З новым газам!

Источник материала:  

Добрая навіна

У аграгарадок Хмелева Жабінкаўскага раёна напярэдадні свят прыйшло блакітнае паліва

Да пачатку ўрачыстага мерапрыемства па запальванні газу заставаўся час. Выпадала пагаварыць з жанчынамі, якія прыйшлі загадзя. Яны найперш згадалі пра сваю галоўную славутасць. Бо ўсё добрае, што адбываецца апошнім часам у вёсцы, людзі звязваюць з галоўнай духоўнай апорай — манастыром. Свята-Праабражэнскі мужчынскі манастыр на ўклад жыцця вёскі, несумненна, уплывае апошняе дзесяцігоддзе. Сюды едуць паломнікі з усёй краіны, нават з-за яе межаў. Хмелеўцы ж ганарацца сваім манастыром. Яны лічаць, што буры, іншыя прыродныя ліхаманкі абыходзяць іх край дзякуючы малітвам манахаў. А манастыр, з аднаго боку, жыве сваім жыццём, а з другога — не адарваны ад жыцця вёскі.

З новым газам!

Былі аднойчы цяжкасці ў сельсавета са зборам грошай на грамадска-карысную справу. І сходы, і ўгаворы не мелі патрэбнага выніку. Не прасіла ні аб чым настаяцеля айца Серафіма кіраўнік мясцовай улады — проста той даведаўся ад прыхаджан, як горача абмяркоўваецца пытанне паміж людзьмі. І сказаў падчас пропаведзі ненавязліва і тактоўна, што ўнесці пасільны ўклад у справу добраўпарадкавання сваёй вёскі дастойна кожнага хрысціяніна. І зрушылася з месца, пайшло. З таго часу наогул лягчэй стала арганізоўваць людзей на што-небудзь карыснае. Як было і цяпер з кааператывам па газіфікацыі.

Госці, якія прыехалі на свята сімвалічнага запальвання факела, аднадушна адзначылі паспяховую работу сельсавета па падтрыманні парадку ў аграгарадку. Хто бываў тут летам, расказаў, якія прыгожыя клумбы разбіваюць у Хмелеве, колькі кветак расце ўздоўж вуліц і на падворках.

З новым газам!

Некалькі гадоў таму ў Хмелеве здавалі сучасную медыцынскую ўстанову — урачэбную амбулаторыю. Цяпер вяскоўцы атрымліваюць неабходную дапамогу на месцы ў добрых умовах. І вось яшчэ адно свята прыйшло ў вёску: сюды праклалі газ.

Як заўважыў падчас цырымоніі пачатку газіфікацыі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР, жыхары гэтай вёскі даўно прасілі газ, званілі на "прамую лінію" да губернатара, пісалі пісьмы. Асабліва прыемна адказваць на звароты менавіта такой акцыяй. "Стратэгічным праектам назваў газіфікацыю населеных пунктаў наш Прэзідэнт, — працягваў Канстанцін Сумар. — Была распрацавана дзяржаўная праграма газіфікацыі. Вынікам выканання яе і стала пракладка патрэбных камунікацый да вашай вёскі. Дзяржава выдаткавала вялікія сродкі. І сёння вы адчуеце новую якасць жыцця, складнікамі якой стануць цяпло і камфорт".

Удзельнікі вясковага сходу таксама даведаліся, што да 2020 года ў Жабінкаўскім раёне будуць газіфікаваны яшчэ чатыры аграгарадкі: налета газ прыйдзе ў Мацеевічы, праз год у Якаўчыцы, потым у Сцяпанкі і Крыўляны. Але гэта не азначае, што астатнія населеныя пункты назаўсёды застануцца без газу. Шэраг вёсак трапіў у план будаўніцтва падводзячага газаправода.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←Телефонный оскал

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика