Кантроль за дарогай каля школы ўзмацняецца
Старшакласніца Валерыя Панарад сочыць за бяспекай дарожнага руху каля школы.
Дзяржаўтаінспекцыя вынесла прадпісанне дырэктарам сярэдніх і сярэдніх спецыяльных устаноў па ўсёй Беларусі, каб яны ліквідавалі недахопы ў арганізацыі дарожнай бяспекі.Усе школы без выключэння павінны быць абгароджаныя. Перад варотамі школы неабходна усталяваць знак “Рух забаронены”.
Праезд на тэрыторыю школ дазволены толькі машынам, якія падвозяць прадукты ці, напрыклад, мэблю. На тэрыторыі школы нельга паркаваць машыны, можна толькі перад агароджай.
Пакуль адукацыйныя ўстановы не выканаюць усе патрабаванні, ДАІ будзе кантраляваць сітуацыю на дарогах каля школ і каледжаў. Пра гэта распавёў старшы інжынер па арганізацыі дарожнага руху маладзечанскай ДАІ Уладзімір Мумрыкаў.
Акрамя гэтага, каля школ, якія знаходзяцца побач з праезнай часткай, ужо кантралююць рух вучні старэйшых класаў і педагогі. Такое рашэнне прыняла абласная і раённая камісія па бяспецы дарожнага руху.
Стоп-мэны заўсёды прыйдуць на дапамогу
– Калі мы прапанавалі нашым гімназістам уступіць у атрад стоп-мэнаў, абыякавых не было, – гаворыць педагог-арганізатар гімназіі №3 Юлія Захаркевіч. – Сабралі атрад у колькасці 10 чалавек, разбілі па парах і правялі інструктаж па правілах дарожнага руху. Скіравалі ўвагу на такі дарожны знак, як “Рух без прыпынку забаронены”. У запасе ў нас ёсць яшчэ адзін чалавек, які заўсёды падменіць, калі хтосьці захварэе.
На пост маладыя стоп-мэны заступаюць у 8.20. У гэты час на ўрокі ідзе вялікі паток гімназістаў. Потым сваю працу яны працягваюць пасля пятага ўрока, калі большасць вучняў крочыць дадому.
Іх праца выглядае прыкладна так: калі дзеці ідуць у школу, адзін чалавек падымае знак “Рух без прыпынку забаронены”, а другі пераводзіць гімназістаў праз дарогу.
Бацькі хвалююцца
– Я ўсё роўна хвалююся за дзіця, – кажа маці Кацярына Івашанка. – Дарогу акультурылі, паклалі асфальт, але каб прайсці дзецям да прыпынку, трэба пераадолець некаторыя перашкоды. Пешаходная дарожка незаасфальтаваная, праз гразь не прайсці. Хаця зебра і недалёка, дзецям даводзіцца пераходзіць дарогу ў неналежным месцы. Няўжо складана было хоць бы дзве пліткі пакласці. Яшчэ адно з небяспечных месцаў для гімназістаў – перакрыжаванне каля чыгуначнага пераезда. А шмат дзяцей вяртаюцца з гімназіі дадому на Лясныя, на Віленскую ці ў бок вакзала. Машыны на гэтым скрыжаванні практычна не спыняюцца! І як не абчэплівай дзіця флікерамі, машына ўсё адно можа яго збіць. Дзякуй, што хоць тратуар каля гімназіі зрабілі.
Маршрут па святлафоры
У гімназіі №3 урокі асновы бяспекі жыццядзейнасці (АБЖ) праходзяць не толькі тэарэтычна, але і практычна. Настаўнік геаграфіі і АБЖ Віталь Закаблук вучыць дзяцей правільна пераходзіць дарогу на перакрыжаванні вуліц Віленскай і Чарняхоўскага, а таксама паміж аўтобуснымі прыпынкамі, якія знаходзяцца недалёка ад гімназіі.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.