Божае Нараджэнне — свята веры

Источник материала:  

Пастырскае Пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2012 г.

“Абвяшчаю вам вялікую радасць: нарадзіўся
сёння Збаўца, якім
ёсць Хрыстус Пан”
(Пар. Лк 2, 10-11).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтымі словамі Евангелля ад усяго сэрца вітаю вас у радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, свята нашай хрысціянскай веры, свята, якое з’яўляецца адным з найбольш славутых і любімых ва ўсім свеце. У касцёлах яслі з Немаўляткам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі. Над яслямі мігаціць Бэтлеемская зорка, заклікаючы іх наведаць. У дамах упрыгожаныя ёлкі з падарункамі пад імі. Вясёлыя і прыгожыя калядкі і ціхая мелодыя Божага Нараджэння. Усё гэта зачароўвае і напаўняе чалавека радасцю і супакоем. Усе мы, нягледзячы на наш узрост і пасаду, у гэтае свята становімся падобнымі да дзяцей, якія асабліва яго любяць.

Але ці вонкавая прыгажосць гэтага свята на самай справе адгукаецца рэхам рэальнай падзеі, якая павінна мець месца ў нашых душах? Радасць і супакой Божага Нараджэння — гэта толькі вонкавае выражэнне святочнага настрою ці сапраўднае праяўленне актуальнай падзеі нараджэння Збаўцы Яго ласкай у нашых сэрцах? Божае Нараджэнне — гэта свята рэлігійнае ці толькі традыцыйнае? Такія і падобныя пытанні мы павінны задаваць сабе сёння, калі свет перажывае крызіс веры і калі цунамі секулярызму з традыцыйна хрысціянскіх краін чыніць духоўную пустыню.

Год веры, які мы адзначаем, заклікае нас глядзець на ўсё вачыма веры. Таму ў яе святле адносна свята Божага Нараджэння можа быць толькі адзін адказ — гэта боска-чалавечае свята. Нягледзячы на ўсё тое, што нам найбольш падабаецца ў свяце Божага Нараджэння, яно тым не менш з’яўляецца рэальнасцю і павінна быць часткай нашага жыцця. Бо хрысціянства, як навучае папа Бэнэдыкт XVI, — гэта не этычны выбар ці нейкая вялікая ідэя, але спатканне з Хрыстом, які надае жыццю новую перспектыву (пар. DCE 1). Таму хрысціянская вера адносіцца да асобы Езуса Хрыста і праяўляецца ў асабістых адносінах з Ім, які праз таямніцу ўцелаўлення Бога прыходзіць да нас.

У цэнтры свята Божага Нараджэння знаходзіцца Немаўлятка Езус — уцелаўлёны Сын Божы, — і ўсё павінна канцэнтравацца вакол Яго. Сутнасць Божага Нараджэння ў тым, што Бог прыйшоў у гэты свет у вобразе чалавека і перамяніў духоўную цемру ў святло Евангелля. Праз гэтае свята падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, павінна стаць рэальнасцю ў нашых сэрцах і заставацца там, каб праз веру ў таямніцу ўцелаўлення Бога сфармаваць новы погляд на жыццё.

2. Калі б мы глядзелі на Нараджэнне Езуса толькі з біялагічнага пункту гледжання, то яму трэба было б адрасаваць словы Ёва са Старога Запавету: “Чалавек, народжаны жанчынай, недаўгавечны і перапоўнены журботамі: нібы кветка, ён выходзіць і ападае; уцякае, як цень, і не спыняецца” (Ёв 14, 1-2). Гэта азначае, што ў такім выпадку Божае Нараджэнне не значыла б больш, чым вузенькі прамень святла, які з’яўляецца і адразу знікае. Тады абяцанае Богам святло жыцця было б толькі ілюзіяй.

Аднак калі мы з верай святкуем Божае Нараджэнне, то разумеем, што гэтая падзея ўвайшла ў свет і ў кожнага з нас, што яна змяняе свет і нас. Гэта падзея з’яўляецца мэтай усяго стварэння, якое сваё спаўненне знайшло ў Хрысце, як цэнтры гісторыі чалавецтва. Гэтая падзея змяніла прыказку, якая кажа, што пад сонцам няма нічога новага. Гэта падзея, дзякуючы якой ноч цяжкасцяў нашага жыцця перамянілася ў святую ноч, бо ў яе ўвайшоў Пан усяго стварэння. Ён ужо больш не глядзіць на нас і на нашае жыццё здалёк, але знаходзіцца сярод нас — Бог з чалавечым тварам і сэрцам, Бог блізкі і міласэрны.

3. Дзякуючы таму, што Бог стаў чалавекам, змяніўся свет і змянілася чалавечае жыццё, бо Ён увайшоў у іх. Яго лёс пераплёўся з нашым. Уцелаўлёны Сын Божы не атрымаў ніякіх прывілеяў. Замест іх прыняў на сябе нашыя цяжкасці і цярпенні: голад, смагу, смутак, змучанасць, варожасць іншых людзей, пераслед і нарэшце смерць. Бязмежнасць Бога ў Хрысце прыняла чалавечыя абмежаванні.

Праз сваё ўцелаўленне Бог прамовіў да чалавека найбольш прыгожымі словамі: “Я люблю цябе, люблю гэты свет, люблю ўсё чалавецтва!” Гэтая любоў патрабуе адказу з боку чалавека. Пры гэтым Бог нікога не змушае гэтага чыніць. Бог дае чалавеку магчымасць сказаць “так” ці “не”.

Дзякуючы ўваходу Бога ў жыццё чалавека гэты свет змяніўся і працягвае змяняцца, бо ў ім ёсць прысутны ў чалавечым вобразе Бог, які не дазваляе, каб нашыя цяжкасці былі большымі, чым Яго, і дае сілы іх перамагчы. Гэтым самым Ён пацвярджае, што ноч гэтага свету скончылася і настаў доўгачаканы дзень.

4. На жаль, нашыя сэрцы не заўсёды хочуць прызнаць гэты факт. У выніку чаго паранак Божага Нараджэння не світае ў нашым жыцці. Імкненне ж да грахоўных задавальненняў з’яўляецца толькі пацвярджэннем неразумення неабходнасці прысутнасці Божага Нараджэння ў нашым жыцці.

Трэба зразумець таксама і тое, што Божае Нараджэнне — гэта не сентыментальнасць, не паэзія і не дзіцячы рамантызм, але вера, якая збаўляе чалавека; вера ў тое, што Бог стаў чалавекам для нас і для нашага збаўлення і сваёй крыжовай смерцю і ўваскрасеннем сказаў апошняе слова ў драме гісторыі гэтага свету. Таму святкаванне Божага Нараджэння павінна адбіцца моцным рэхам у глыбіне нашых сэрцаў. Тады Бог народзіцца ў іх, падобна таму як Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, каб свята Божага Нараджэння працягвалася вечна.

5. А як з намі? Ці свята Божага Нараджэння з’яўляецца святам глыбокай веры? Ці яно ёсць святам святла, якое заззяла ў цемры і асвяціла зямлю, каб стаць санктуарыем нашага жыцця? А можа, яно — гэта толькі прыгожая традыцыя?

Тут трэба прыгадаць, што свята Божага Нараджэння атрымала свой адметны вобраз толькі ў IV стагоддзі, калі замяніла рымскае свята так званага непераможнага бога сонца, указваючы на нараджэнне Хрыста як на перамогу праўдзівага святла.

Асаблівае значэнне ў развіцці традыцый і паглыбленні сэнсу Божага Нараджэння належыць святому Францішку Асізскаму, які наглядным чынам у яслях паказаў праўду безабароннай і бязмежнай любові Бога, Яго пакору і дабрыню, якія вучаць нас новай форме жыцця і любові, дзякуючы якой Бог стаў адным з нас — Эмануэлем.

Папа Бэнэдыкт XVI, у той час кардынал Ёзаф Ратцынгер, казаў, што, хто не зразумеў таямніцы Божага Нараджэння, той не зразумее сутнасці хрысціянства. Хто яго не прыняў, не можа ўвайсці ў Нябеснае Валадарства. Аб гэтым хацеў прыгадаць свету святы Францішак Асізскі (пар. J. Ratzinger, Der Gott Jezu Christi, Munchen 1976, s. 57-61: BBN, s. 44).

