Каўказскія палоннікі, або "У Дагестане мы жылі, як у гета"

Источник материала:  

"Вам ветліва прапануюць прайсці ўнутр і пакажуць людзей, якіх "можна набыць паштучна і оптам, у залежнасці ад жадання пакупніка", можна наняць на працу, закласці ў банк ці памяняць на нейкі іншы тавар, які карыстаецца попытам на рынку". Гэта фраза з вядомага рамана амерыканскай пісьменніцы Гарыет Бічэр-Стоу "Хіжына дзядзькі Тома". Цытата характарызуе рынак нявольнікаў у Амерыцы. З тых часоў мінула два стагоддзі, але гэты гандаль толькі знешне відазмяніўся. Сутнасць яго засталася ранейшай. У лік нявольнікаў трапілі і беларусы, якія былі вызвалены ў канцы студзеня з Дагестана. "Звяздзе" ўдалося звязацца з адным з іх.

Чалавек каштуе 15 тысяч рублёў

Голас 23-гадовага Уладзіміра Арэшчанкі, жыхара пасёлка Руба Віцебскай вобласці, дагэтуль дрыжыць і перарываецца. Амаль паўгода ён правёў з братам на цагляным заводзе ў Дагестане, батрачачы за ежу.

— Я і раней адпраўляўся ў пошуках лепшай долі на працу ў іншыя мясціны, — расказвае Уладзімір. — У маім "паслужным спісе" значацца Віцебск, Мінск. Аднойчы і ў Расію ездзіў на заробкі, але тады я аформіўся як мае быць.

Гісторыя майго дагестанскага батрацтва пачалася ў канцы ліпеня 2012 года. Цэны раслі хутка, а мая прафесія слесара-сантэхніка да высокааплатных не адносіцца. Таму праглядаў розныя прапановы ад працадаўцаў. І ўбачыў рэкламу, у якой абяцалася "грашовая" праца ў Маскве. Стэлефанаваліся з тым, хто размясціў гэтую інфармацыю, дамовіліся сустрэцца на вакзале ў Белакаменнай. Узялі з братам білеты і паехалі.

Ішоў час, але да нас ніхто не падыходзіў. Вядома, раззлаваліся: праехалі такую дарогу, і навошта? Пайшлі ў бліжэйшае бюро занятасці, каб не марнаваць час. Тут да нас падкацілі некалькі, як кажуць, асоб каўказскай нацыянальнасці. Прапанавалі працу на будоўлі, а плаціць абяцалі да 30 тысяч рублёў (тысяча долараў. — Аўт.). Мы пагадзіліся і селі ў аўтобус. На другія суткі здагадаліся: вязуць кудысьці на Каўказ. Пунктам прыбыцця стала Махачкала, сталіца Дагестана. А пасля мы трапілі на сапраўдны рынак рабоў, аб якім я чытаў толькі ў кнігах...

Што ж уяўляе сабой гэты дзікунскі аўкцыён, дзе гандлююць людзьмі? Спачатку па тэлефоне выклікаюцца ўсе "заказчыкі". Калі ўсе сабраліся, пачынаецца гандаль... Чалавек ацэньваецца на такіх таргах у 15 тысяч расійскіх рублёў. Менавіта такую суму плаціць пакупнік прывозчыку за кожны набытак. Адзінае права, якое там мае "жывы лот", — гэта магчымасць выбару паміж прапановамі. Але з чаго выбіраць, калі прапановы ўсе аднолькавыя — разнастайная цяжкая праца? Калі ж увогуле адмаўляешся ад усіх прапаноў — патрабуюць заплаціць грошы за праезд. Ды вось толькі ўзяць іх няма адкуль... І баішся невядомасці: хто ведае, што з табой зробяць у гэтым варварскім асяроддзі? Чалавек для гэтых "аўкцыёншчыкаў" — выключна сродак для нажывы. Я чытаў, што падобны гандаль адбываўся ў старажытным Рыме, сярэдневяковай Турцыі, Злучаных Штатах Амерыкі 200 гадоў таму... Але каб такое — ды ў сучасным свеце?

"Кармілі, як у нямецкім канцлагеры"

Выбралі сабе адзін цагельны завод, дзе прапаноўвалі зарплату ад 7 да 10 тысяч рублёў. Прымушалі там працаваць 12 гадзін у дзень нават без намёку на выхадныя. Калі пасля месяца катаржнай працы спыталіся ў наглядчыкаў пра тое, дзе ж грошы, яны накінуліся на нас учацвярых з кулакамі і гаечнымі ключамі. Дакументы ў нас не адбіралі. Думкі аб уцёках, на жаль, давялося адрынуць. Гэта ж Каўказ, там небяспека можа падсцерагаць на кожным кроку. Зараз гляджу на карту і бачу, што шанцаў на добры зыход уцёкаў і сапраўды было малавата. На захадзе — Чачня, на поўначы — велізарны стэп, на поўдні — паселішчы з назвамі, якія ні аб чым не кажуць, на ўсходзе — Каспійскае мора... Ды і вакол завода час ад часу з'яўляліся нападнікі — лавілі ўжо, значыць, рабоў для сябе. Хадзілі чуткі, што аднаго мужчыну сілком зацягнулі ў горы. А што там з ім здарылася, ніхто не ведае... Другі ж пабегаў некалькі дзён і вярнуўся назад: карты няма, тамтэйшай мовы не ведае. Куды падацца? Ды і людзі славянскай знешнасці ў сельскай мясцовасці амаль не сустракаюцца, таму мясцовыя вельмі добра распазнаюць чужынца.

Так мы мучыліся паўгода. А ўсяго на цагельні працавала 12 чалавек з Расіі і Беларусі. Любым спробам стварыць калектыў прыходзіў канец — кантроль за гэтым быў жорсткі. Калі ж хтосьці хварэў — ніякага належнага лячэння ён не атрымліваў. Кармілі, як у нямецкім канцлагеры ў гады вайны: рэдзенькі суп, у якім плавала адна-адзіная бульбіна, посная каша з проса, хлеб з ледзь-ледзь падфарбаванай вадзічкай, якую называлі гарбатай. Кармілі так, каб элементарна не памерці з голаду, і не больш за тое. За паўгода я страціў 17 кілаграмаў вагі. Ніякага намёку на гігіену не было — хадзілі ў рубішчы, пралі яго і самі мыліся пад вадаспадам. Жылі ў бараку, дзе адзінай радасцю была печ, якую склалі самі. Прагрэс цывілізацыі адчуваўся толькі ў адным: нам дазвалялася глядзець навіны па старэнькім тэлевізары.

Вызваленне

У студзені на завод прыехалі людзі. Адзін з іх падышоў да нас і ціхенька распытаў, як і што. Сказаў: ці хочаце, маўляў, вярнуцца дадому? Вядома ж, адказалі станоўча. І ў ноч з 23 на 24 супрацоўнікі Кіраўскага ўпраўлення паліцыі вярнулі нам волю.

Толькі пасля вызвалення даведаліся, што знаходзіліся ў сяле Чырвонаармейскім паблізу Махачкалы. Маці мне расказала, што яна дабілася таго, каб мяне аб'явілі ў вышук. Звярталася яна і ў праграму "Чакай мяне". Але жылі мы ў Дагестане, як у гета: інфармацыя звонку дазіравалася.

Цяпер хачу крыху адпачыць пасля ўсяго перажытага. Потым пайду шукаць працу. Калі ж падвернецца варыянт з іншай краіны — уладкоўвацца на працу буду выключна па правілах, з афармленнем усіх неабходных папер. Досыць мне прыгод...

***

Кіраўнік пошукава-выратавальнага атрада "Анёл" Сяргей Коўган:

— З намі выйшаў на сувязь расійскі моладзевы рух "Альтэрнатыва". Яго прадстаўнік паведаміў, што хутка будзе праводзіцца аперацыя па вызваленні людзей з рабства. Папрасілі дапамагчы. Мы звязаліся з Пасольствам Беларусі ў Расіі, Міністэрствам унутраных спраў краіны. Разам з таварыствам Чырвонага Крыжа падрыхтавалі для вызваленых ежу, цёплую вопратку. Калі беларусы афармлялі неабходныя паперы на праезд у пасольстве ў Маскве, званілі ім кожныя дзве гадзіны, каб даведацца, як у іх ідуць справы.

Увага і пільнасць

Па звестках грамадскага аб'яднання "Клуб дзелавых жанчын", самымі прывабнымі краінамі для выезду лічацца Расія, Польшча, Германія, ЗША, Чэхія, Турцыя, Вялікабрытанія і Італія. Сустракаюцца і такія экзатычныя дзяржавы, як М'янма, Бахрэйн, Малі. Прычыны ад'езду людзей розныя: адзін хоча зарабіць грошай, другі жадае ўзяць шлюб з замежнікам, трэці мае намер пераехаць за кардон на пастаяннае месца жыхарства... Як жа засцерагчыся ад раптоўнай змены статусу свабоднага грамадзяніна на статус бяспраўнага раба? Спецыялісты раюць звяртацца пры пошуку працы толькі ў ліцэнзаваныя арганізацыі і самым уважлівым чынам чытаць тэкст працоўнага дагавора да апошняй кропкі.

— Самы надзейны варыянт знайсці працу па-за Беларуссю і не трапіць пры гэтым у рабства — звярнуцца па дапамогу ў спецыяльную фірму, якая мае ліцэнзію на працаўладкаванне ў замежжы. Пералік гэтых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў знаходзіцца на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў раздзеле "Грамадзянства і міграцыя" ў асобным файле. Па стане на 31 студзеня іх было 75. Аднак у фірмы яшчэ павінна быць і ліцэнзія на ўладкаванне менавіта ў канкрэтную краіну, — адказалі "Звяздзе" на інфармацыйнай "гарачай лініі" па супрацьдзеянні гандлю людзьмі 113.

Калі кліент хоча скарыстацца паслугамі такой арганізацыі, то ён павінен заключыць пасрэдніцкі дагавор. Згодна з ім, фірма павінна знайсці працадаўцу, а шукальнік — аплаціць яе паслугі. Важны момант: плаціць трэба толькі пасля заключэння дагавора на працаўладкаванне і захаваць квіток. Дамова павінна існаваць выключна ў пісьмовым выглядзе. Там павінны быць змешчаны ўсе падрабязнасці: тэрмін працы, зарплата, хто аплачвае праезд, сацыяльны пакет... Любое пытанне, хоць і самае маленькае, трэба поўнасцю вырашаць дзеля ўласнай жа бяспекі. Неабходна звяртаць увагу на тое, якая адкрываецца віза — турыстычная альбо працоўная, бо пасля памяняць яе статус будзе немагчыма.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Тэлефон інфармацыйнай гарачай лініі па супрацьдзеянні гандлю людзьмі — 113.

←Люди и куклы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика