах у арктычных умовах. Па-другое, новыя шэльфавыя праекты Расіі запатрабуюць сотні мільярдаў долараў інвестыцый, якіх у Раснафты таксама няма. Таму, уступаючы ў альянс з ЕххоnMоbіl, Раснафта атрымлівае сучасныя тэхналогіі і грошы, без якіх гэтыя шэльфавыя радовішчы так і засталіся б незасвоенымі і не прынеслі б зусім ніякага прыбытку для Расіі. І, нарэшце, трэцяй перавагай для Расіі з'яўляецца магчымасць зрабіць з магутнай амерыканскай кампаніі расійскага лабіста ў калідорах улады ў Вашынгтоне. ЕххоnMоbіl, атрымаўшы добрыя магчымасці зарабіць грошы ў Расіі, будзе старацца знізіць градус прадузятасці супраць Расіі ў амерыканскіх палітыкаў.
Што да так званай базы НАТа ва Ульянаўску, то неабходна адзначыць, што такой у Расіі няма, гэта ўсяго толькі надуманы штамп. Ёсць часовыя склады і добрая лагістыка пад Ульянаўскам, якія будуць выкарыстаны для атрымання Расіяй адразу некалькіх пераваг. Па-першае, Расія дапаможа ЗША хутчэй вывесці свае войскі і тэхніку, якія знаходзяцца вельмі блізка да зоны стратэгічных інтарэсаў Расіі. Па-другое, пры задзейнічанні гэтага маршруту менш амерыканскіх грузаў будзе выведзена наземным шляхам праз краіны Цэнтральнай Азіі; такім чынам, яны менш заробяць на ЗША, што знізіць ступень амерыканскага ўплыву ў гэтым рэгіёне, што і трэба Расіі. Па-трэцяе, Расія адпрацуе новы лагістычны маршрут, які зможа дазволіць ёй зарабляць на ім грошы і ў наступныя гады. Такім чынам, і супрацоўніцтва з ЕххоnMоbіl, і транзіт амерыканскіх грузаў праз Ульянаўск узмацняюць уплыў Расіі ў свеце. Адмова ад гэтых варыянтаў пашкодзіць перш за ўсё расійскім інтарэсам.
Што ж датычыцца сцвярджэння Арсенія Сівіцкага, што Расія нібыта спрабуе "здаць" Сірыю ў абмен на прызнанне з боку ЗША постсавецкай прасторы зонай прывілеяваных інтарэсаў Расіі, то яно абсалютна нерэальнае. У ЗША хапае людзей, здольных зразумець, што Сірыя можа стаць чарговым Афганістанам, на які давядзецца выдаткаваць сотні мільярдаў долараў, якіх у ЗША няма. "Абмяняць" бедную, набітую тэрарыстамі 20-мільённую Сірыю на ўступку Расіі постсавецкай тэрыторыі з больш чым 100-мільённым насельніцтвам і найбагацейшымі прыроднымі рэсурсамі было б поўным нонсэнсам з боку ЗША. Таму гэта бессэнсоўна нават прапаноўваць для абмеркавання.
І, нарэшце, каб падвесці рысу пад сірыйскай тэмай, нагадаю пра эпахальную падзею, якая адбылася на сірыйскім фронце. 4 лютага кіраўніцтва "Нацыянальнай кааліцыі сірыйскіх рэвалюцыйных і апазіцыйных сіл" абвясціла аб гатоўнасці пачаць перамовы з прадстаўнікамі сірыйскага ўрада Башара Асада. Улічваючы, што раней мяцежнікі адмаўлялі саму магчымасць перамоў, гэта пацвярджае, што ніякай дамоўленасці з Вашынгтонам або Турцыяй аб "здачы Расіяй Асада" ў прыродзе не існуе.
Сяргей КІЗІМА,
загадчык кафедры міжнародных адносін
Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,
доктар палітычных навук