Менавіта ён арганізаваў першыя жывыя яслі, дзе знаходзіліся хатнія жывёлы, сярод якіх былі вол і асёл. Адкуль яны там узяліся, калі пра іх не ўспамінае евангельскі аповед аб нараджэнні Хрыста? Да іх вядзе вера Касцёла. Ужо прарок Ісая казаў: “Вол ведае свайго ўладальніка і асёл — жолаб гаспадара свайго; але Ізраэль не ведае, Мой народ не разумее” (Іс 1, 3). Кардынал Ёзаф Ратцынгер падкрэслівае, што Айцы Касцёла ў гэтых словах бачылі прароцтва, якое ўказвае на новы Божы народ, які складаецца з выбранага народу і язычнікаў. Перад Нараджэннем Хрыста людзі не разумелі сэнсу гэтага прароцтва, але Немаўлятка Езус, якое знаходзілася ў яслях, адкрыла ім вочы, так, што ў простых яслях яны разпазналі свайго Пана (пар. BBN, s. 45).

6. А мы? Ці раcпазнаём мы?

Жывёлы пазнаюць Бога, а Мой народ не, — кажа прарок Ісая (пар. Іс 1, 3). Гэтыя словы актуальныя і ў наш час. Хто сёння не разумее і не прымае Бога? Як і па чым можна распазнаць Яго? Чаму вельмі часта здараецца так, што людзі простага і чыстага сэрца пазнаюць Бога і жывуць Яго праўдай, а занадта разумныя — знаходзяцца далёка ад Яго?

Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна вярнуцца да сцэны Божага Нараджэння, якую прадстаўляе нам Евангелле. Хто пазнаў прыйсце Пана, а хто не? І чаму так сталася?

Да тых, хто не пазнаў прыйсця Збаўцы ў свет, належыць Ірад. Нават калі мудрацы з Усходу распавялі яму аб гэтай гістарычнай падзеі, ён у сваёй духоўнай слепаце, боязі згубіць уладу і маніі пераследу не пазнаў Яго (пар. Мц 2, 3). Да іх належыць і ўвесь Ерузалем, належаць апранутыя ў мяккія адзенні знатныя асобы (пар. Мц 11, 8) — гэта азначае тыя, якія клапоцяцца выключна аб сваім багацці; належаць кніжнікі і фарысеі, якія добра ведалі Божую праўду, але ёю не жылі (пар. Лк 20, 46 ).

Тыя ж, хто Яго распазнаў, былі простымі пастушкамі з чыстым сэрцам і шукаючымі праўды мудрацамі з Усходу.

А як ёсць з намі? Можа, мы знаходзімся далёка ад ясляў, бо лічым сябе асаблівымі і самадастатковымі? Можа, нашая адукацыя і ганарлівасць не дазваляюць нам наблізіцца да ясляў і пакланіцца нованароджанаму Збаўцу? Можа, сучасныя ўплывы секулярызму і лібералізму, жыццё так, як быццам Бога зусім няма, дух спажывальніцтва, матэрыялізму і прапаганда ідэі першынства мець над быць, недахоп духоўнай свабоды, якая ёсць падмуркам кожнай іншай свабоды, вера толькі ў тое, што бачна і што можа даказаць навука, адмаўленне ад духоўнасці, памяншэнне годнасці чалавечай асобы і сям’і як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, рознага роду залежнасці, высокая пасада і г. д. не дазваляюць нам з пакорай стаць перад яслямі і задумацца над таямніцай уцелаўлення Бога, якая змяніла свет, каб з верай яе прыняць?

А можа, мы згубіліся ў сучасных ліберальных і нязгодных з духам Касцёла інтэрпрэтацыях Святога Пісання, у доказах аўтэнтычнасці гістарычнага месца і часу Нараджэння Збаўцы, так, што ўжо не можам ні ўбачыць, ні пачуць Немаўлятка Езус? Ці мы часам не занадта моцна ўладкаваліся ў нашым Ерузалеме, у растучых як грыбы пасля дажджу вакол нашых гарадоў палацах, і замкнуліся ў сабе, у нашай самадастатковасці і г. д., так, што не чуем голасу анёлаў, якія абвяшчаюць Нараджэнне Збаўцы і заклікаюць пайсці да ясляў і пакланіцца Яму (пар. Лк 2, 10-12)?

У сучасным свеце вельмі шмат гаворыцца пра правы чалавека і пра іх парушэнне. Гэтаму няма чага дзівіцца, бо там, дзе губляецца вера і сэнс Божай годнасці, не захоўваецца таксама і годнасць чалавека. Сваім уцелаўленнем Бог вярнуў грэшнаму чалавеку яго годнасць як створанага па вобразу і падабенству Божаму (пар. Быц 1, 27), што надае святу Божага Нараджэння яшчэ большае і нязменнае значэнне.

У сённяшнюю святую ноч Нараджэння Хрыста фігуры з ясляў глядзяць на нас з пытаннем: “Ці ты, сучасны чалавек, разумееш, што табе кажа Бог?” (пар. BBN, s. 46-47), “Ці рэлігія сапраўды яднае цябе з Богам, які нясе шчасце?”

7. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. паўсюль з’явілася шмат плакатаў з надпісам: “Рэлігія — опіум для народу”. Аднойчы адзін веруючы чалавек сеў у брычку і папрасіў адвезці яго дамоў. Па дарозе яны сустрэлі вялікі плакат з такім надпісам. Фурман прачытаў яго і сказаў: “Якая выдатная думка! Вось я захварэў і пайшоў да лекара, які мне даў крыху опіуму, і ўсё прайшло. Таксама і з рэлігіяй. Калі жыццё становіцца нязносным, неабходна памаліцца, і на душы стане лягчэй”. Напэўна, такой трактоўкай не былі б задаволены тыя, якія ў часы ганенняў прапагандавалі думку аб рэлігіі як опіуме для народу. А што сказаў бы Карл Маркс — аўтар гэтага слогану?

Людзі опіумам ці іншымі наркотыкамі стараюцца зняць стрэсы, забыцца, адысці ад сваіх клопатаў і г. д. Гэтым, аднак, яны не вырашаюць праблемы, а толькі нішчаць саміх сябе. Фурман з гэтага аповеду гаварыў, што дзякуючы малітве чалавек знаходзіць супакой у цяжкай сітуацыі, але не казаў, што малітва разбурае яго жыццё.

8. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Сёння мы святкуем прыйсце Бога ў свет, каб яго асвяціць і даць нам вечнае жыццё. Гэтая падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму, адбываецца і ў наш час і завершыцца другім прыйсцем Хрыста напрыканцы часоў. Хрысціянства — гэта сустрэча з асобай, з Богачалавекам, вера ў якога з’яўляецца фундаментам нашага аптымізму. Дзякуючы свайму ўцелаўленню Бог напаўняе сабой нашае жыццё. Таму Нараджэнне Хрыста — гэта праўда нашай веры. Мы павінны яе вызнаваць усё наша жыццё, каб яно стала нашым Бэтлеемам, каб праз нас Бог быў прысутны на зямлі.

Божае Нараджэнне, будучы бясцэнным дарам, адначасова з’яўляецца і заданнем. Самай вялікай трагедыяй будзе тое, калі ў мітусні сучаснага свету мы не ўбачым нованароджанага Збаўцу і не дазволім Яму ўвайсці да нас, каб нас перамяніць. Няхай жа Бог дае нам прастату сэрца і імкненне да пазнання праўды, каб вачыма веры мы маглі ў Немаўляці, якое знаходзіцца ў яслях, убачыць бязмежнага Бога, які ў чалавечым целе прыйшоў у гэты свет, каб сваёй прысутнасцю яго змяніць. Тады мы вернемся да нашых дамоў з узмоцненай верай і з радасцю праслаўляючы Бога за ўсё, што чулі і бачылі (пар. Лк 2, 20).

Са святам, дарагія!

Віншую католікаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць Нараджэнне Хрыста. Віншую праваслаўных, якія перажываюць пост і рыхтуюць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Праўда аб уцелаўленні Бога павінна аб’ядноўваць нас у веры і змаганнях дзеля яе чысціні, захавання хрысціянскіх каранёў, будавання жыцця на духоўных каштоўнасцях, што з’яўляецца нашым самым вялікім і актуальным заданнем у час крызісу веры.

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Няхай свята Божага Нараджэння стане святам усіх людзей! Няхай унясе ў нашае асабістае жыццё і жыццё нашага грамадства супакой і ўзаемнае разуменне! Няхай прынесенае Хрыстом святло асвятляе наш жыццёвы шлях! Няхай усім нам спадарожнічае радасць і шчасце!

Божае Дзіцятка, падымі сваю руку і благаславі нашу Бацькаўшчыну — Беларусь!
На знак духоўнай еднасці з усімі вамі, браты і сёстры, дзялюся аплаткай і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, |– і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 8 снежня 2012 г.
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Benedictus XVI, Encyclica “Deus caritas est” (DCE).
2. Josehp Kard. Ratzinger/Bebedykt XVI, Blogoslawienstwo Bozego Narodzenia, Krakow 2006 (BBN).
3. Karl Rahner, The great Church Year, New York 1993.

←Каб кожнае слова — ды ў добрую глебу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика