Каб кожнае слова — ды ў добрую глебу
Падпіска-2013
"Калі мы сапраўды беларусы, то павінны ведаць сваю мову і выпісваць "Звязду"Шматлюдна цяпер на поштах краіны. Яно і зразумела: людзі спяшаюцца "аддаць даўгі" — камунальнікам, банкам, аператарам мабільнай сувязі, замовіць падарункі ад Дзеда Мароза, купіць віншавальныя паштоўкі, аформіць падпіску...
На галоўнай пошце Шчучына зрабіць гэта можна ў Снягуркі, без чаргі: у аперацыйную залу вынесены спецыяльны столік. Там каталог — з пералікам безлічы выданняў, там асобныя газеты і часопісы... І менавіта там (хай на нейкую гадзіну-другую) з'явілася днямі... працоўнае месца журналістаў "Звязды".
Расказваць пра сваё выданне яны, вядома ж, могуць... Найперш таму, што любяць яго. І маюць што сказаць. Як-ніяк за спінай газеты 95 гадоў гісторыі, шэраг дадаткаў ("Местное самоуправление", "Чырвоная змена", "Краіна здароўя", "Жырандоля"...), правераныя часам, любімыя чытачамі рубрыкі "Хатняя энцыклапедыя", "Крынічка", "Алё, народ на провадзе!", "Фотаслова", імёны калег — у тым ліку аўтараў кніг і фотаальбомаў...
Але ж куды больш пераканаўча гучаць выступленні чытачоў, тых, дзеля каго, уласна, працуем.
У Шчучын на прэзентацыю "Звязды" з вёскі Балічы (за 14 кіламетраў!) прыехала Ніна Паўлаўна Бакун. Расказала ўсім, што пасябравала з газетай... 36 гадоў таму, што пакуль настаўнічала, знаходзіла ў нас вельмі шмат матэрыялу, патрэбнага для працы. Ды і цяпер "інфармацыі — на які хочаш густ":
— Маеш участак зямлі — прачытаеш, як вырасціць добры ўраджай, — казала падпісчыца, — любіш гатаваць — знойдзеш рэцэпты, цікавішся літаратурай, паэзіяй — будзеш у курсе ўсіх навінак, узнікнуць праблемы са здароўем — газета падкажа ратунак... Добра, што выходзіць у колеры і пяць разоў на тыдзень. Але ж самае галоўнае, што ўсё там напісана на нашай роднай мове. І таму — калі мы сапраўды беларусы — то павінны ведаць яе, павінны выпісваць "Звязду"...
Нельга казаць, што да гэтай высновы людзі адразу ж прыслухаліся і сталі афармляць падпіску. Але ж слова — яно, як зерне: мае ўласцівасць "узыходзіць" пазней. Галоўнае — кінуць яго ў добрую глебу. Мы спрабавалі гэта зрабіць. А яшчэ — пакінулі на ўспамін пра газету прыгожыя календары і віншавальныя паштоўкі, добрыя кнігі, а таксама (дзякуючы журналістам мясцовага радыё) найлепшыя пажаданні шчучынцам на Новы год.
— Падпіску пакуль аформілі далёка не ўсе, — казаў начальнік вузла паштовай сувязі Уладзімір Тадэвушавіч Федасевіч. — Любім мы ўсё адкладваць на апошні дзень... Але ж часу яшчэ трохі застаецца. Нашы паштальёны і аператары працуюць. Думаю, на леташні ўзровень раён па "Звяздзе" выйдзе.
А можа і прыбавіць? Калі, напрыклад, тыя, хто любіць газету, параяць яе іншым.
— Я ў свой час сваім суседзям прапанавала, — казала, прынамсі, Ніна Паўлаўна Бакун. — Яны засталіся задаволеныя, дзякуюць. "Звязда", у сваю чаргу, дзякуе Ніне Паўлаўне... Усім, хто і на новы год выбраў "Звязду", каб чытаць на роднай мове.
Валянціна Доўнар, Алена Міхайлічэнка.