Адвечная песня Гусляра

Источник материала:  

Знакамітая паэма Янкі Купалы “Курган” і цяпер жывая і хвалюючая, бо яна — як святая людская праўда

Іншы раз агорне цябе нешта трапяткое і шчымлівае, часцей за ўсё звязанае з далёкім дзяцінствам. Але вось, дзякуй Богу, гэта бывае не толькі далёкі ўспамін, не забытае і страчанае за многія дзесяцігоддзі, а вельмі важнае і патрэбнае для нас і цяпер, у наш тлумны час. Бо гэта часцінка, спадчына нашай душы, бясконца роднае і святое для беларусаў, яно перадаецца з пакалення ў пакаленне, як бясцэннае духоўнае багацце.

Школьнае сачыненне

Такія думкі навеялі на мяне радкі ў школьным сачыненні.

Галіна Лойка, вучаніца мінскай СШ № 16 (дырэктар Тамара Стрэльнікава), дзе-ліцца сваімі ўражаннямі ад паэмы Янкі Купалы “Курган”. Усяго дзве старонкі ў школьным сшытку, а дзяўчынка змагла вобразна і пранікнёна перадаць галоўнае ў знака-мітым творы. “Асабліва мяне ўразіла песня гэтага мудрага чалавека, — распавядае Галіна. — Ён разумее, што ад князя залежыць, жыць яму ці не. Але не магнату дыктаваць, якія песні павінны гучаць з Гусляровых струн. Ёсць толькі адна сіла, якой падпарадкоўваецца мастак, — гэта народ”.

Зачараванне душы

Магчыма, у нашых чытачоў з’явіцца пытанне: пры чым тут класічная паэма Янкі Купалы і школьнае сачыненне? Растлумачу: у 16-й мінскай школе шмат гадоў мая дачка выкладае беларускую літаратуру. Я і папрасіў яе: няхай старша-класнікі напішуць сачыненне на тэму, як яны ўспрымаюць цяпер паэму нашага народнага паэта “Курган”, што найбольш прывабнае, высакароднае і важнае знаходзяць у вобразе Гусляра.

Дачка прынесла мне ажно шэсць сачыненняў і рэферат. Усё гэта надзвычай цікава, бо пазначана радасным пачуццём першаадкрыцця, якое ахоплівае кожнага чалавека, калі ён апынецца ў цудоўным свеце, імя якому — паэзія Янкі Купалы.

Ах, як правільна і вобразна сказана, што Купала і Колас нас гадавалі! Зараз гутарка вельмі канкрэтная: якія пачуцці ў юнага чытача можа абудзіць паэма Янкі Купалы “Курган”? Як яна ўплывае на фарміраванне светапогляду маладога чалавека? Наколькі высокая і хвалюючая паэтыка твора, што валодае незвычайнай сілай зачаравання і прыцягнення?

Паспрабую раскрыць гэтую тэму на далёкім уласным вопыце і ўспрыманні неўміручай паэмы тымі самымі мінскімі школьнікамі ў наш час.

Не ад лёгкага жыцця

А пачалося ўсё вельмі празаічна, будзённа і не ад лёгкага жыцця. У цяжкую пасляваенную пару мне давялося тры гады — у восьмы, дзявяты і дзясяты класы — хадзіць у школу ажно за восем кіламетраў. Бо ў маёй роднай вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна наогул школы не было, а ў суседніх Борках — толькі сямігодка.

І вось пачынаецца навучальны год, я і шыбую пешшу па веды ажно восем кіламетраў і столькі ж — назад. І так кожны дзень. Колькі часу мінула з тае пары, а памятаецца. Добра, калі восенню заняткі ў першую змену. Устаеш рана-рана, бо дарога ў мяне забірала паўтары гадзіны, не менш. І то часта здаралася, што я ўлятаў у школу, калі на ўсю моц заліваўся званок на першы ўрок.

А калі заняткі ў другую змену? Ідуць апошнія ўрокі, а за акном цемень, і калі падумаеш, што табе трэба “адмахаць” гэтыя страшныя восем кіламетраў, проста бярэ жах.

З нашай вёскі ў тую дзеся-цігодку хадзілі двое: я і яшчэ адзін хлапчук, але ж яму купілі веласіпед. Мне ж даводзілася толькі пешшу.

“Паміж пустак, балот…”

Божа мой, як жа хацелася хутчэй адолець гэтую дарогу, а яна пралягала праз поле, з паўтара кіламетра праз лес і яшчэ праз лугі, розныя пагоркі. Што я толькі не рабіў, каб скараціць час. Выручалі… вершы. Шмат іх я ведаў на памяць, вось і чытаў уголас па дарозе — падбадзёрваў сябе, не так было страшна, і час ішоў хутчэй.

Часцей за ўсё чытаў паэму “Курган”. Менавіта яна лепш, чым іншая паэзія, адпавядала тады майму настрою, маім перажыванням.

Краявіды, аздобленыя лірыкай

Дык нешта ж вельмі падобнае я бачыў і адчуваў у мясцовых краявідах. У лесе, праз які крочыў, высока ў небе закінулі свае густыя вершаліны магутныя дубы. Самыя прыгожыя, сапраўдныя асілкі горда падступілі да дарогі. Дзе-нідзе ў наваколлі ўзнімаліся невысокія пагоркі, густа аплеценыя травамі. Старыя вяскоўцы казалі, што гэта даўнія курганы. Мы, вясковыя хлапчукі, калі восенню пасвiлі тут кароў, узбіраліся на гэтыя пагоркі, і намі авалодвалі нейкія незразумелыя пачуцці. Словам, нiбы ў Янкі Купалы: “Курганы шмат чаго нам гавораць”.

І калі я ўголас чытаў гэтую паэму, мне раптам адкрывалася незвычайнае. Летуценнае яе ўспрыманне і ўражанне так уздзейнічалі на вясковага хлапчука, што ў гэтых краявідах, такіх знаёмых і блізкіх, я бачыў нешта іншае. Перада мною ўставалі малюнкі і з’явы з далёкага мінулага гэтых мясцін, быццам рэхам адгукаліся праз многія гады галасы людзей, якія калісьці жылі ў навакольных вёсачках, на хутарах.

Хвалюючыя вобразы

І ўсё гэта было аздоблена цудоўнай і хвалюючай лірыкай Купалы, жывымі вобразамі зямлі, адвечнай песняй Гусляра. Такое ўспрыманне паэмы валодала маёй свядомасцю і сэрцам…

Канешне, тады і я, і іншыя мае аднакласнікі яшчэ не маглі поў-насцю спасцігнуць глыбокую філасофію твора. Але ж у вобразе Гусляра, у яго смелым учынку, мужнасці і адвазе мы перш за ўсё душою ўспрымалі высокую чалавечую праўду, годнасць, чыстае сумленне, непадкупнасць, высакароднасць гэтага простага беларуса. Менавіта такія рысы характару чалавека найбольш кранаюць юнацкія сэрцы.

Словам, паэма “Курган” на доўгі час захапіла мае думкі і пачуцці, дзе б я ні быў, чым бы ні займаўся, у галаву прыходзілі радкі з яе, іх я паўтараў і паўтараў.

Трыа на святочным вечары

Калі праходзілі паэму па школьнай праграме, настаўніца дала дамашняе заданне — вывучыць спачатку на памяць першыя тры раздзелы твора.

Як мне хацелася, каб на наступным уроку настаўніца выклікала мяне. Але ж літара Ш, з якой пачынаецца маё прозвішча, у канцы алфавіта, пакуль дойдзе чарга, дык і ўрок скончыцца. Што рабіць, думаў на ўроку. І свядома пайшоў на такую хітрасць: як толькі вучань збіваўся, чытаючы паэму, я падказваў. Настаўніца заўсёды злавалася на такое і на гэты раз не па чарзе, як у класным журнале, выклікала мяне. Мая хітрасць удалася, і я пачаў чытаць — без ніякіх запінак, з пачуццём, нават эмацыянальна. Словам, так, як кожны дзень дэкламаваў паэму па дарозе ў школу і назад дадому.

Скончылася ўсё тым, што аднойчы настаўніца сказала: “Курган” будзе чытацца на школьным урачыстым вечары з нагоды кастрычніцкіх свят. Але паколькі твор вялікі па свайму аб’ёму і аднаму вучню “адолець” яго за адзін раз нялёгка, дык разам выступяць трое — назвала мяне і яшчэ двух аднакласнікаў. Кожны прачытае сваю частку паэмы. Такое рашэнне настаўніцы мне не спадабалася, але што зробіш. І тады паэма ў выкананні нашага трыа была лепшым нумарам школьнага канцэрта.

“Чыткі” пад старым дубам

Мае, як бы мовіць, прыгоды з паэмай працягваліся. Нават летам, у час школьных канікул. Куды там да адпачынку на ка-нікулах — вясковыя хлапчукі разам з дарослымі зараблялі працадні ў бедным калгасе. За “палачкі”, што брыгадзір прастаўляў у нашых працоўных кніжках, у канцы года налічвалі нейкія капейкі.

Ну і галоўны наш занятак — пасвіць кароў. Не так цяжка і крыху весялей, бо мы мелі магчымасць забрацца са сваім статкам у прыгожы лес, які прывольна раскінуўся недалёка ад нашай вёскі. Тут у нас былі свае мясціны, надзвычай маляўнічыя, па-свойму таямнічыя і загадкавыя, — карацей кажучы, для душы. Мы вельмі любілі адзін узлесак, дзе рос магутны стары дуб. Ствол амаль у тры абхваты, густая разгалістая вершаліна — такое вось тварэнне пры-роды, якім захаплялася ўся вёска.

Мы, пастухі, лічылі сваім абавязкам як бы ні было, але ж кожны дзень завярнуць кароў на той узлесак, адпачыць пад дубам. У летнюю спякоту тут знаходзілі сваё выратаванне, густы цень ад дуба даваў прыемную прахалоду.

Аднойчы, калі мы сядзелі пад дубам, я прапанаваў сваім сябрам прачытаць паэму “Курган” — так мне карцела. У сяброў не было вялікага жадання на такую “чытку”, маўляў, трэба хоць летам адпачыць ад падручнікаў ды школьных заданняў. Тады я сказаў, што прынясу з дому паэму і тут, пад дубам, вывучым на памяць тыя часткі, якія забыліся. А потым зробім сваю “мастацкую самадзейнасць”. Пераканаў хлапчукоў, тыя згадзіліся.

Вясковы дзядуля і паэма

І вось на схіле летняга дня, калі крыху спадае гарачыня, на гэтым узлеску пад дубам чытаем паэму. Па чарзе, і кожны тую частку, якая яму больш падабаецца. Такая арыгінальная імправізацыя, якую маглі прыдумаць вясковыя пастушкі. Нам яна спадабалася, далей — болей, кожны з нас ужо “меў” у паэме сваю ролю і пры чытанні стараўся як найлепш выконваць яе. Карацей кажучы, мы былі адначасова і артысты, і слухачы. Праўда, хутка гэтую сітуацыю парушылі. І хто? Стары вясковы дзядуля. Вось як выйшла.

Наша чарговая “мастацкая самадзейнасць” пад дубам. Чытаем паэму і так захапіліся ёй, што не заўважылі, як прыклыпаў на ўзлесак гэты дзядуля. Ён, каб не спалохаць нас, прытаіўся ў густым арэшніку, які абступаў узлесак. Стаяў і ўважліва слухаў, не разумеючы, што ж адбываецца.

Калі мы скончылі “чытку”, дзядуля падышоў да нас і спытаў: “Хлопцы, пра што вы так гучна і прыгожа гаварылі?” Мы аж разгубіліся ад нечаканасці. “Ды паэму чытаем, школьнае заданне на канікулы паўтараем”, — паспрабавалі мы выйсці з няёмкага становішча, у якім апынуліся. “Паэму? — перапытаў стары. — А што гэта такое?”

Мы з вялікім задавальненнем расказалі дзядулю пра Янку Купалу і яго паэму.

— Ага, значыць, паэма — той самы вялікі верш. Хлопчыкі, дык чаго ж вы ў лесе з ім хаваецеся? — па-свойму ўспрыняў гэтую незвычайную сітуацыю дзядуля. — Пачытайце сёння вечарам у маёй хаце, няхай людзі паслухаюць.

…Зноў праглядаю сачыненні вучняў СШ № 16 Мінска. “Песня Гусляра прыносіла асалоду, якой тады не было ў жыцці, — разважае Паліна Васілеўская. — Яна дапамагала лю-дзям хоць на нейкі час забыцца пра нягоды. Вобраз музыкі-Гусляра асацыіруецца з чысцінёй чалавечых пачуццяў, думак, жаданняў…”

Таму і адвечная яго песня, а лірыка нашага песняра хоць далёкая па часе, ды блізкая па душы.

←Непокоренные Гридни

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика