Удод абраны сімвалам 2013 года

Источник материала:  

Упершыню “Птушкай года” ў нашай краіне стане прадстаўнік трапічнага па паходжанні атраду ракшападобных і сямейства ракшавых — удод (Upupa epops). Як паведаміў дырэктар “Аховы птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) Віктар Фянчук, арганізацыя абрала птушыным сімвалам гэтага года ў Беларусі адну з нашых найбольш яркіх птушак. Па традыцыі ў рамках кампаніі “Удод — птушка 2013 года” будзе арганізаваны шэраг конкурсаў і мерапрыемстваў, мэта якіх — не толькі прыцягнуць увагу да праблем гэтага віду, але і змяніць яго адмоўны “імідж”.

Віктар Фянчук нагадаў, што нацыянальная кампанія “Птушка года” праводзіцца АПБ з 2000 года. У мінулых гадах птушкамі года станавіліся белы бусел, белая пліска, івалга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі краншнэп і чорны стрыж. Чым жа ўнікальны новы сімвал года? Удоды лічыліся святымі птушкамі ў Старажытным Егіпце, былі намаляваны на сценах пірамід і храмаў. Згадваліся ў святых пісаннях — Бібліі і Каране. У 2008 годзе прадстаўнік гэтага віду быў абраны нацыянальнай птушкай Ізраіля.

Удод — птушка дзённая, актыўны з першых прамянёў сонца і да самага позняга вечара. На працягу дня вышуквае сабе здабычу — розных насякомых, якіх ён збірае на зямлі. Нягледзячы на невялікі памер, візуальна ўдод здаецца нашмат буйнейшым, асабліва ў палёце. У якасці месца пражывання перавагу аддае даволі адкрытай прасторы — лугам, узлескам, але можа гняздзіцца і ў блізкім суседстве з чалавекам: у сценах будынкаў, у будаўнічым смецці. Удоды — манагамныя птушкі. Свае пары яны захоўваюць усё жыццё.

Колькасць удодаў у Беларусі невялікая і не перавышае 20 тысяч пар. Існуе шэраг праблем, якія датычацца ўдода і патрабуюць вырашэння, адзначае дырэктар АПБ. У прыватнасці, дагэтуль невядомы арэал распаўсюджання ўдода і дакладная колькасць гэтага віду ў Беларусі. Акрамя таго, удод, як і іншыя птушкі, якія селяцца ў дуплах, часта сутыкаецца з недахопам месцаў для гнездавання. У сувязі з існуючымі праблемамі ў бягучым годзе АПБ плануе правесці біятэхнічныя мерапрыемствы па вырабе і размяшчэнні штучных гнёздаў для ўдода. Плануецца таксама правесці ўлік гэтага віду ў рэгіёнах Беларусі.

←Мне бы помидорчиков, Саманта... Степановна

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика