Як зрабіць сваю кватэру "эканомнай"?

Источник материала:  
Віктар НІКАЛАЙЧЫК, генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства "Гроднааблпаліва":

— У сэнсе эканоміі вады і газу ў нашай кватэры дапамагаюць лічыльнікі. Што тычыцца электрычнасці, цяпла і іншага, заўважу — навукова-тэхнічны прагрэс набірае такія каласальныя абароты, што звышэканамічныя лямпачкі, тэлевізары, іншая электроніка і бытавая тэхніка, якія яшчэ некалькі гадоў таму былі на перадавых пазіцыях, сёння ўжо на парадак, а то Як зрабіць сваю кватэру "эканомнай"?і ў разы саступаюць лідарства новым тэхналогіям і вынаходкам. Справа за нямногім: быць у курсе ўсяго новага, перадавога, падлічыць усе "за" і "супраць" і прыняць найбольш рацыянальнае для сям'і рашэнне — што і ў якія тэрміны абнаўляць у залежнасці ад сваіх магчымасцяў і запатрабаванняў. Не шкодзяць эксперыменты: напрыклад, аддаць перавагу электрачайніку ці звычайнаму, што свішча на газе. У год беражлівасці асабліва актуальным лічу беражлівыя і клапатлівыя адносіны да родных людзей, якія сумесна пражываюць. Менавіта ўзаемаразуменне і падтрымка адзін аднаго дазваляюць захаваць не толькі посуд ад разбівання, але і нервовыя клеткі.

  Уладзімір ЛОГАШ, інжынер-будаўнік, г. Гродна:

— У беларусаў здаўна ёсць мудрасць, што сапраўдны гаспадар — гэта той, хто выйшаў з хаты, ідзе па падворку і знаходзіць рубель. Варочаецца назад — знаходзіць два рублі! У мінулым стагоддзі амерыканскі вучоны славянскага паходжання Цярэшчанка распрацаваў тэму аб "эфекце дробязяў". З імі ў штодзённым побыце мы сустракаемся пастаянна: то кран падцякае, то змыўны бачок у прыбіральні не трымае ваду, то лямпачка надта ярка гарыць... Напрыклад, я паступова з кожнай пенсіі, якая, дарэчы, сціплая, купляю энергаэфектыўныя лямпачкі на замену звычайным. А ў летні перыяд на сваім дачным участку атрымліваю 4-5 літраў гарачай вады дзякуючы 15-метроваму шлангу, які каля дзвюх гадзін ляжыць на сонцы. Гэтага хапае перамыць посуд і на іншыя патрэбы. І яшчэ. З ранняй вясны пачынаецца буйны рост пустазелля. Вакол дачы, у лесе, на беразе Нёмана з'яўляюцца крапіва, макрыца, дзьмухавец, скрыпень, стрэлкі ... Усе гэтыя расліны — крыніца вітамінаў, мікраэлементаў, іншых карысных рэчываў, гэта цудоўныя дабаўкі ў супы і салаты.

  Ірына ЧАРНОВА, пенсіянерка, г. Ваўкавыск:

— Заняткі ў Школе энергазберажэння, якія былі арганізаваны Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ваўкавыскага раёна для людзей пенсійнага ўзросту, дазволілі мне змяніць стаўленне да вядзення хатняй гаспадаркі і ўліку сямейнага бюджэту. Каб зрабіць сваю кватэру "эканомнай", а вядзенне гаспадаркі эфектыўным, я правяла хатні энергааўдыт. Улік спажывання рэсурсаў выявіў нерацыянальнае выкарыстанне сямейнага бюджэту. Зрабілі адпаведныя высновы, і цяпер наша сям'я жыве па простых, але разумных правілах. Выключаем святло ў пакоях пры выхадзе з іх, эканомна выкарыстоўваем ваду пры мыцці, радзей карыстаемся мікрахвалевай печчу для разагравання ежы, уцяплілі вокны і дзверы, часткова замянілі старую бытавую тэхніку. А яшчэ мы вырашылі зрабіць рамонт па правілах "карыснага" дызайну. Лічу, што комплексныя меры эканоміі ў побыце — гэта не толькі ў інтарэсах сямейнага бюджэту, але і крок да гармоніі ў душы і жыццеўладкаванні.

Падрыхтаваў Барыс Пракопчык.

←Земля дорожает на глазах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика